Прафесіянал запатрабаваны заўсёды

Людзі і лёсы

Крылатую фразу «Кадры вырашаюць усё», якая не выклікае, як правіла, ні ў каго сумненняў, трэба разумець шырэй і глыбей: «Чалавек-прафесіянал з вялікай літары вырашае ўсё». Значнасць гэтай ісціны ўзрастае асабліва цяпер, калі ідзе адпрацоўка эфектыўнага гаспадарчага механізма. Вопыт работы нашага земляка Валяр’яна Аляксандравіча Бяспалага пацвярджае гэтую ісціну: на шляху служэння роднай Беларусі ён зрабіў нямала і падае дастойны прыклад.

ВІЗІТНАЯ КАРТКА
Валяр’ян Аляксандравіч Бяспалы нарадзіўся ў 1964 годзе ў вёсцы Стралічава.
Закончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт народнай гаспадаркі імя В.В. Куйбышава і Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
Усё сваё свядомае жыццё прысвяціў гандлю. Дзесяць гадоў узначальваў упраўленне гандлю і паслуг Гомельскага аблвыканкама.
З 1 ліпеня 2013 года згодна з Указам Прэзідэнта “Аб некаторых мерах па аптымізацыі сістэмы органаў і іншых грамадскіх арганізацый” узначаліў створаную пры Міністэрстве гандлю Рэспублікі Беларусь новую структуру – Упраўленне кантролю спажывецкага рынку.



ВЫТОКІ
Жыватворная зямля Хойнікшчыны сілкавала дзейнасць гэтага неардынарнага чалавека, умелага кіраўніка, здольнага ўвасабляць мары ў рэальнасць. У вёсцы Стралічава прайшло яго дзяцінства, з берага зямнога, з бацькоўскага парога пачаўся тут яго шлях у вялікае жыццё. І хаця даўно адсюль пераехаў, аднак і цяпер часта бачыць у думках свой дом па вуліцы Садовая, дзе нарадзіўся, – прасторныя пакоі, печку-грубку, калодзеж у двары, сад, дзе раслі яблыні, вішні, абрыкосы. Бацька Аляксандр Іванавіч, будаўнік па прафесіі, маці Валянціна Арсенцьеўна працавала галоўным бухгалтарам у эксбазе «Стралічава».



Па словах Валяр’яна Аляксандравіча, больш выхоўваў яго старэйшы брат Мікалай, менавіта ён навучыў гуляць у шахматы, бо гэтай гульнёй быў сур’ёзна захоплены, яго задачы друкаваліся нават у газетах. Брат служыў пажарным у райаддзеле па надзвычайных сітуацыях, пасля катастрофы на ЧАЭС з сям’ёй пераехаў у пасёлак Чысць Маладзечанскага раёна, дзе прадоўжыў службу. У званні маёра выйшаў на пенсію, арганізаваў фірму па  ўстаноўцы пажарных апавяшчальнікаў. Па-ранейшаму паміж братамі цесны кантакт. Незабыўны след у жыцці Валяр’яна Аляксандравіча пакінула бабуля па мацярынскай лініі Улляна Антонаўна, сапраўды ўнікальны чалавек. Дзядуля  загінуў у час вайны, бабуля сама выхавала чатырох дачок. Выхавала і сваіх унучак, якія ва ўзросце  двух і пяці гадоў  засталіся сіротамі пасля смерці дачкі і зяця. Бабуля пражыла 89 гадоў, была працавітай да канца сваіх дзён і  паважаным чалавекам у вёсцы. Людзі ішлі да яе з горам і радасцю.



Стралічаўскую сярэднюю школу Валяр’ян закончыў з залатым медалём. З вялікай удзячнасцю ён успамінае зараз сваіх настаўнікаў С.В. Міхаленка, П.М. Кулакоўскага, В.С. Кіслова, М.І. Навуменку. Дырэктар школы У.В. Дзенісюк далучыў да творчасці Уладзіміра Высоцкага. У той час немагчыма было знайсці творы паэта, яны нідзе не друкаваліся. Збіралі вершы, перапісвалі, перадрукоўвалі. Калі Валяр’ян Аляксандравіч бывае ў Маскве, кожны раз наведвае магілу Высоцкага. Увогуле, з дзяцінства калекцыяніруе ўсё, што звязана з Высоцкім – пласцінкі, артыкулы, кнігі, партрэты, плакаты.



РАБОТА
Працоўная біяграфія В.А. Бяспалага пачалася ў 80-х гадах мінулага стагоддзя і звязана з гандлем. Чаму менавіта з гандлем, можа гэта прызванне?   Ён сам сабе адказвае, што, магчыма, паўплываў збег абставін, а хутчэй за ўсё  – лёс.
– Практычна  са студэнцкай парты пасля заканчэння Мінскага інстытута народнай гаспадаркі, выключаючы службу ў арміі і паўтара года працы ў магазіне, трапіў ва ўпраўленне гандлю Гомельскага аблвыканкама, – успамінае Валяр’ян Аляксандравіч. – Спачатку простым спецыялістам аддзела нехарчовых тавараў,  складана нават было ўявіць, што ў будучым  мне прадстаіць заняць пост начальніка ўпраўлення.
Затым лёс распарадзіўся так, што некалькі гадоў было аддадзена рабоце ў ваенгандлі на пасадзе намесніка начальніка.  А ў 1996 годзе зноў вярнуўся ў Гомельскі аблвыканкам і «затрымаўся» на цэлых 17 гадоў. З іх шэсць адпрацаваў на пасадзе намесніка начальніка і больш за дзесяць – начальнікам упраўлення. Канешне, не ўсё давалася лёгка і проста: гандаль заўсёды адлюстроўваў матэрыяльны дабрабыт грамадства, ва ўсе часы да яго прад’яўляліся павышаныя патрабаванні. Аднак заўсёды, як у пару дэфіцыта, так і цяпер, задача стаяла адна – павысіць узровень абслугоўвання і забяспечыць растучыя запыты насельніцтва.



Усе мы кожны дзень наведваем магазіны, кантактуем з прадаўцамі і з кожным годам патрабуем большай да сябе ўвагі. Гандаль – гэта сфера, у якой самым цесным чынам пераплятаюцца інтарэсы многіх галін народнай гаспадаркі і насельніцтва.  Па роду дзейнасці Валяр’яну Аляксандравічу даводзілася сутыкацца са шматлікімі нараканнямі ў адрас службы, якой кіраваў. І не толькі па той прычыне, што справы ў  гандлі пастаўлены дрэнна. Проста гандаль – гэта тое, без чаго мы не можам пражыць і дня. А дзе цесны кантакт з людзьмі, там магчымы і крыўды, і заўвагі. Вось чаму, будучы кіраўніком упраўлення гандлю, Бяспалы ініцыіраваў правядзенне апытанняў пакупнікоў з мэтай даведацца іх меркаванне аб гандлі ў цэлым і аб канкрэтным тавары ў прыватнасці. Прапанавалі вытворцам, каб не толькі пастаўлялі тавар, але і праводзілі дэгустацыю ў магазінах. Зараз гэта практыкуецца ўсё часцей. Чалавек так устроены: купляе тое, што пакаштаваў.



У пачатку 2000-х гадоў палітыка дзяржавы ў галіне гандлю праводзілася праз упраўленне гандлю вобласці. Акрамя непасрэдных абавязкаў у частцы насычэння спажывецкага рынку і кантролю  за гандлёвай інфраструктурай, на адзінае ўпраўленне ў рэспубліцы была ўскладзена дадатковая, на першы погляд, неўласцівая функцыя – развіццё і аказанне платных паслуг насельніцтву. У іншых абласцях пытанні такога плана курыравалі камітэты эканомікі. Але і з гэтай задачай калектыў пад кіраўніцтвам В.А. Бяспалага паспяхова справіўся.
Зараз, аналізуючы мінулае, ён усведамляе, якія вялікія перамены адбыліся ў гандлі і грамадскім харчаванні крыху больш чым за дзесяць гадоў. Пачыналі з рэканструкцыі і тэхнічнага пераўзбраення, з’явіліся першыя інвестары, гатовыя ўкласці ўласныя сродкі ў развіццё галіны. Так, у 2005 годзе быў прададзены маёмасны комплекс-рэстаран «Белая Русь». Працаваўшы без капітальнага рамонту з 60-х гадоў мінулага стагоддзя, гомельскі рэстаран ператварыўся ў гандлёва-забаўны комплекс з рэстаранамі, барам, танцполам, гульнявымі заламі. У цяперашні час па ўзроўню матэрыяльна-тэхнічнага аснашчэння, афармлення інтэр’ераў гэта адзін з лепшых аб’ектаў у вобласці. Таксама новае  аблічча набыў універмаг «Гомель», палепшыліся ўмовы працы прадаўцоў, забяспечаны камфорт для пакупнікоў.
У гэты перыяд з’явілася паняцце – прыдарожны сервіс. У 2002 годзе ў вобласці налічваліся толькі 32 аб’екты грамадскага харчавання, якія аказвалі паслугі ўдзельнікам дарожнага руху, а да пачатку 2013 года іх колькасць вырасла да 76.
Наступным этапам было адкрыццё магазінаў буйных фарматаў, атрымалі развіццё супер- і гіпермаркеты. Да слова, у той час адбылося адкрыццё супермаркета ў Хойніках, а Да дня беларускага пісьменства ў нашым райцэнтры запрацаваў гандлёвы цэнтр «Родны кут».
– Калі бачыш сучасныя магазіны з багацейшым асартыментам тавараў, з высокім узроўнем абслугоўвання, – зазначае Валяр’ян Аляксандравіч, – падсвядома ўзнікае пачуццё гордасці за справу, якой ты служыш. Аднак трэба прызнацца, што за час работы ва ўпраўленні ў якасці кіраўніка мне ніколі не прыходзілася спачываць на лаўрах. Работа патрабавала максімальнай сабранасці і настойлівасці ў выкананні пастаўленых задач. Пастаянна знаходзіліся болевыя кропкі, якія прымушалі звяртаць на сябе асаблівую ўвагу: пашырэнне асартыменту рэалізуемай прадукцыі, выкананне прагнозных паказчыкаў па тавараабароту і платных паслугах, павелічэнне ўзроўню продажу на душу насельніцтва і інш.



Для прасоўвання беларускіх тавараў на знешні рынак па даручэнню аблвыканкама ў 2002 годзе дамовіліся аб візіце ў Паўднёва-Заходнюю акругу Масквы. Пасля сустрэч і перагавораў гамяльчанам выдзелілі пляцоўку для гандлю паблізу станцыі метро «Чаромушкі». Прызнанне прыйшло тады, калі ля палатак сталі выстройвацца чэргі жадаючых набыць тавары беларускіх вытворцаў – каўбасныя вырабы, згушчонае малако, кансерваваную гародніну, абутак і іншыя нехарчовыя тавары. Плённая работа дала свае вынікі: у 2007 годзе ў Маскве быў адкрыты магазін «Сябры», рэалізуючы нашы тавары.
 Вывучалі вопыт перадавых лагістычных цэнтраў, калі ўпершыню пачулі аб паняцці «лагістыка». Спецыялісты наведалі Нідэрланды, адпрацоўвалі пытанне адкрыцця на тэрыторыі вобласці буйнога лагістычнага цэнтра. Дастойна праводзілі рэспубліканскія мерапрыемствы – калегіі, семінары, кулінарныя саветы. Апошняя рэспубліканская калегія ў Гомелі праводзілася ў маі 2011 года, гандаль Гомельшчыны пакінуў добрае ўражанне  ў калег з іншых абласцей.
На новай адказнай пасадзе В.А. Бяспалы  працуе толькі два месяцы, аднак работа праведзена значная. Усяго пад кантролем упраўлення ў Беларусі знаходзіцца 72 тысячы аб’ектаў гандлю і паслуг і 123 тысячы індывідуальных прадпрымальнікаў. Створаны тэрытарыяльныя аддзелы ў кожнай вобласці колькасцю чатыры чалавекі. Стаіць задача навядзення парадку і захавання заканадаўства кожным суб’ектам гаспадарання, спынення і папярэджвання правапарушэнняў у сферах гандлю, грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання насельніцтва і абароны правоў спажыўцоў. Пры гэтым кантроль не стане больш жорсткім, дзейнасць гандлёвай інспекцыі будзе насіць у асноўным прафілактычны і папераджальны характар. «Пры кожнай скарзе ад спажыўцоў, – падкрэслівае Валяр’ян Аляксандравіч, – пастараемся разабрацца ў сітуацыі так, каб надалей не дапускаць падобнага, а не толькі разава пакараць».


АСАБІСТАЕ
В.А. Бяспалы лічыць сябе шчаслівым чалавекам, у яго цудоўная сям’я, якую стварыў 25 лістапада 1989 года. Жонка Ірэна гісторык па адукацыі, зараз працуе дырэктарам гімназіі №10 г. Гомеля. Яна таксама закончыла Стралічаўскую СШ з залатым медалём. Старэйшы сын Максім закончыў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны, працуе ў Мінску, дачка Таццяна – студэнтка другога курса ВНУ, якую заканчваў бацька.
Любімае месца на зямлі для Валяр’яна Аляксандравіча – малая радзіма, бацькоўскі дом у  Стралічаве, дарэчы, у гэтай вёсцы жыве зараз і яго цешча  Аляксандра Пятроўна. На жаль, з-за вялікай занятасці прыязджае  ён не вельмі часта. І кожны раз адзначае, як змяніўся сельскі гандаль у параўнанні з тым, які быў у час  яго дзяцінства – шырокі выбар тавараў, нікога не здзівіш экзатычнымі фруктамі. Праўда, няма вялікіх запасаў прамысловых тавараў, але прадаўцы актыўна працуюць па заяўках насельніцтва.
Жыццёвае крэда В.А. Бяспалага – у любой сітуацыі заставацца чалавекам. А на пытанне, як вырашаць праблемы, якія ўзнікаюць у рабоце і жыцці, адказвае, што для яго не існуе паняццяў «не магу» і «не хачу». Упэўнены, што рана ці позна любую праблему можна вырашыць, калі, як гаворыцца, «не рубить с плеча». І сваіх дзяцей вучыць так рабіць.
Ён шчыра ўдзячны лёсу, які накіраваў яго па гэтым нялёгкаму, але цікаваму жыццёваму шляху.



Клаўдзія БОСАК.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *