Свайго лёсу гаспадары


«Я – самая звычайная жанчына: занята працай, выхоўваю дзяцей», – сказала Святлана Валер’еўна Чыжова, калі папрасілі расказаць, як зараджалася яе вясёлая, дружная, гасцінная сям’я, падзяліцца сакрэтамі ўзаемаразумення і любові, якімі  яна перапоўнена. Можа яно і так, але ўглядваючыся ў добрыя, ласкавыя вочы субяседніцы, разумееш, што шчасце жыве ў яе доме, і шчасце гэта ў дзецях, у свежасці сямейных адносін  і ва ўзаемных клопатах.



…З будучым мужам, ураджэнцам горада Лепеля, хайнічанка Святлана пазнаёмілася  на вяселлі сяброўкі Вольгі, якая выходзіла замуж за стрыечнага брата Міхаіла Чыжова ў 2001 годзе ў Віцебску. На той час Святлана пасля заканчэння Віцебскага сельскагаспадарчага тэхнікума вучылася ў Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Праз чатыры  гады родзічы і сябры адзначалі ў Хойніках  нараджэнне новай сям’і.
 З першага дня сумеснага жыцця Святлана Валер’еўна і Міхаіл Аляксандравіч сталі планаваць сваё будучае, марылі аб  вялікай і моцнай сям’і. Іх мары збываюцца.
Пераехаўшы ў аграгарадок Глінішча, маладая пара атрымала дом, у якім сёння гучыць дзіцячы смех. А дзеці ж – самае галоўнае і рэальнае багацце ў жыцці. Аб другім лёсе муж і жонка і не думалі: калі сям’я дружная, то дзеці ў радасць.



Аб іх Святлана Валер’еўна расказвае з вялікай любоўю. Старэйшы сын Максім – шасцікласнік Глінішчанскага дзіцячага сада-СШ – добра вучыцца, асабліва захапляецца матэматыкай,  прымае ўдзел у прадметных алімпіядах. Акрамя таго, любіць спяваць, танцаваць.  Сярэдні сын, першакласнік Валерый, напэўна, стане сапраўдным працаголікам: ужо цяпер з татам працуе на агародзе, корміць дамашнюю жыўнасць – Чыжовы трымаюць свіней, гусей, курэй.  Малодшая дачушка Ясенія з’явілася на свет сёлета, 14 жніўня, яна – маленькае сонейка ў доме, бязмерна дарагое для бацькоў, братоў ды  і для дзядулі з бабуляй.
З кранальнай цеплынёй і павагай гаворыць Святлана Валер’еўна аб сваіх бацьках: радуючыся за дачку і зяця, яны з гатоўнасцю падтрымліваюць іх, па магчымасці дапамагаючы і ў матэрыяльным плане.



Муж і жонка Чыжовы ў любой справе падтрымліваюць адзін аднаго, у доме абавязкі не дзеляцца на «мае» і «твае»: усё разам, рука аб руку. На пытанне аб тым, хто галоўны ў доме, Святлана адказвае, што муж. А Міхаіл усміхаецца ў адказ, маўляў, я – галава, а жонка – шыя, як паверне, так і будзе. І абодва весела смяюцца.
Міхаіл – чалавек вельмі працавіты, мэтанакіраваны, аптыміст па натуры. З’яўляецца зараз індывідуальным прадпрымальнікам, выконвае аддзелачныя работы. У яго, як кажуць, залатыя рукі, дом свой зрабіў як ляльку – выканаў еўрарамонт, прыбудаваў летнюю кухню з камінам, у ёй летам жывуць бацькі Святланы, яны перавезлі з Хойнік сюды кухонную абстаноўку, халадзільнік, тэлевізар.  І ў астатні час года бацька Святланы Валерый Васільевіч Прымачэнка, які працуе вадзіцелем у  Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведніку, прыязджае  ў Глінішча  на кожныя выхадныя, ён жа і заклаў на падворку дзяцей вялікі сад, дзе цяпер пладаносяць абрыкосы, персікі, яблыні, грушы, вішні, чарэшні, чарнасліў.
Вельмі цёпла расказвала Святлана аб сваёй маці – Наталля Мікалаеўна працавала поварам у дзіцячым садзе,  увесь час была сярод дзяцей. Акрамя дзвюх сваіх дачок, падняла на ногі ўнукаў-блізнят  памёршай  сястры.



Сама Святлана настолькі прывыкла да размеранага вясковага жыцця, што калі даводзіцца бываць у Хойніках, нават ва ўтульнай бацькоўскай кватэры, яе непераадольна цягне дамоў. Прычым  гэта ў яе трывала і назаўсёды асацыіруецца з Глінішчам.
Зрэшты, вёску Святлана любіла з дзяцінства, часта прыязджала ў Паселічы, да роднай цёткі Раісы  Мікалаеўны Майсеенка, якая працавала даяркай, дапамагала ёй. Менавіта таму і выбрала прафесію, звязаную з жывёлагадоўляй. У КСУП імя Мележа С.В. Чыжова працавала  заатэхнікам-селекцыянерам, бухгалтарам па жывёлагадоўлі, апошнія 7 месяцаў перад нараджэннем дачушкі – загадчыца цэнтральнай фермы гаспадаркі. За параўнальна кароткі  час стварыла  баяздольны калектыў, які   станавіўся лепшым у раённым спаборніцтве па вытворчасці малака і мяса – толькі за 8 месяцаў сёлета атрымана 8 грамат.
Святлана вельмі сумуе па рабоце, але ж самы галоўны клопат яе зараз – дагледзець дачушку.  Яна на ўласным вопыце ўпэўнілася: жыць у вёсцы можна – толькі працуй на сумленне, будзь сам гаспадаром свайго лёсу, свайго жыцця, старайся. І  дасягнуць можна многага.


Клаўдзія БОСАК.
 Фота Наталлі ЧЭКАН.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *