Праблемная “спадчына”


Стэрэатыпы аб тым, што ўмовы вясковага жыцця часцей за ўсё нікуды не вартыя, а праца ў сельскай гаспадарцы не прэстыжная, здаецца, ніколі не выкараніць са свядомасці людзей. Наведаўшы сёлетняе кадравае папаўненне КСУП «Аравічы», падсыплем і мы перчыку – нададзім праблеме з жыллём вастрыні.



Уявіце: едзе малады спецыяліст у вёску працаваць, хоць і не з вялікім энтузіязмам, але з пэўнымі планамі і надзеямі, а тут «бац» – яго не чакалі. У падобнай сітуацыі, па нашых першапачатковых уражаннях, аказаліся маладыя спецыялісты Сяргей Панамарчук і сямейная пара Марыны і Сяргея Малалетнікавых.
На бягучым тыдні іх наведалі старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК В.В. Харошка, спецыялісты аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, а таксама райсельгасхарчу. Ідзём у госці да Сяргея Панамарчука. «Толькі вось няма дзе прымаць вас», – бянтэжыцца ён. Па словах маладога чалавека, з выгляду новы, прыгожы домік, які яму выдзелілі, пакуль служыць не месцам жыхарства, а камерай захоўвання яшчэ не распакаванай мэблі яго маладой сям’і. Ды і ў якасці сховішча гэты дом не надзейны, бо з-за сырасці маёмасць хутка сапсуецца. А за яе ж яшчэ нават крэдыты не заплачаны.



Сяргей Панамарчук падкрэсліў, што ўсе беды з-за няспраўнасцей у сістэме ацяплення, якая была размарожана. Хутка зіма, куды ж без цяпла ў доме? Тым больш, што ў сям’і дзіця. Таму і не спяшаюцца тут гуляць наваселле, часова жывуць у цешчы. Справіцца самастойна з жыллёвай праблемай Сяргей не можа, хаця сапраўды імкнецца з усіх сіл. Батарэі, якія выдзеліла гаспадарка, ён замяніў, але гэта далёка не ўсё: у дапамогу неабходны зваршчык, газаўшчыкі.
Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што праблема каранямі ўходзіць у мінулае, за гэты час у КСУП «Аравічы» змяніўся не адзін кіраўнік. Затое цяперашні дырэктар А.А. Кліменка не адмахваецца ад праблемы, прыкладае намаганні для яе ўхілення.  
На атрыманую «спадчыну» Сяргей Панамарчук не скардзіцца, маўляў, з часам прывядзём у парадак. Але здзіўляецца, як віноўніку-жыльцу, які запусціў гэты дом, сышло ўсё з рук?



Летась, не адрамантаваўшы сістэму ацяплення, гаспадарка прадаставіла гэты праблемны дом маладому спецыялісту Мікалаю Мастыкашу… А сёлета вось – Сяргею. Адзін аднаму перадаюць, а да ладу не давядуць. І праблемы, быццам снежны камяк, нарастаюць: вільготнасць пайшла па сценах і сапсавала шпалеры, развялася цвіль.   
Цяперашні ўладальнік дома заўважае, што ў Брагінскім раёне, дзе ён дагэтуль працаваў, з перадачай службовага жылля пытанне востра стаяла. У гаспадарцы была створана камісія, якая прымала дом у жыхара, дасканала вывучаючы ўсе недахопы. Калі штосьці не так – плаці! Але што ўпустую разважаць, трэба канкрэтна вырашаць праблемы. Тым больш, што яны ёсць і ў доме, прадастаўленым маладой сям’і Малалетнікавых.



З гэтай публікацыі можа скласціся ўражанне, што ўсё дрэнна з жыллём для маладых спецыялістаў у «Аравічах». Але гэта не так. Проста газета не замоўчвае адзінкавыя праблемы, а выносіць іх на паверхню, каб хутчэй ухіліць. Тым больш, што ў Сяргея Панамарчука ёсць шчырае жаданне замацавацца ў гэтай гаспадарцы на пастаянна. А значыць, і лёс злашчаснага дома павінен стаць шчаслівым. Дарэчы, тут, як і ва ўсіх іншых сельгаспрадпрыемствах раёна, ёсць многа станоўчых прыкладаў догляду за жыллём, аб чым мы напішам у наступным нумары.
Асноўная прычына безгаспадарчасці ў службовым жыллі – часовае карыстанне ім, дамы – быццам перавалачная база. Каб на пастаянна заставаліся маладыя спецыялісты, такога, напэўна б, не было.


Наталля ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *