Каб сяброў раёнкі станавілася больш


І ў нас, паштальёнаў, і ў калектыва рэдакцыі раённай газеты адны задачы – прыносіць навіны ў кожны дом. І хаця ў сумках паштальёнаў нямала іншых выданняў, рознай карэспандэнцыі, да «Хойніцкіх навін» асабіста ў мяне пачуцці асаблівыя, бо пішуць яны менавіта аб нашым раёне, аб людзях, якія тут жывуць і працуюць.


Пошту я разношу ўжо дваццаць першы год, але на раёнку падпісваюся значна больш. Чытаю яе з задавальненнем, абмяркоўваю навіны са знаёмымі, з падпісчыкамі.
Сваёй  штодзённай працай і ў кожную падпісную кампанію райгазета  імкнецца заваяваць давер і сэрцы ўсё большай колькасці хайнічан. Трэба сказаць, што гэта ўдаецца. Я па сваёй рабоце мяркую, бо многія з жыхароў абслугоўваемага мной участка – вуліц Калесніка, Лермантава, Першамайская, Міру, Будаўнічая, Меліярацыйная – ніколі не расстаюцца з любімай газетай. У іх ліку магу назваць Алену Мікалаеўну Пятрову,  Івана Фёдаравіча Анісенку, Міхаіла Пятровіча Назаранку, Віктара Сцяпанавіча Васькевіча, Веру Васільеўну Брухавецкую… Паверце, гэты спіс можна прадаўжаць вельмі доўга. Многія хайнічане пенсійнага ўзросту, калі прыношу ім пенсію, адразу ж просяць падпісаць іх на «Хойніцкія навіны». Здаралася нават, што на адзін адрас па дзве газеты выпісвалі, жартавалі потым што не  трэба спрачацца, каму першым прачытаць раёнку.
Такіх людзей не трэба агітаваць, пераконваць.  Яны ўжо нават не могуць уявіць сабе, што ў іх паштовай скрынцы не акажацца «Хойніцкіх навін». Калі здарыцца, што ў прывычны дзень газеты няма з-за  пераносу даты друку, завальваюць пытаннямі: як гэта, чаму, па якой прычыне?



І сярод моладзі колькасць падпісчыкаў таксама павялічваецца. Гэта не можа не радаваць. Часцей за ўсё тыя, хто гаворыць, што ў газеце, маўляў, няма чаго чытаць, не памятаюць, калі і ў руках яе апошні раз трымалі. Бывае, што ўгавару падпісацца чалавека ўсяго толькі на месяц, а ў наступны раз ён ужо сам просіць аб гэтым.
Заўважыла, што з пераходам газеты на фармат штотыднёвіка з выкарыстаннем каляровага друку, маіх падпісчыкаў на яе становіцца больш. Так таму і быць, бо газета застаецца змястоўнай, а з 1 ліпеня сёлета стала яшчэ і прыгажэйшай.


Г. САЦУРА, паштальён першага гарадскога аддзялення раённага вузла паштовай сувязі.
Фота Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *