Выхоўваць па ўсіх франтах


Як адзін з рычагоў уздзеяння на нядбайных бацькоў у 2006 годзе быў выдадзены Дэкрэт №18 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неспрыяльных сем’ях». Згодна з гэтым дакументам гора-бацькі  ў  абавязковым парадку павінны працаваць і 70 працэнтаў заробленых сродкаў  пералічваць  дзяржаве на ўтрыманне дзяцей.
Аб тым, як рэалізоўваюцца асноўныя палажэнні Дэкрэта ў адносінах працаўладкавання абавязаных асоб, інтэрв’ю намесніка начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароны райвыканкама С.М. Кушнера.



– Сяргей Мікалаевіч, відавочна, што за 7 гадоў дзеяння Дэкрэта № 18 у нашым раёне  склалася пэўная сістэма ўзаемадзеяння служб, адказных за выкананне Дэкрэта?
– Найбольш цесна наша ўпраўленне ўзаемадзейнічае з раённым аддзелам унутраных спраў і наймальнікамі.  Вядзецца  падбор рабочых  месц для асоб, абавязаных выплачваць расходы дзяржаве за ўтрыманне дзяцей у дзяржустановах. З уступленнем у сілу Дэкрэта № 18 да нас паступіла 177 пастаноў суда аб забеспячэнні здзяйснення выканаўчых дзеянняў у адносінах абавязаных асоб. На сёння 45 асоб гэтай катэгорыі працаўладкаваны службай занятасці ў сельгаспрадпрыемствах, а таксама ў ПМК, райспажыўтаварыстве, ПДРЭЗ, аддзеле адукацыі райвыканкама, на фабрыцы мастацкіх вырабаў, заводах гідраапаратуры і ТБЗ.



– Як вядома, абавязаныя асобы, у сваёй большасці, людзі са сваімі паняццямі аб абавязку і маральнасці. З якімі цяжкасцямі даводзіцца сутыкацца пры іх працаўладкаванні?
– Нядбайныя бацькі павінны працаваць, каб кампенсаваць расходы дзяржаве на ўтрыманне іх дзяцей. Вось чаму пры падборы арганізацый для іх працаўладкавання ўлічваецца ўзровень зарплаты. У інтарэсах грамадства мы стараемся дапамагчы ім уладкавацца на добра аплачваемую работу. Аднак у большасці выпадкаў выканаць гэту задачу не ўяўляецца магчымым. Перш за ўсё па той прычыне, што абавязаныя асобы, як правіла, не маюць якой-небудзь спецыяльнасці, ад гэтага і нізкі ўзровень заработнай платы. У асноўным яны заняты ў паляводстве, часам проста немагчыма перавесці палявода ў жывёлагадоўлю: жывёлу нельга пакінуць някормленай, а карову нядоенай. І калі многія з іх схільныя да здзяйснення прагулаў і злоўжываюць спіртнымі напіткамі, ім такі адказны ўчастак работы не давераць. Пры ўсім тым, што абавязаныя асобы маюць права на працоўны водпуск 7 каляндарных дзён у годзе, гэтая норма працоўнага заканадаўства не дазваляе ім у поўным аб’ёме кампенсаваць запазычанасць, маючы 2 і больш дзяцей і нізкую зарплату. Пагэтаму праводзім работу з наймальнікамі па павелічэнню занятасці абавязаных асоб на месцах. Нейкія пазітыўныя зрухі маюцца, у поўным аб’ёме  выплачваюць запазычанасць дзяржаве за ўтрыманне сваіх дзяцей С.М. Бордак (ПДРЭЗ), А.І. Зорына (КСУП «Аравічы»), М.В. Блінова (КСУП «Судкова»). У той жа час, па звестках службы  апекі і папячыцельства аддзела адукацыі, у нашым раёне ў параўнанні з сярэднеабласным паказчыкам у 64 працэнты, памер кампенсацыі абавязанымі асобамі затрат на ўтрыманне дзяцей ніжэйшы: у ліпені сёлета гэты паказчык склаў 42,3%, у жніўні крыху вышэйшы – 56,4% . 



Канешне, пытанні працаўладкавання на больш высокааплачваемыя работы могуць вырашыцца толькі пры станоўчых адносінах да працы самой абавязанай асобы, калі яна не парушае працоўную дысцыпліну, не мае прагулаў, не злоўжывае спіртным. Практыка паказвае, што імкнення да гэтага ў абавязаных асоб не назіраецца. Але хачу адзначыць і пазітыўныя моманты:  ёсць такія, што ўсё ж  знаходзяць у сабе сілы пазбавіцца ад дрэнных звычак. На вялікі жаль, іх у нашым раёне не вельмі многа. Калі няма спецыяльнасці, наймальнікі могуць абучыць абавязаную асобу прама па месцу працы, а наша ўпраўленне кампенсуе наймальніку расходы  за кошт сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Варыянт нядрэнны, аднак ні адна абавязаная асоба такім правам не скарысталася па тых жа прычынах: п’янства, безадказнасць, абыякавасць да свайго лёсу.



– Сяргей  Мікалаевіч, значыць сам факт працаўладкавання яшчэ не гаворыць аб тым, што праблема вырашана?
– Канешне, не гаворыць. Падабраць месца працы – адна справа, але не ўсе абавязаныя асобы хочуць стаць на шлях выпраўлення. Штодзённа з месц працы абавязаных асоб у наша ўпраўленне паступаюць звесткі аб іх працоўнай дысцыпліне, і штодзённа інфармацыю аб прагулах перадаём у РАУС для прыняцця мер. За ліпень месяц  31 прагул здзейсніла Н.У. Судзенка (КСУП «Аравічы»), 28 прагулаў у М.Р. Амельчанка (КСУП «Веляцін»), 27 і 25 прагулаў здзейснілі адпаведна М.В. Пінчук і С.М. Гардзіенка (КСУП «Судкова»),  па 22 прагулы на рахунку В.В. Міхаленкі (фабрыка мастацкіх вырабаў) і А.М. Вінаградавай (аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама). Калі абавязаная асоба здзейсніла на працягу трох месяцаў 10 і больш прагулаў, то будзе прыцягнута да крымінальнай адказнасці – судом прыгаворваецца да грамадскіх работ па месцу працы. За 7 месяцаў бягучага года ў адносінах злосных прагульшчыкаў узбуджаны 34 справы згодна з арт. 174 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. За парушэнне антыалкагольнага заканадаўства сёлета адпраўлены ў лячэбна-працоўны прафілакторый 4 абавязаныя асобы: К.У. Праходская (КСУП «Велікаборскі»), С.І. Цітоў (КСУП «Веляцін»), Т.В. Камеш (ААТ «Хойніцкі Аграсервіс»), Н.В. Гаркушанка (КСУП «Аравічы»).



Як сведчыць практыка, не ўсе наймальнікі глядзяць на наяўныя праблемы з разуменнем. У гэтай сувязі хачу адзначыць, што згодна з Дэкрэтам № 18 не дапускаецца адмова ў працаўладкаванні абавязаных асоб. А калі ўзнікаюць праблемныя пытанні, вырашаем іх сумесна з наймальнікамі, выносім на разгляд каардынацыйнага савета пры райвыканкаме. Толькі пры сістэмнай рабоце, калі не будзе збояў ва ўзаемадзеянні, можна чакаць станоўчых вынікаў.


 
    
 Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *