Экалогія, эканоміка напрамую залежаць ад эканоміі


У прайшоўшую сераду інфармацыйна-прапагандысцкая група раённага Савета дэпутатаў на чале са старшынёй райсавета Г.В. Бондар выязджала ў вёску Клівы для вядзення адкрытай размовы з мясцовым насельніцтвам па ўсіх напрамках жыццядзейнасці. Удзел у сустрэчы прынялі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь С.У. Чэкан і галоўны спецыяліст Гомельскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь А.В. Дамінцян.



Тэма адзінага дня інфармавання ў кастрычніку – «Другасная сыравіна: эканомія, экалогія, эканоміка». Раскрываючы яе сэнс, старшыня райсавета Г.В. Бондар падкрэсліла выгоды для эканомікі краіны пры актыўнай здачы другаснай сыравіны ў перапрацоўку, адходы такім чынам напрамую ідуць у даходы. У нашым райпо і Петрыкаўскім, згодна з праводзімым эксперыментам па актывізацыі тэмпаў здачы другаснай сыравіны, па самых высокіх у вобласці цэнах прымаюць макулатуру, шклабой, адходы тэкстылю, поліэтылен. І калі жыхары не на смеццязвалку іх будуць выкідваць, а панясуць у прыёмныя пункты, то і атрыманая капейка, як кажуць, рубель зберажэ. Дарэчы, кліўчане тут рэмарку ўнеслі.Маўляў, нязручна прадаўцу іх вясковага магазіна адначасова і тавары прымаць, і пакупнікоў абслугоўваць, ды яшчэ і другасную сыравіну закупляць у людзей. Вырашана выпрацаваць схему выезду ў вёску прыёмшчыка з райпо, толькі дзеля гэтага павінна быць актыўнасць з боку мясцовага насельніцтва.



Працягваючы тэму, Г.В. Бондар заклікала людзей да ўдумлівага абыходжання з адходамі, бо ў адваротным выпадку пагаршаецца экалогія. Зямлю нельга забруджваць, яна – наша карміцелька, павінна аддачу прыносіць, а гэта магчыма толькі пры граматных, паважлівых адносінах да яе. Гаварыла Галіна Віктараўна і пра тое, што паступова ліквідуюцца ў раёне міні-палігоны, не за гарамі той час, калі засыплюць і той, што за Клівамі. А гэта значыць, што ўсім жыхарам трэба заключыць дагаворы з КЖУП «Хойніцкі камунальнік» на вываз смецця.      



Да прысутных яна давяла інфармацыю пра сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна, навядзенне парадку на зямлі, у тым ліку аб добраўпарадкаванні могілак і інш.
Выступаючыя прадстаўнікі служб раёна гаварылі на розныя тэмы па сваіх галінах: папярэджвалі аб недапушчэнні п’янства, падмацаваўшы гэтую прафілактычную работу відэаролікам аб жыцці-быцці п’яніц з ліку жыхароў раёна, якія страчваюць чалавечую годнасць і аблічча, здзяйсняюць аварыі на дарозе. Каб не дапусціць падобнага, у раёне ўведзена абмежаванне продажу спіртнога з 18.00 да 10.00. Потым – пра шкоду пры ўжыванні наркотыкаў, аб захаванні ўласнай маёмасці, каб не выкралі яе, пра прыватызацыю жылля, дэмантаж вулічных калонак, дэмаграфічную абстаноўку і інш.



Супрацоўнікі МНС В.В. Сацура і А.В. Дамінцян завастрылі ўвагу на асноўных правілах недапушчэння пажараў – не курыць у пасцелі, не пакідаць без нагляду агонь у печы, грубцы, устанавіць пажарны апавяшчальнік, а таксама прадэманстравалі відэафільм аб тым, як агонь, горш чым злодзей, пазбаўляе людзей усяго, калі разгуляецца ў доме. Дарэчы, А.В. Дамінцян адзначыў станоўчую работу ў раёне аглядных камісій, галоўнае – пры дамавым абходзе ён убачыў замененую электраправодку, адрамантаваныя печы, як таго і патрабавалі прадпісанні членаў аглядных камісій. А яшчэ пахваліў і назваў вартым пераймання вопыт работы РАНС па прыцягненню сродкаў індывідуальных прадпрымальнікаў для набыцця і ўстаноўкі ў дамах мнагадзетных сем’яў аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь С.У. Чэкан расказала пра законатворчую дзейнасць у нашай краіне, пра захаванне прыярытэтаў сацыяльнай накіраванасці пры фарміраванні бюджэту дзяржавы наступнага года і інш.



Кліўчане ў сваю чаргу прасілі дапамогі мясцовай гаспадаркі ў апрацоўцы зямельных надзелаў, арганізацыі дыскатэк у мясцовым сельскім клубе, прасілі растлумачыць, на аказанне якіх бясплатных паслуг сацыяльнай службы могуць разлічваць пажылыя людзі.
Больш за 2-гадзінная гаворка завяршылася культурным адпачынкам, для вяскоўцаў спявалі ўдзельніцы жаночага ансамбля «Журавінка» аўтаклуба.


Тэкст і фота Ірыны ЛУКАШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *