З балота мутнага выбірацца цяжка


“Звычкі бацькоў, і дурныя, і добрыя, ператвараюцца ў заганы дзяцей”. Гэтае выказванне старажытнагрэчаскага філосафа матэрыяліста Дэмакрыта і сёння вельмі актуальнае для стану спраў з падлеткавай злачыннасцю ў ДПТВ-183. Нягледзячы на тое, што тут многае робіцца для прафілактыкі правапарушэнняў і злачыннасці сярод навучэнцаў, аднак у міліцэйскіх зводках іх прозвішчы фігурыруюць з зайздросным пастаянствам.
 
Амаль дамашняя вячэраКаб высветліць занятасць навучэнцаў у пазакласны час, карэспандэнты “ЛС” вечарам накіраваліся ў інтэрнат вучылішча, які размешчаны побач з вучэбным корпусам.

Першае, што кінулася ў вочы пры ўваходзе, “Маланка”, у якой крытыкуюцца паводзіны навучэнца групы № 36 Андрэя Пінчука, які быў затрыманы работнікамі міліцыі за знаходжанне ў грамадскім месцы ў п’яным стане.

– Хлопцу толькі 16 гадоў, – з горыччу зазначае намеснік дырэктара вучылішча С.А. Буйневіч. – А ён ужо хранічны алкаголік. За час вучобы здзейсніў тры правапарушэнні і адно злачынства, за якое судом пазбаўлены волі на 3 гады з двухгадовым выпрабавальным тэрмінам. Аднак, па ўсяму відаць, яго не вытрымае.

Жыхарам інтэрната (на момант наведвання іх налічвалася 78 чалавек, сярод якіх 25 сірот, у тым ліку большая частка так званых сацыяльных) прадастаўлены даволі камфортныя ўмовы для пражывання і змястоўнага адпачынку. Пакоі блочнага тыпу на 2-3 чалавекі, сучасныя аднаспальныя ложкі, кухоннае абсталяванне, належны туалетны сервіс. Для агульнага карыстання ўстаноўлены сучасныя электрапліты. Гэта ў дадатак да таго, што харчуюцца яны паўнацэнным абедам у сталовай вучылішча, дзе сірот кормяць тры разы на дзень.
 
Штодзённа, акрамя нядзелі, працуе ў інтэрнаце бібліятэка, дзе па панядзелках бібліятэкар А.А. Усікава праводзіць інфармацыйныя гадзіны. Дзяўчаты ахвотна наведваюць гурток “Мяккая цацка”, якім кіруе М.І. Марчанка. Есць пакой здароўя з адпаведным абсталяваннем. У танцавальнай зале па чацвяргах праводзяцца дыскатэкі. У пакоі самападрыхтоўкі ёсць магчымасць падрыхтавацца да заняткаў. У пакоі адпачынку арганізоўваецца прагляд тэлеперадач з наступным абмеркаваннем. Працуюць факультатывы, якія праводзяць па сваіх прадметах выкладчыца рускай мовы і літаратуры Н.Я. Клемпач і сацыяльны педагог С.А. Ядчанка. Н.Я. Клемпач таксама арганізавала заняткі ў клубе “Маладая сям’я”, дзе праводзіцца падрыхтоўка юнакоў і дзяўчат да сямейнага жыцця. На пасяджэнні клуба запрашаецца начальнік аддзела ЗАГС райвыканкома А.М. Дземідзенка.
У пакоях інтэрната
Увайсці ў інтэрнат вучылішча можна толькі прад’явіўшы пропуск. Круглыя суткі па графіку тут працуюць вахцёры, арганізавана пастаяннае дзяжурства куратараў груп, выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання. Усе злабадзённыя пытанні абмяркоўваюцца на савеце інтэрната, які ўзначальвае навучэнка групы № 39 Віка Шаўлякова.

– Падыход да кожнага навучэнца ў нас індывідуальны, – працягвае Святлана Аляксандраўна Буйневіч. – Не будзе перабольшваннем сказаць, што носімся з імі як са скулой. Ды, на мой погляд, праблема крыецца ў сям’і. Вось апошні прыклад. Днямі прыйшло паведамленне з РАУС, што трое нашых навучэнцаў здзейснілі злачынства ў дзве гадзіны ночы, калі па разумнасці павінны былі быць дома і спаць у ложках. Хіба бацькі не ведалі, што іх дзяцей няма дома?

Так, праблемы ў неспрыяльных сем’ях вельмі падобныя. Яны застарэлыя і накопліваюцца гадамі. У іншую кватэру, як адзначалі ў адміністрацыі вучылішча, без процівагаза і зайсці нельга. Многія бацькі не працуюць, прапіваюць усе грошы, аб дзецях не думаюць. Адсюль павелічэнне сацыяльнага сіроцтва. Канешне, за свае ўчынкі патрэбна адказваць, але бацькоўская безадказнасць – навідавоку.

С.А. Буйневіч расказала пра навучэнку Любоў Навіцкую. Родам яна з Рэчыцкага раёна. Прыехала да нас на вучобу, але праз параўнальна кароткі час, наведваючы маці, здзейсніла з ёю крадзёж. Паходы ў міліцыю і ў суд з-за гэтага так уразілі дзяўчыну, што яна літаральна на вачах змяніла свае паводзіны да вучобы і жыцця. Зараз яна ў інтэрнаце выпускае насценную газету, з’яўляецца актыўнай удзельніцай праводзімых культурна-масавых мерапрыемстваў.

– Са старонак раённай газеты хачу яшчэ раз звярнуцца да бацькоў, – выказала просьбу С.А. Буйневіч. – Не ўпусціце сваіх дзяцей сёння, каб марна не трацілі яны свой вольны час, а былі заняты карыснай справай. Калі гэтага не будзе, то праблем не абярэцеся. Калі бацькі страпянуцца ад цяжкага сну, тады і юных злачынцаў стане менш. З балота мутнага вельмі складана выбрацца. Не кожнаму гэта ўдаецца.


Клаўдзія БОСАК.
На здымках: вось так жывуць выхаванцы інтэрната ДПТВ-183.
Фота Ірыны НОВІКАВАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *