Жывыя сімвалы будучага года


Надыходзячы 2014 год па моднаму зараз усходняму календару лічыцца годам Каня. Навукова-тэхнічная рэвалюцыя, а таксама імклівае развіццё і ўдасканаленне транспартных сродкаў прыкметна скарацілі пагалоўе вараных, гнядых і буланых, якія выкарыстоўваюцца ў розных галінах народнагаспадарчага комплексу. І ўсё ж яны па-ранейшаму застаюцца першымі і надзейнымі памочнікамі чалавека на сельскагаспадарчых фермах і комплексах, у прыватных і фермерскіх гаспадарках.


 
Попыт на гэтых працавітых, дабрадушных і безадказных жывёлін застаецца па-ранейшаму высокім. Гэта добра ведаюць на Варацецкай конеферме Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Толькі за адыходзячы ў гісторыю 2013 год запаведнікам рэалізавана спажыўцам 70 коней больш чым на 840 мільёнаў рублёў. Калі працягнуць гэтыя падлікі далей, то атрымаецца, што кожная конская галава прынесла запаведніку не менш 12 мільёнаў рублёў. І сапраўды, ёсць нядрэнны стымул працягваць і надалей займацца гэтай галіной сельскай гаспадаркі.



Свой старт конегадоўля ў запаведніку ўзяла яшчэ ў сярэдзіне 90-х гадоў. Гэтая ініцыятыва была агучана Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнку пад час яго візіту ў наш раён. Кіраўнік дзяржавы падтрымаў яе, і ў 1996 годзе на выдзеленыя з дзяржбюджэту мэтавыя сродкі былі закуплены першыя 40 галоў пяці парод. Яшчэ праз 10 гадоў – у 2006 годзе запаведнік атрымаў статус племянной гаспадаркі па развядзенню коней рускай цяжкавознай пароды, якая застаецца прафіліруючай і зараз.
Коні на тэрыторыі запаведніка ўтрымліваюцца на ўсіх трох участках – Хойніцкім (193 галавы), Брагінскім (55) і Нараўлянскім (62). Усяго 310 галоў, а на будучае, за кошт павелічэння пагалоўя на Варацецкай конеферме, гэтую лічбу плануецца давесці да 350 галоў.



Расказвае вядучы заатэхнік запаведніка Алена Міхайлаўна Болдырава:
– Коней, якіх мы вырошчваем, у далейшым рэалізуем сельгаспрадпрыемствам краіны ў якасці племяннога маладняку, а таксама спажыўцам у якасці запражных. А выбракоўку жывёлы здаём на мясакамбінат.
Што датычыць рэалізацыі, то ў апошні час у нас склаліся добрыя партнёрскія сувязі з аб’яднаннем «Белкумыспрам», што ў Лагойскім раёне, і ў 2013 годзе 24 нашы кабылкі мы прадалі яму для вытворчасці гэтага вельмі карыснага і гаючага напою. Нашых запражных коней для далейшай рэалізацыі ахвотна купляюць індывідуалы і фермеры, набываюць іх і для вядзення прысядзібнай гаспадаркі.



На Варацецкай конеферме зараз утрымліваюцца 5 жарабцоў (2 – савецкай цяжкавознай пароды, столькі ж рускай цяжкавознай і 1 – рускай рысістай пароды), 104 конематкі, а астатнія – маладняк. З усім гэтым пагалоўем спраўляюцца 23 работнікі абслугоўвага персаналу. Працуем на ферме пазменна – жывёла патрабуе догляду круглыя суткі, а выжарабка (нараджэнне жарабят) у асноўным адбываецца ў начны час.



Для эфектыўнага вядзення конегаспадаркі на Варацецкай конеферме створана выдатная кармавая база. Напрыклад, у гэтым годзе мы ўласнымі сіламі нарыхтавалі 800 тон сена і 567 тон травянога сенажу вельмі высокай якасці. Акрамя таго, дадаём у рацыён канцэнтраты, а для маладняку – яшчэ і здрабнёны авёс з ячменем. Дарэчы, сярэднясутачныя прывагі маладняку ў нас не бываюць ніжэй кілаграма.



Вельмі важна і тое, што тут маецца сучасны ветэрынарны пункт з расколамі (своеасаблівымі фіксуючымі жывёліну прыстасаваннямі для ажыццяўлення неабходных лячэбных працэдур), выдатна ведае сваю справу і ветэрынарны ўрач Аляксандр Уладзіміравіч Гарашчанка.
Калектыў падабраўся дружны і згуртаваны, кожны добра ведае сваю справу і сумленна ставіцца да сваіх абавязкаў. Так што далейшыя перспектывы для развіцця конегадоўлі ў запаведніку, несумненна, ёсць.



Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *