Дастаткова зірнуць на манітор

Законнасць і парадак

Як хутка ўсё мяняецца ў гэтым свеце! Яшчэ зусім нядаўна сістэмы відэаназірання за тым, што адбываецца на гарадскіх вуліцах, плошчах, і ў іншых грамадскіх месцах, здаваліся атрыбутам далёкага ўрбаністычнага жыцця буйных мегаполісаў, які нічога агульнага не мае з павольнай правінцыяльнай рэчаіснасцю. Але ўжо і ў нашых Хойніках 80% аб’ектаў масавага наведвання людзей таксама аснашчаны ніколі не дрэмлючым і ўсёзаўважаючым электронным вокам. Падрабязней аб гэтым расказвае першы намеснік начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў В.А. Котчанка.



– Віталій Анатольевіч, якія месцы ў нашым горадзе абсталяваны сістэмамі відэаназірання?
– У першую чаргу ўстанавілі камеры відэаназірання на патэнцыяльна небяспечных у крымінагенных адносінах аб’ектах – пляцоўках каля рэстаранаў, кафэ, магазінаў, раённага Дома культуры, цэнтра культуры г. Хойнікі, гасцініцы і інш.



– Якія дадатковыя магчымасці гэта адкрыла для супрацоўнікаў органаў аховы правапарадку?
– Велізарныя: у гэтых месцах адразу зменшылася колькасць правапарушэнняў, а калі яны і адбываліся, то ўсе абставіны скурпулёзна фіксаваліся на камеру. У аднаўленні рэальнай карціны таго, што адбылося, камеры відэаназірання аказваюць нам неацэнную дапамогу: на іх бачна, хто і як сябе паводзіў, у які прамежак часу гэта адбылося (да долей секунды), якія прыкметы мае парушальнік або злачынца, якімі сродкамі (у тым ліку і транспартнымі) ён карыстаўся.



– Можна праілюстраваць гэта на канкрэтным прыкладзе?
– Напрыклад, яшчэ нядаўна адным з самых распаўсюджаных відаў злачынстваў у нас былі крадзяжы веласіпедаў. Прычым часцей за ўсё кралі іх каля магазінаў: адлучыўся чалавек на хвілінку, а «веліка» тым часам ужо і след прастыў…


З устанаўленнем сістэм відэаназіран-ня колькасць крадзяжоў веласіпедаў з 16 у мінулым годзе скарацілася да 5 у гэтым. Вось характэрны прыклад.
У мінулым месяцы ў нашым горадзе трэніраваліся і кватаравалі ў гасцініцы юныя футбалісты з расійскай сталіцы. На жаль, не ўсе з масквічоў былі законапаслухмянымі і сканцэнтраваны-мі толькі на ўдасканальванні футбольнага майстэрства. Адзін з іх «адзначыўся» тым, што незаконна прысвоіў сабе веласіпед аднаго з мясцовых жыхароў. А потым каля рэстарана «Палессе» рэалізаваў гэты транспартны сродак незнаёмаму мужчыне.
Пацярпеўшы неадкладна звярнуўся з адпаведнай заявай у наш райаддзел. І першае, што зрабілі аператыўнікі, прагледзелі адлюстраванне з камер назірання, устаноўленых на будынку гасцініцы. Там быў дакладна зафіксава-ны ўвесь працэс «экспрапрыяцыі» чужога веласіпеда. Тут трэба сказаць, што вінаваты быў ярка выражаным прадстаўніком негроіднай расы і пераблытаць яго адлюстраванне было проста немагчыма. Таму і прызнаўся распусны футбаліст у здзяйсненні гэтага свайго непрыгожага і крымінальна пакаральнага ўчынку. Праўда, суд, улічыўшы ўзрост абвінавачваемага і яго шчырае раскаянне ў зробленым, палічыў неабходным абмежавацца папярэджваннем маскоўскага госця аб недапушчальнасці падобных паводзін.



Лічу неабходным паведаміць аб тым, што ў цяперашні час у нашым раёне дзейнічае адзіная аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма «Веласіпед», якая ахоплівае ўсе раёны Гомельскай вобласці. Сутнасць яе ў тым, што ў  камп’ютэрнай базе даных рэгіструюцца ўсе наяўныя веласіпеды і таму прасачыць за іх рухам і абаротам намнога прасцей.
Усяго на сённяшні дзень на тэрыторыі нашага раёна ў карыстанні знаходзіцца 3730 веласіпедаў. Не Кітай, канешне, і не Галандыя з Даніяй, але таксама не мала.
– Якія далейшыя перспектывы сістэм відэаназірання ў нашым раёне?



– Сёння мы ставім задачу абсталяваць імі гарадскі парк, цэнтральную плошчу горада, пляцоўку насупраць гарадскога цэнтра культуры, тэрыторыі каля ўсіх магазінаў, у тым ліку і прыватнай формы ўласнасці. Індывідуальныя прадпрымальнікі манціруюць гэтыя сістэмы за свой кошт, але, думаецца, што наўрад ці яны застануцца ў пройгрышы. Відэаназіранне ў многім засцеражэ іх аб’екты ад злачынных замахаў, а камеры ўнутры магазінаў дазволяць наладзіць эфектыўны кантроль за выкарыстаннем рабочага часу, дапамогуць у выкараненні і вырашэнні рознага роду канфліктаў, прычыну якіх устанавіць будзе намнога прасцей – дастаткова толькі зірнуць на манітор.
У глабальным сэнсе мы разлічваем абсталяваць камерамі відэаназірання ўсе ўезды і выезды з горада – з боку Рэчыцы, Калінкавіч і Брагіна. Толькі ўявіце сабе – гэта адкрывае рэальныя магчымасці татальнага кантролю за рухам усіх транспартных сродкаў, што неацэнна пры расследаванні злачынстваў, вышуку вінаватых і інш. Прыемна, што важнасць гэтага кроку разумее і падтрымлівае нашы намеры кіраўніцтва раёна. Пакуль што справа ўпіраецца ў  фінансавыя сродкі, але, мяркую, што і гэтая праблема будзе паспяхова вырашана.


Запісаў Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *