Сіла – у згуртаванасці


Хойніцкі завод гідраапаратуры  вось ужо два гады запар па выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця  прызнаецца пераможцам у намінацыі «Лепшая прамысловая арганізацыя» з занясеннем на Дошку гонару Гомельскай вобласці. Сакрэт гэтых перамог – крэатыўнае мысленне дырэктара Васілія Ягоравіча Смальцара, чые ідэі ўвасабляюцца на справе ўсім калектывам завадчан. Немалаважная роля ў стварэнні належных умоў працы прафсаюзнага камітэта.
Старшыня прафкама Уладзімір Маркавіч Міхедзенка расказвае…



…АБ ПРАФСАЮЗНАЙ РАБОЦЕ
 Па-першае, гэта работа па заключэнню калектыўнага дагавору, кантроль за захаваннем яго палажэнняў, унясеннем змяненняў і дапаўненняў.  Узровень дадатковых ільгот і гарантый вызначаецца ў рамках канструктыўнага дыялогу на сумесных пасяджэннях прафкама і адміністрацыі завода.
Па-другое, грамадскі кантроль за захаваннем працоўнага заканадаўства. У полі зроку – палажэнні па пытаннях кантрактнай формы найму, прыёму на работу, звальненняў, аплаты працы, прэміравання, правільнасць афармлення і вядзення працоўных кніжак.  У прафкам паступаюць звароты, адказваем на пытанні, растлумачваем нормы заканадаўства.
Па-трэцяе, арганізацыя дзейнасці па ахове працы. Прадпрыемства ж прамысловае, пільна трэба сачыць, каб папярэдзіць выпадкі траўматызму на рабочым месцы. Упор зроблены на фінансаванне мерапрыемстваў па ахове працы, выкананне палажэнняў калектыўнага дагавору. Сюды ўваходзіць і атэстацыя рабочых месц, і забеспячэнне сродкамі індывідуальнай аховы. З боку прафсаюза камісія па ахове працы не толькі ажыццяўляе кантроль, але і ўдзельнічае ў распрацоўцы мерапрыемстваў, накіраваных  на выяўленне вытворчых небяспек, ацэнку рызыкі, а таксама на іх недапушчэнне. І гэта невыпадкова: машынабудаўнікі працуюць у напружаным рытме. Важна, каб яны адчувалі – на заводзе клапоцяцца аб іх здароўі і настроі.
Прыярытэт у далейшай рабоце прафсаюзны камітэт намераны надаваць матывацыі прафсаюзнага членства, павышэнню аўтарытэту сваёй грамадскай арганізацыі. З кожным, хто прыходзіць у наш калектыў працаваць, стараюся сустрэцца і пагутарыць, і толькі тады, калі чалавек усвядоміць важнасць сваёй прыналежнасці, ён піша заяву аб уступленні ў прафсаюз, аўтаматычна ў нашу арганізацыю ніхто не залічваецца. 



…АБ САЦЫЯЛЬНЫМ ПАРТНЁРСТВЕ ПАМІЖ АДМІНІСТРАЦЫЯЙ І ПРАФСАЮЗАМ
Калектыўны дагавор – асноўны дакумент сацыяльнага партнёрства, і калі ён дзейнічае, значыць, партнёрства навідавоку. Сацыяльныя пытанні мы стараемся вырашаць калегіяльна, распрацоўваем і праводзім многа сумесных мерапрыемстваў, і не толькі  культурных і спартыўна-масавых, а таксама і па пытаннях аховы працы, аплаты працы. Прыкладам можа служыць тое, як на пасяджэннях прафкама разглядваемыя намі пытанні (ахова працы,  аздараўленне работнікаў і членаў іх сем’яў, выдзяленне матэрыяльнай дапамогі і інш.) абавязкова абмяркоўваюцца з прадстаўнікамі наймальніка. Прапановы, якія паступаюць ад таго або іншага боку, уважліва вывучаюцца, абмяркоўваюцца. Прымаемае рашэнне бярэцца да выканання абодвума бакамі.
Калектыўны дагавор – гэта аб’ёмны дакумент, асобны раздзел уключае ў сябе прадастаўленне  сацыяльных гарантый. Бонусы прадугледжаны для ўсіх працуючых, маладым кадрам аказваецца асаблівая падтрымка. Так, усе яны, маючыя патрэбу ў жыллі, забяспечваюцца інтэрнатам. Маладыя кадры ў першую чаргу адчуваюць падтрымку наймальніка і прафсаюза. На месцах дзейнічае сістэма настаўніцтва. За новым работнікам замацоўваецца вопытны спецыяліст. І многія маладыя спецыялісты могуць разлічваць на тое, што на заводзе знойдуць не толькі цікавую, перспектыўную і прэстыжную работу, але і змогуць ажыццявіць прафесійны рост.
Людзей прэміруюць да прафесійнага свята, дадатковыя выплаты са сродкаў прафбюджэту работнікі атрымліваюць да 50-годдзя з дня нараджэння, пры дасягненні пенсійнага ўзросту. Штогод ажыццяўляюцца выплаты на набыццё сельгаспрадукцыі, на льготнай аснове аказваюцца транспартныя паслугі і г.д.
Наймальнік ідзе насустрач прафсаюзу пры арганізацыі культурна-масавых мерапрыемстваў. Так, напрыклад, білеты на гастрольныя ў нашым горадзе канцэрты набываюцца для працуючых за суму, выдзяляемую адміністрацыяй і прафсаюзам у аднолькавай меры. Не ў загане сярод калектыву і спорт, арганізоўваюцца мерапрыемствы на заводзе, а таксама нашы работнікі – актыўныя ўдзельнікі мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў раёне.



 …АБ АКТЫВІСТАХ «ПЯРВІЧКІ»
Не дарэмна існуе прымаўка, што адзін у полі не воін. Гэта ў поўнай меры адносіцца да старшыні прафсаюзнага камітэта. Калі б вакол мяне не было нераўнадушных, адказных, ініцыятыўных людзей, не было б і «пярвічкі». Я ўдзячны ім за тое, што падтрымалі мяне на выбарах. Што непасрэдна ў цэхах і на вытворчасці яны акумуліруюць вакол сябе калектыў, заражаюць яго сваёй станоўчай энергіяй, вырашаюць чыесьці праблемы. Работу прафсаюзнай арганізацыі ацэньваю па актывістах з грамадзянскай і чалавечай пазіцыяй. Вось чаму смела магу заявіць: у нас цудоўны актыў. Радуе, што сярод іх ёсць маладыя людзі, якія маюць лідэрскія якасці, дзелавую хватку. Яны часта прыходзяць да мяне са сваімі ідэямі, мы разам абмяркоўваем іх. Гэта ў поўнай меры адносіцца да Сяргея Аляксандравіча Канунава, начальніка аддзела матэрыяльнага забеспячэння і збыту, які з’яўляецца старшынёй камісіі прафсаюзнага камітэта па культурна-масавай і фізкультурна-аздараўленчай рабоце. Камісію па заработнай плаце ўзначальвае галоўны бухгалтар Л.М. Барадуліна, на яе таксама ўскладзены абавязкі казначэя. А яшчэ Любоў Міхайлаўна – актыўная ўдзельніца мастацкай самадзейнасці ў нашым горадзе, заўсёды арганізоўвае на заводзе да Дня пажылых людзей канцэрты, да ўдзелу ў якіх запрашае хойніцкіх артыстаў. Не магу не адзначыць і Васілія Аляксандравіча Халько, слесара, ён узначальвае камісію па ахове працы. Гэтае грамадскае фарміраванне пад яго кіраўніцтвам праводзіць маніторынг захавання заканадаўства аб працы. Члены камісіі на сваіх рабочых месцах пастаянна ажыццяўляюць кантроль стану аховы працы. Імі правяраецца стан бытавых памяшканняў. Тут дарэчы сказаць, што адміністрацыя завода паклапацілася аб стварэнні належных бытавых умоў для працуючых: устаноўлены шафы для пераапранання, працуюць душавыя, ёсць пакой прыёму ежы і санітарны пакой. Пытанні аховы працы  разглядваюцца на пасяджэннях гэтай камісіі. Таксама плённа працуюць камісіі прафкама па рабоце сярод жанчын, ахове сям’і, мацярынства і дзяцінства на чале з намеснікам дырэктара завода Ж.А. Караткевіч і жыллёвая-бытавая камісія, якую ўзначальвае токар цэха № 11 А.А. Арцямчук.
Я са свайго боку стараюся, каб члены прафсаюза заўсёды былі ў курсе заводскіх падзей, мелі неабходную інфармацыю па найбольш важных момантах сацыяльна-эканамічнага жыцця краіны. Прафсаюзныя стэнды ёсць практычна ва ўсіх структурных падраздзяленнях прадпрыемства.



Запісала Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *