Міколу Мятліцкаму – 65

Год малой радзімы Общество

Хайнічане на вечарыне пабывалі – юбіляра падарункамі і песнямі павіншавалі.

Усё ў паэта на прыкмеце,
За ўсіх душой хварэе ён.
Паэт – дзяжурны па планеце,
І застанецца ім спакон…

У творчасці, як і ў жыцці, кожны абірае свой шлях.
Нехта стварае свой уласны свет і ціхенька, паўшэптам кажа толькі пра самае дарагое і асабістае. А нехта – не баіцца казаць на поўны голас, жыве клопатам пра мінулае і будучыню ўсёй краіны, роднага народа. Думаецца, да ліку апошніх можна аднесці і вядомага беларускага паэта Міколу Мятліцкага, нашага славутага земляка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы, члена Прэзідэума Саюза пісьменнікаў Беларусі, старшыні таварыства «Беларусь – Славакія».

20 сакавіка Міколу Міхайлавічу споўнілася 65 гадоў. З гэтай нагоды ў вялікай зале Дома літаратара ў Мінску адбыўся юбілейны вечар «Паэт – дзяжурны па планеце». Са сцэны гучалі вершы і пераклады віноўніка ўрачыстасці ў выкананні артыстаў мінскіх тэатраў. Гучалі кранальна. Часам да слёз. У мерапрыемстве прымалі ўдзел прадстаўнікі пасольстваў, дзеячы культуры, вядомыя пісьменнікі, прыхільнікі творчасці, сябры, калегі, родныя.

На літаратурную вечарыну завіталі і хайнічане – з падарункамі ды песнямі. Пра сюрпрыз землякоў Мікола Мятліцкі не здагадваўся і быў шчыра і па-добраму ўдзячны нам за прыезд.
Намеснік старшыні райвыканкама Ж.М. Чарняўская передала юбіляру Прывітальны адрас ад імя старшыні райвыканкама А.У. Бандарэнкі, уручыла падарунак, шыкоўны букет кветак і прадэкламавала верш Міколы Міхайлавіча. І трэба сказаць, што атрымалася гэта ў Жанны Мікалаеўны выдатна. Апладысменты залы – яркае таму сцвярджэнне. Дарэчы, выступленне ансамбля «Грамада» госці вечара таксама сустракалі воплескамі і нават воклічамі «Брава». Хайнічане «запалілі», па-іншаму і не скажаш. Малайцы!

Вечар атрымаўся па-сапраўднаму цёплым і па-сяброўску ўтульным, напоўненым шчырымі словамі, песнямі і, канешне ж, паэзіяй.

Перад пачаткам мерапрыемства за кубачкам смачнай гарбаты атрымалася крыху пагаварыць з імяніннікам.
«Калі ў свеце ёсць паэты, ёсць духоўныя сілы, то прыгажосць не змеркне», – перакананы беларускі пісьменнік. Вершы, паэмы, празаічныя творы, публіцыстыка, пераклады сусветных класікаў – у творчым арсенале Міколы Мятліцкага.
Пасля выхаду ў свет першага зборніка вершаў «Абеліск у жыце» Мікалая Міхайлавіча прынялі ў Саюз пісьменнікаў СССР. За паэтычную кнігу «Мой дзень зямны» атрымаў прэмію Ленінскага камсамола Беларусі, а за выданне «Бабчын. Кніга жыцця» стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы.

На пятым курсе філалагічнага факультэта БДУ Міколу Мятліцкага запрасілі працаваць у штотыднёвік «Літаратура і мастацтва». Пасля заканчэння ўніверсітэта амаль два дзесяцігоддзі рэдагаваў кнігі ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» і дванаццаць гадоў узначальваў часопіс «Полымя».

Перш чым самому пісаць вершы, чатырохгадовы Мікола перад аднавяскоўцамі агучваў з`едлівыя радкі свайго дзеда Яўхіма Анісімавіча, які трапна падмячаў характэрныя рысы землякоў і ўмела рыфмаваў.
Паэзія Міколы Мятліцкага – лірычная споведзь душы сучасніка, які трагічна перажывае і па-філасофску глыбока асэнсоўвае становішча чалавека ў сённяшнім свеце, атручаным экалагічнымі і духоўнымі катастрофамі. Лірычнае слова для Міколы Мятліцкага самадастатковае, здольнае ўвасобіць самыя глабальныя праблемы гісторыі і сучаснасці. Аднак такое ўвасабленне магчыма толькі пры багацці духоўнага свету паэта, пры яго гранічным эмацыянальным і інтэлектуальным напружанні. У такім пастаянным духоўным пошуку і творыць паэт.

Сённяшні Мікола Мятліцкі – паэт удумлівы і сталы, са сваім адметным творчым почыркам.

Паважаны Мікола Міхайлавіч!
Яшчэ раз шчыра віншуем Вас з юбілеем! Жадаем моцнага здароўя, бадзёрасці духу, поспехаў ва ўсіх пачынаннях, сонечнага настрою, радасці, міру і ладу ў сям’і.

Алена СМУСЯНОК.
Фота аўтара.

  • Зараз Мікола Мятліцкі разам з жонкай Ірэнай Браніславаўнай праводзіць час на пенсіі ў Астравецкім раёне
  • Хроснай маці дачкі паэта Ганны была вядомая паэтка Яўгенія Янішчыц
  • Тры кнігі, якія павінен прачытаць кожны беларус:
    Паэма Янкі Купалы «Курган»
    «Новая зямля” Якуба Коласа
    «Людзі на балоце» Івана Мележа
  • Тры самыя значныя падзеі ў лёсе Міколы Міхайлавіча:
    — 1969 год – першая публікацыя вершаў у раённай газеце «Ленінскі сцяг»
    — 1971 год – паступленне на філалагічны факультэт БДУ
    — 2019 год – прысваенне звання «Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь»
  • Людзі, якія аказалі найбольшы ўплыў на жыццё:
    Анатоль Вялюгін, якога паэт лічыць сваім літаратурным настаўнікам, прафесар Алег Антонавіч Лойка, які кіраваў творчым аб’яднаннем «Узлёт», Барыс Іванавіч Сачанка, якому абавязаны адкрыццём для сябе асобы бабчынскага земляка Часлава Пяткевіча. І, вядома ж, Іван Пятровіч Шамякін, з якім выпала шчасце сябраваць больш за дваццаць гадоў


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *