Журналіст «Хойніцкіх навін» пабывала ў гасцях у самай маленькай жанчыны Беларусі

Общество

Антаніна Сацура – самая маленькая жанчына ў Беларусі і ўваходзіць у дзясятку найбольш мініяцюрных людзей у свеце.

Яе рост – усяго 106 сантыметраў. Але гэты факт не перашкодзіў актрысе зрабіць сваю гераіню, Міні Лілі, адным з самых прыкметных персанажаў на манежы Cirque du Soleil.

Наша, навасёлкаўская!
Даведаўшыся пра тое, што Антаніна Сацура родам з Хойніцкага раёна, я тут жа «загарэлася» сустрэчай. Прынялася шукаць яе ў сацыяльных сетках, а потым з нецярпеннем чакала адказу на паведамленне. І колькі было радасці, калі Антаніна Віктараўна запрасіла мяне да сябе ў госці!

Некалькі гадзін размовы ў яе сталічнай кватэры праляцелі імгненна. Гаспадыня дома накрыла стол, дастала шматлікія фатаграфіі і выразкі з часопісаў (яна часта трапляла на вокладкі вядомых замежных выданняў). … Ведаеце, у яе дзіўны лёс. Яна маленькая, але з такой вялікай душой і любоўю да жыцця.

Нарадзілася ў вёсцы Навасёлкі. Мама Аляксандра працавала на пошце, бацька Віктар –трактарыстам. Тоня – сярэдняя дачка ў сям’і. Яна нарадзілася здаровай, але адбыліся генетычныя мутацыі. У два гады дзяўчынка перастала расці. Нашай «Дюймовочке» было не проста – у школе яна не даставала да дошкі і для яе спецыяльна ставілі лавачку. Бацькі, сястра і аднакласнікі па чарзе дапамагалі насіць ранец. А ў «колішнія» суровыя зімы ў школу яе вазілі на санках. І яна так гэтага саромелася! Да першага класа хадзіла ў пінетках – плакала і марыла аб туфлях. Але нягледзячы ні на што, Антаніна з адзнакай закончыла васьмігодку.

Паступіла ў Гомельскі кааператыўны тэхнікум. Каб яна даставала да парты, медсястра падарыла ёй спецыяльнае медыцынскае крэсла, падобнае на сучаснае камп’ютэрнае. А аднакурсніцы вазілі яго па аўдыторыях.

З бухгалтара – у артысткі

Працавала па спецыяльнасці – бухгалтарам у нашым райспажыўтаварыстве – 7 гадоў. А затым у 1980 годзе трапіла ў ілюзіённы атракцыён заслужанага артыста РСФСР Юрыя Авьерыно ў Маскоўскім цырку, дзе была патрэбна артыстка маленькага росту. У гэтым цырку навучылася акрабатыцы, хадзіць на хадулях, шыць і ўпрыгожваць касцюмы.
Вы толькі ўявіце, якая гэта падзея для маленькай хайнічанкі! Яна ніяк не магла паверыць, што ўжо не бухгалтар, а артыстка! Бо працаваць у цырку было марай з дзяцінства, з тых часоў, як мама прывезла пяцігадовую Тоню ў Маскву на абследаванне і адвяла ў Цырк Юрыя Нікуліна. Стаўшы дарослай, яна выпісвала часопіс «Советская эстрада и цирк». Адну з вокладак, з фатаграфіяй Юрыя Авьерыно і яго ілюзіённага атракцыёна, паклала на працоўны стол пад шкло. Візуалізацыя спрацавала.

Усяго тры дні рэпетыцый і наступныя сем гадоў Антаніна пад захопленыя апладысменты знікае ў прасторы, пераносіць распілоўванне і ўдзельнічае ў іншых магічных ператварэннях. Дарэчы, ёй давялося схуднець з 26 да 18 кілаграмаў.

Наступныя 14 гадоў былі аддадзены ілюзіённаму атракцыёну Нацыянальнага Цырка Украіны і два з паловай гады – італьянскаму цырку Мойры Арфей. Ёй даводзілася рэстаўраваць згарэлыя цыркавыя касцюмы, якія былі ўдвая больш яе самой.

У яе жыцці была сустрэча з Папам Рымскім. Тады яна працавала ў італьянскім цырку, яго гаспадыня сябравала з Папам Рымскім. У 1999 годзе яны працавалі ў Рыме, у той час там праходзіў форум блаславення. І Антаніна была на ім. З усяго свету ўсе арганізацыі, каталіцкія і праваслаўныя, прыехалі, каб атрымаць блаславенне ад самога Папы. Гэта было вельмі кранальна.

Была прапанова працаваць далей у Італіі, але сэрца клікала дадому. Ды і пераносіць пастаянныя пераезды станавілася ўсё цяжэй. Антаніна вярнулася ў Беларусь, да родных. З сабой прывезла велізарны гардэроб і ката, якога падабрала на вуліцы ў Італіі. Яе доўгі раман з цыркам падышоў да канца. Але гэта толькі так здавалася…

Быў перыяд зацішша. Яна проста атрымлівала асалоду ад зносін са сваімі любімымі сёстрамі і пляменнікамі. У канцы двухтысячных на яе выйшлі тэлевізіёншчыкі, пачалі заклікаць на розныя праграмы, у эфіры якіх яна распавядала пра свой лёс, дзялілася жыццёвым вопытам, казала, як важна не здавацца і не губляць надзею.

Міні Лілі ў Cirque du Soleil

У Cirque du Soleil Антаніна трапіла як раз пасля адной з такіх тэлевізійных праграм. Відэазапіс у інтэрнэце ўбачыла кастынгавая камісія шоу Kurios і пазвала артыстку на субяседаванне.

Вось так ў 2014 годзе ў 59 гадоў яна пераступіла парог свайго новага жыцця. Там цырк зусім іншы, шмат дапаможных атрыбутаў: яркі макіяж ці нават маскі, арыгінальныя касцюмы, бутафорыя, песні, танцы. Шоў, адным словам, і вельмі раскручаны брэнд.

Міні Лілі – гэта душа, унутраны свет Містэра мікракосмаса. Яна тонкая, ранімая, паэтычная і артыстычная. Наша гераіня ў жыцці дакладна такая ж. Яе вельмі чапляе, калі навакольныя называюць такіх людзей, як яна, ліліпутамі. Гэтае слова суправаджае іх з дзяцінства. Таму ёй не спадабаўся варыянт рэжысёра – Спадарыня Ліліпутка. І яна назвала свой персанаж Міні Лілі. Міні – таму што яна вельмі маленькая. А Лілі – гэта скарачэнне ад «ліліпут», але пры гэтым вельмі далікатнае, прыгожае і бяскрыўднае.
Публіцы тэатральнасць «Цырка Сонца», вядома, падабаецца. Гераіня Антаніны выходзіць на сцэну з мінімумам грыму, яна бярэ толькі эмоцыямі, акцёрскім майстэрствам і артыстычнасцю. У сцэне, дзе размаўляе па тэлефоне, яна ўяўляе, быццам мае зносіны са сваёй даўняй сяброўкай Надзеяй. «Надзея» у дадзеным выпадку – не толькі імя, але і тое, што дапамагае рухацца наперад. Яна размаўляе па-руску, з украпінамі французскага, італьянскага і англійскага, і атрымліваецца такая казачная, незразумелая мова. Усе прамовы прыдумала самастойна.

Cirque du Soleil падарыў нашай зямлячцы новыя адчуванні і магчымасць сумяшчаць цыркавое і тэатральнае мастацтва. Гэта неверагоднае шоу. Фантазёр-даследчык запускае папяровых самалёцікаў, музычны эксцэнтрык нешта робіць з музычнымі інструментамі. Па вісячым масту, нацягнутаму праз усю арэну, могуць прагуляцца гледачы. Дзівіць мудрагелістае афармленне арэны: быццам мы знаходзімся ў лабараторыі алхіміка з навуковай фантастыкі. Па радах глядзельнай залы ходзіць дзіўны чалавек з шарам на галаве. На арэне з’яўляецца ўсё больш людзей, вельмі занятых сваёй фантастычнай працай. З’яўляецца цягнік з музыкамі, дзеянне пераходзіць у своеасаблівы парад. Усё быццам адбываецца ў пачатку 20 стагоддзя. Касцюмы ў стылі таго часу. Музыка – чарльстон. Захапляльны тэмп. Публіка адкрывае рот ад здзіўлення і не закрывае да канца прадстаўлення. Нумары, якія ўпісваюцца ва ўмоўны сюжэт, адзін лепш другога. Дзівіць не толькі майстэрства артыстаў, але і тая лёгкасць, з якой робяцца вельмі складаныя трукі. Здаецца, што жанглёры, паветраныя гімнасты, акрабаты, скакуны, эквілібрысты выходзяць далёка за межы чалавечых магчымасцяў. Гледзячы на іх, кожны раз думаеш: «Не, такога не можа быць!» Музыка меладычная, песні выдатныя. У прадстаўленні працавалі артысты з 16 краін свету (Канада, Мексіка, Грэцыя, Францыя, Іспанія, Польшча і інш.) У тым ліку з былых краін садружнасці – Казахстана, Украіны, Расіі і Беларусі.

Падобная на ляльку

Антаніна Сацура лічыць, што Беларусь – маленькая, але вельмі прыгожая і спакойная краіна ў цэнтры Еўропы, дзе жывуць самыя выдатныя і добрыя людзі. Яна любіць збіраць калекцыі кветак і даглядаць за імі, вышывае карціны. Ёй падабаецца праводзіць час з жывёламі, глядзець у інтэрнэце аўтабіяграфічныя замалёўкі і відэа акцёраў, старыя гістарычныя і дакументальныя кінафільмы.

Яе жыццёвы прынцып: не можаш дапамагчы чалавеку, то хаця б не нашкодзь яму. Раздражняюць здрада калег і сяброў. Не можа глядзець фільмы пра забойствы, гвалт і вайну. Яе могуць прымусіць плакаць любыя пакуты чалавека і ўсяго жывога на Зямлі.

Доўгія белыя валасы і блакітныя вочы – знешне яна падобная на ляльку. Такая прыгожая і такая юная. Унутраннай энергіі гэтай мініяцюрнай жанчыны можна толькі пазайздросціць. Яе кватэра не нагадвае лялечны домік, толькі каля шафак, халадзільніка і ў ваннай стаяць маленькія стульчыкі. Часам для вырашэння нейкіх бытавых пытанняў ёй даводзіцца майстраваць піраміду з двух або трох крэслаў.

На пытанне: ці хацелі б стаць высокай, жанчына адказвае: «Не, тады б маё жыццё не было б такім цікавым. Я шчаслівая. І калі можна было б паўтарыць жыццё, я б паўтарыла».
Мама памерла, калі Тоне было 28. Бацьку зараз 88 гадоў. Ён жыве на вуліцы Жыляка ў Хойніках. Дачка перыядычна яго наведвае, кліча да сябе жыць у Мінск, але ён адмаўляецца. У Антаніны захоўваюцца старыя фатаграфіі з Навасёлак. Гэта яе малая радзіма, да якой яна ставіцца з цеплынёй.

Наша гераіня – выдатны прыклад таго, што зусім не важна, якога ты росту. Галоўнае, ты чалавек. Вясёлы, шчаслівы і мэтанакіраваны. Антаніна Віктараўна, дзякуй Вам за талент і за Вашу шчырасць!

Наталля ЧЭКАН.
Фота з асабістага архіву А. Сацуры.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *