Чатыры дзесяцігоддзі вернасці «Веляціну»

Сельское хозяйство

15 лютага бягучага года наша краіна адзначыла знамянальную падзею – 100-годдзе Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.

З гэтай нагоды ў Палацы Рэспублікі ў Мінску сабраліся лепшыя з лепшых прадстаўнікоў сельскагаспадарчай галіны краіны – тыя, хто сваёй карпатлівай, штодзённай і стараннай працай забяспечваюць харчовую бяспеку Беларусі.

Сярод іх быў і вадзіцель КСУП «Веляцін» У.А. Бандарэнка. З гэтага прадстаўнічага форума ў сталіцы краіны

Уладзімір Анатольевіч вяртаўся з юбілейным медалём «100 год органам дзяржаўнага кіравання сельскай гаспадаркай і харчаваннем Беларусі». А ў дадатак да гэтага ён быў заахвочаны тэлевізарам «Гарызонт». Гэтыя падзеі чым не нагода расказаць пра гэтага чалавека?

Успамінаючы ўрачыстасці ў Мінску, У.А. Бандарэнка гаворыць, што найбольш хвалюючым для яго момантам стала хвіліна, калі ён атрымліваў узнагароду з рук міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Л.К.Зайца. Зразумець Уладзіміра Анатольевіча нецяжка – гэта адбылося, бадай, на самай велічнай сцэне краіны, ды яшчэ ў прысутнасці столькіх знакамітых людзей!

Вельмі прадстаўнічым атрымаўся і ўрачысты дзвюхгадзінны канцэрт з удзелам зорак беларускага мастацтва – Ядвігі Паплаўскай, Ірыны Дарафеевай, Руслана Аляхно, Аляксандра Саладухі, Валерыі Ланскай і многіх іншых. Што і казаць, з прыўзнятым, святочным настроем вяртаўся дамоў наш зямляк.

А дома, пасля сталічных урачыстасцей, ён зноў з галавой паглыбіўся ў работу – зімоўка жывёлы яшчэ не закончылася, ды і вясна ўсё больш настойліва ўступала ў свае правы. Так што яго працавітых і ўмелых рук чакалі і на палях, і на фермах гаспадаркі, якую ён з поўным правам можа называць роднай. Сёлета споўніцца роўна чатыры дзесяцігоддзі з таго дня, калі пасля дэмабілізацыі з радоў Савецкай Арміі ён вярнуўся і ў родны Пудакоў, і ў калгас «Бальшавік», дзе і працаваў да службы.

У тым, даармейскім перыядзе свайго жыцця, Уладзімір Анатольевіч паспеў закончыць школу ў Веляціне і Рудакоўскае ПТВ № 30 механізацыі, атрымаўшы пасведчанне трактарыста-машыніста. Але ў райваенкамаце вырашылі, што спецыяльнасць вадзіцеля больш запатрабавана ў армейскіх радах, таму і накіравалі яго на трохмесячныя курсы ў тое ж Рудакоўскае ПТВ №30.

Потым была армейская служба, дзе і спатрэбілася яго вадзіцельскае пасведчанне. У складзе групы савецкіх войск у Германіі спачатку быў вадзіцем, а заканчваў службу вадзіцелем-інструктарам – гэта значыць, навучаў нялёгкаму шафёрскаму рамяству маладых байцоў.

А з 1979 года нязменна працуе У.А. Бандарэнка ў цяперашнім КСУП «Веляцін». Пачынаў на аўтамабіле ЗіЛ-164, потым быў ГАЗ-51, а праз год-другі пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС яму даверылі новую на той час машыну ГАЗ-53. На гэтым аўтамабілі ён працуе і сёння, вось ужо больш 30 гадоў. Ведае яго кожны вінцік і кожную заклёпку, таму што рамантуе і рыхтуе да работы заўсёды толькі сам, уласнымі рукамі. Напрыклад, летась самастойна памяняў раму аўтамабіля. Гаворыць, усміхаючыся:
– Новая машына мне не патрэбна, гэтая яшчэ доўга будзе «бегаць»…

Гэтак жа надзейна і бездакорна служаць яму з 1997 года і ўласныя «Жыгулі» 7-й мадэлі. Што тут сказаць – у руках сапраўднага майстра любая тэхніка працуе бездакорна!

Такіх жа слоў павагі і шанавання заслугоўвае і яго бацькоўскі подзвіг: разам з жонкай Вольгай Сямёнаўнай яны вырасцілі, выхавалі сумленнымі людзьмі і далі адукацыю семярым дзецям!

А зараз, калі і ўсе дзеці пажаніліся, няма для іх большага шчасця, чым радавацца шматлікім унукам, асабліва, калі гэтая вялікая і дружная сям’я збіраецца разам у бацькоўскай хаце.

Канешне, за гадзіну размовы нельга спазнаць чалавека, усю глыбіню яго ўнутранага свету. Уладзімір Анатольевіч Бандарэнка знешне паказаўся мне чалавекам нетаропкім, грунтоўным і нешматслоўным. Менавіта такія людзі ўсё, што робяць, заўсёды робяць гэта бездакорна. Так, як вучылі іх некалі бацькі, школьныя, прафесійныя і жыццёвыя настаўнікі, як падказвае іх рабочае сумленне і вернасць выбранай справе.

Віктар НАЗАРАНКА. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *