Задачы агульныя


Напачатку аднаго з працоўных жнівеньскіх дзён інфармацыйна-прапагандысцкая група райсавета сустрэлася з калектывам раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Сабраўшыхся старшыня райсавета Г.В. Бондар адразу з’арыентавала на адкрытую жывую размову, паколькі многія мэты і задачы дэпутацкай дзейнасці і пажарных-выратавальнікаў у ходзе работы з людзьмі супадаюць. 



Улічваючы пераважна малады ўзрост супрацоўнікаў РАНС, больш падрабязна ў сваім выступленні Г.В. Бондар спынілася, згодна з тэмай адзінага дня інфармавання, на новай канцэпцыі жыллёвай палітыкі ў нашай краіне. Расказала пра сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна, работу раённага Савета дэпутатаў і інш.
Нагадала Галіна Віктараўна калектыву аб утрыманні сваіх домаўладанняў і бацькоў, пад’ездаў, дзе жывуць, ва ўзорным стане. Самі ж пажарныя ўваходзяць у склад аглядных камісій, у ходзе іх работы аналагічныя заўвагі робяць і жыхарам раёна.



Супрацоўнікі РАНС адрасавалі пытанні-прапановы галоўнаму ўрачу ЦРБ А.І. Федзянько наконт ажыццяўлення прыёму ўрачамі вузкіх спецыяльнасцей, унясення ў медкартачкі вынікаў абследаванняў, праводзімых у раёне ўрачамі з вобласці.
Аператыўную абстаноўку па правапарушэннях у раёне ахарактарызаваў намеснік начальніка РАУС В.А. Котчанка, аб асноўных напрамках работы камунальнай службы расказаў галоўны інжынер КЖУП «Хойніцкі камунальнік» С.У. Несцярэнка. Да яго была большасць пытанняў. Яны датычылі магчымасці падачы цепланосьбіту менавіта па факту халоднага надвор’я, не чакаючы ўстанаўлення вызначанага сярэднядзённага паказчыка тэмпературы, парадку выканання рамонту ў пад’ездах, выкарыстання сродкаў, якія пералічваюцца за тэхабслугоўванне дамоў.



Узняты праблемы пажарнымі адносна немагчымасці ноччу памыцца, бо гарачая вада не падаецца, узнаўлення асфальтавага пакрыцця на паркоўцы аўтамабіляў каля дзіцячай пляцоўкі ў мікрараёне «Юбілейны», рамонту дарожнага пакрыцця і ўваходных груп да дома па вул. Жукава, 9, наконт затопленага падвала дома па вул. К. Маркса, 10. Па вул. Качаткова, 1 канава і дрэнаж не чысцяцца, у пад’ездах шматкватэрнага дома па вул. Першамайская, 9  у мэтах эканоміі электраэнергіі лямпачкі, якія загараюцца-гаснуць па гуку, устанавілі, але рэле адпаведным чынам не настроілі – святло з’яўляецца і адразу ж прападае.
Па словах С.У. Несцярэнкі, праблемы камунальшчыкі стараюцца вырашаць па меры іх паступлення, адказы па ўзнятых пытаннях будуць падрыхтаваны для апублікавання ў раённай газеце.



Ірына ЛУКАШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *