Па чарнобыльскай праблематыцы


Беларускае аддзяленне Расійска-Беларускага інфармацыйнага цэнтра (БА РБІЦ) па праблемах вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, якое створана 20 кастрычніка 2007 года, з’яўляецца філіялам РНДІУП “Інстытут радыялогіі” Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь. Агульнае кіраўніцтва цэнтрам ажыццяўляецца Упраўленнем пераадолення радыяцыйных аварый і катастроф Міністэрства Расійскай Федэрацыі па справах грамадзянскай абароны і Дэпартаментам па ліквідацыі вынікаў катастрофы на ЧАЭС МНС Рэспублікі Беларусь.

Работа цэнтра ахоплівае розныя аспекты чарнобыльскай аварыі – радыяцыйна-гігіенічныя, сацыяльна-псіхалагічныя, сацыяльна-эканамічныя, нарматыўна-прававыя і інш. Стварэнне адзінай расійска-беларускай інфармацыйнай сістэмы дазваляе забяспечыць эфектыўнае ўзаемадзеянне зацікаўленых арганізацый па пытаннях рэалізацыі саюзнай праграмы і арганізаваць работу з насельніцтвам радыеактыўна забруджаных тэрыторый дзвюх дзяржаў.

З рабочай паездкай наш раён  наведалі супрацоўнікі БА РБІЦ: намеснік дырэктара М.Я. Барысевіч, загадчык сектара А.У. Собалеў і вядучы навуковы супрацоўнік В.К. Дашкевіч. Мэта паездкі – абмеркаванне на месцах бягучага стану, праблем, патрэбнасцей, прыярытэтаў у інфармацыйнай рабоце па чарнобыльскай тэматыцы, маніторынгу пастаянна дзеючых экспазіцый “Пераадоленне вынікаў чарнобыльскай катастрофы”.

У аддзеле ідэалагічнай работы райвыканкома госці азнаёміліся з нагляднай агітацыяй па чарнобыльскай тэматыцы, у раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі ім расказалі аб дзейнасці радыялагічнай службы. Вялікую цікавасць у прыехаўшых выклікала наведванне музея “Трагедыя Чарнобыля” ў аграгарадку “Судкова”.

Супрацоўнікі БА РБІЦ прывезлі з сабой інфармацыйныя матэрыялы. Дэпартаментам па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС МНС Рэспублікі Беларусь, Гомельскім абласным выканаўчым камітэтам і РНДІУП “Інстытут радыялогіі” выраблены сацыяльна-радыяцыйны пашпарт Хойніцкага раёна. У ім адлюстраваны: агульная і поставарыйная характарыстыка раёна па стану на 1 студзеня 2009 года; асноўныя мерапрыемствы, якія ажыццёўлены за кошт сродкаў Дзяржпраграм па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС; звесткі аб аздараўленні насельніцтва раёна за 2008 год; пералік населеных пунктаў раёна, якія знаходзяцца ў зонах радыеактыўнай забруджанасці згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 23 снежня 2004 г. № 1623. Дадзена разгорнутая эканамічная характарыстыка раёна за 2008 год.

“Беларусь і Чарнобыль” – такую назву мае брашура, выпушчаная Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь і Дэпартаментам па ліквідацыі вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС да 23-й гадавіны чарнобыльскай катастрофы. У ілюстраваным выданні прадстаўлена прадукцыя ПУП “Палескія сыры” і асветлена флора і фауна ПДРЭЗ.

Пастаўлена задача ахапіць метадычнымі і навучаючымі праграмамі кіраўнікоў сельвыканкомаў, якія знаходзяцца ў штодзённым кантакце з насельніцтвам.
У паездцы па раёну супрацоўнікаў БА РБІЦ суправаджаў намеснік старшыні райвыканкома В.М. Шаўчэнка.



Клаўдзія БОСАК.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *