Галоўнае ў дэпутацкай рабоце – выконваць наказы выбаршчыкаў


Я ўжо маю не малы вопыт дэпутацкай дзейнасці: два скліканні да пераезду ў Хойнікі з’яўляўся дэпутатам Станькаўскага і Ляхавіцкага сельсаветаў  Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці, выбраны дэпутатам Хойніцкага раённага Савета дэпутатаў 26 склікання па Нікалаеўскай выбарчай акрузе № 16.


 Упэўнены, што галоўнае ў нашай дэпутацкай рабоце – выконваць наказы выбаршчыкаў, людзей, якія аказалі вялікі давер – быць правадніком іх інтарэсаў і запытаў у органах мясцовай улады. Дэпутат не рамантуе дарогі, не праводзіць ваду, не дае цяпло ў кватэры. У яго для гэтага няма ніякіх магчымасцей. Але ён можа ставіць пытанні перад тымі людзьмі, якія адказваюць за  іх вырашэнне, перад выканаўчай уладай. Іншая справа, што дэпутат павінен падставіць плячо выканаўчай уладзе для вырашэння той або іншай праблемы, тым больш, што ён можа ініцыіраваць прыняцце адпаведнага  дакумента на мясцовым узроўні, дапамагчы выканаўцам у арганізацыйным плане.



 Вядома, што на першым плане павінна быць вытворчасць. Ад таго, як яна развіваецца, залежыць напрамую становішча ў соцыуме. Але ж адно з самых галоўных месц займае добраўпарадкаванасць населеных пунктаў. Добрыя прыклады гэтаму на Хойнікшчыне ёсць. Аднак, на вялікі жаль, яшчэ не ўсе людзі пранікліся пачуццём адказнасці ў гэтай важнай справе. Як ні прыкра, але даводзіцца бачыць, што побач з дагледжаным, радуючым вока кветкамі падворкам, суседнічае неахайны, дзе і смецце не прыбрана, і дровы не складзіраваны. Як паказвае практыка, меры адміністрацыйнага ўздзеяння не заўсёды прыносяць жаданыя вынікі. Таму ў ходзе гутарак з выбаршчыкамі, і не толькі сваёй акругі, нацэльваю людзей на тое, што наш горад – наш агульны дом, і  трэба рабіць усё, каб у ім было чыста і ўтульна.
Я не аддзяляю сваю асноўную дзейнасць ад дэпутацкіх абавязкаў – усё ўзаемазвязана. З’яўляючыся дырэктарам рэгіянальнага інфармацыйнага цэнтра, стварэнне якога  выклікана катастрофай на ЧАЭС, раблю ўсё неабходнае, каб ужо пачынаючы са школьнага ўзросту дзеці ведалі аб правілах радыяцыйнай бяспекі і іх выкананні. З боку адміністрацыі ўніверсітэта імя А.Д. Сахарава маю тэхнічную дапамогу ў арганізацыі інфармацыйнай работы сярод насельніцтва.



Сустрэчы з выбаршчыкамі сваёй акругі праходзяць у вызначаны час у нашым цэнтры. Як правіла, на іх атрымліваю большасць пытанняў і пажаданняў ад насельніцтва. Жыхары вуліцы Нікалаева звярталіся па пытаннях вода- і цеплазабеспячэння, стану дарог.  Дзеля вырашэння звяртаўся з дэпутацкім запытам у адміністрацыю КЖУП «Хойніцкі камунальнік». Да таго ж, з’яўляюся членам пастаяннай камісіі райсавета дэпутатаў па бюджэтна-эканамічных пытаннях, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання. На пасяджэннях камісіі разглядваюцца актуальныя і злабадзённыя пытанні, якія датычаць забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва, пасля чаго прымаюцца адпаведныя рашэнні па паляпшэнню сітуацыі.


 


А. СЛІЖЫКАЎ,  дэпутат раённага Савета дэпутатаў 26 склікання.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *