Ёсць парадак – будуць і вынікі

Сельское хозяйство

На мінулым тыдні ў Рагачоўскім раёне прайшоў практычны семінар-нарада «Дзень поля», на які для азнаямлення з навінкамі айчыннай глебаапрацоўчай і трактарнай тэхнікі запрашаліся кіраўнікі раёнаў і сельгаспрадпрыемстваў Гомельскай вобласці.

У рабоце семінара прымаў удзел і старшыня Хойніцкага раённага выканаўчага камітэта А.У. Бандарэнка. Мы папрасілі яго расказаць падрабязней аб гэтым мерапрыемстве.

– Анатолій Уладзіміравіч, якія ўражанні засталіся ў Вас ад «Дня поля»?

– Галоўнае – гэта тое, што наша навука і вытворчасць сельгасмашын не стаяць на месцы, а канструктарская думка ідзе ў нагу з часам. І Мінскаму трактарнаму заводу, і адкрытаму акцыянернаму таварыству «Амкадор» было што паказаць на гэтым маштабным мерапрыемстве. Яго вынікі яшчэ раз пераканалі ў тым, што, нягледзячы на прыродныя катаклізмы, у нас ёсць уся лінейка сучаснай тэхнікі для эфектыўнага вырошчвання сельскагаспадарчых культур.
Запомнілася наведванне мехдвара ААТ «Ціхінічы» – аднаго з сельгаспрадпрыемстваў, на базе якога праходзіў семінар. Бачна, што ідэальны парадак тут не паспешліва наведзены для гасцей, а звычайная паўсядзённая практыка работы.

– На палях раёна ў разгары веснавая сяўба. Як Вы пракаментуеце ход работ?

– Радуе, што ў гэтым годзе ўсё ідзе па намечанаму плану, да выхадных павінна быць закончана сяўба ранніх яравых збожжавых культур. Потым пераключымся на сяўбу аднагадовых культур – проса і пайзы, а таксама аўсу на зялёны корм. Да 1000 гектараў зоймуць сёлета і пасяўныя плошчы люцэрны – пажыўной кармавой культуры, якая выдатна зарэкамендавала сябе ў папярэднія гады. Зараз сельгаспрадпрыемствы раёна набываюць насенне для сяўбы шматгадовых траў.
Два сельгаспрадпрыемствы – КСУП «Судкова» і КСУП «Эксбаза «Стралічава» пачалі сяўбу кукурузы. У хуткім часе да іх далучацца і астатнія гаспадаркі раёна. Мяркую, што з пастаўленай задачай – завяршыць сяўбу кукурузы да 9 мая, справімся паспяхова. Дарэчы, на палях тых сельгаспрадпрымстваў, якія першымі адсеяліся раннімі збожжавымі культурамі, ужо з’явіліся дружныя сакавітыя ўсходы. У гаспадарках раёна сяўба вядзецца ў строгай адпаведнасці з патрабаваннямі сучасных тэхналогій вырошчвання сельскагаспадарчых культур.

Ускладаем надзеі на далейшае павышэнне тэмпературы паветра і глебы, хутчэйшы надыход устойлівага цяпла. Не перашкодзілі б і цёплыя красавіцкія дожджыкі.

– Што Вы скажаце аб стане жывёлагадоўчых ферм сельгаспрадпрыемстваў раёна?

– Адзначу, што ў гэтым пытанні ў нашым раёне наладжана сістэма дзейснага і эфектыўнага кантролю. У сельгаспрадпрыемствах пастаянна бываюць спецыялісты раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання. Свой плён прыносіць і рашэнне раённага выканаўчага камітэта аб замацаванні прамысловых прадпрыемстваў горада за канкрэтнымі гаспадаркамі. Дзяржаўны ліцэй, запаведнік, прадпрыемства меліярацыйных сістэм, Хойніцкі лясгас і іншыя арганізацыі пастаянна аказваюць сельскагаспадарчым прадпрыемствам сваю пасільную дапамогу ў вырашэнні праблем працаўнікоў вёскі. Дарэчы, адчувальнай яна стала і ў ходзе веснавой сяўбы, такія адносіны павінны захавацца і надалей.
З іншага боку, сельскім працаўнікам таксама нельга ва ўсім разлічваць і спадзявацца толькі на дапамогу «шэфаў». Ніхто не адмяняў заўсёды актуальную формулу поспеху: ёсць парадак – будуць і належныя вынікі.

Гутарыў Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *