Салдаты Радзімы Бярог яго на полі бою спеў рудакоўскіх салаўёў


Будзяць сэрца старонкі памяці. Аб чым марылася, што збылося… У жыцці так шмат добрага, што неяк на задні план адступае самае горкае, балючае. І часцей за ўсё Уладзімір Сцяпанавіч Клімянок успамінае той час, калі хадзіў ён у Рудакоўскую школу, на канікулах шчыраваў разам з бацькамі на калгасных сенажацях і любіў слухаць вечарамі, як у густых зарасніках каля былога панскага маёнтка спявалі-заліваліся салаўі. “От жа не абдзяліў Бог птахаў музычным слыхам”, – устаўлялі рудакоўцы пры гэтым.

А з захаду падымаўся ўжо павукападобны крыж фашысцкай свастыкі. Па радыё трансліравалі песню аб савецкіх доблесных лётчыках “Всё выше, и выше, и выше…” Усе хлопцы-васьмікласнікі марылі стаць такімі ж смелымі і адважнымі, як паказалі сябе байцы Чырвонай Арміі ў бітве каля возера Хасан. І цвёрда верылі ў словы песні “Если завтра война…”, то вораг будзе разбіты на яго ж тэрыторыі.

РАСКАЗВАЕ У.С. КЛІМЯНОК:

– Незадоўга да заканчэння школы задалі нам, васьмікласнікам, сачыненне на вольную тэму “Кім я хачу быць”. І сёння памятаю, аб чым тады напісаў. Вядома ж, хацелася атрымаць ваенную спецыяльнасць і абавязкова стаць танкістам. Тым больш, што і невысокі мой рост якраз падыходзіў для таго, каб утульна адчуваць сябе ў цеснай баявой машыне. Аднак лёс распарадзіўся інакш. 24 жніўня 1941 года немцы былі ўжо ў Рудакове. Аб якой вучобе можна было гаварыць?..

Расстрэлы, рабаўніцтва, згвалтаванні прынёс “новы парадак”. Даходзілі чуткі з іншых населеных пунктаў аб масавым знішчэнні актывістаў, камуністаў, камсамольцаў, цыган, яўрэяў. Ведаў Уладзімір Клімянок і аб тым, што землякі-хайнічане пачалі ўжо аказваць супраціўленне захопнікам. Гэта і паскорыла яго рашэнне пайсці ў партызаны якраз у той час, калі фашысты пачалі адпраўляць сілком моладзь на работы ў Германію. Сцяпан Клімянок, можна сказаць, блаславіў сына на свяшчэнную партызанскую барацьбу, хоць і ведаў, што гэта была вялікая рызыка, сем’і партызан расстрэльвалі.

 У партызанскім атрадзе імя Чапаева хлопцу больш даручалі гаспадарчыя работы, але часта пасылалі і ў разведку.

Праз пяць дзён пасля вызвалення раёна Уладзімір быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію. Баявую падрыхтоўку праходзіў у горадзе Кіраве Смаленскай вобласці ў 36-м запасным стралковым палку. У пачатку 1944 года полк быў накіраваны на фронт. Звычайна воінскія эшалоны суправаджаліся вартай з устаноўкамі зенітных гармат і кулямётаў. Той жа, на якім давялося ехаць Клімянку, не меў варты і стаў лёгкай здабычай нямецкіх самалётаў. Яны на брэючым палёце бамбілі эшалон і палівалі свінцовым дажджом безабаронных салдат.

РАСКАЗВАЕ У.С. КЛІМЯНОК:

– Гэта было жудаснае відовішча. Каля 100 салдат і афіцэраў было забіта, яшчэ больш паранена. Астатніх вярнулі ў г. Алабіна, дзе яны папоўнілі маршавы полк і былі кінуты пад г. Ковель. Там полк расфарміравалі па часцях дзеючай арміі.

Уладзімір Сцяпанавіч трапіў у аўтаматную роту, якая амаль з ходу была кінута на вызваленне г. Тур’еўска. Паспяхова фарсіраваўшы раку Тур’я, рота пайшла ў атаку. Але раптоўны шквал артылерыйска-мінамётнага агню накрыў наступаючых. Атака толькі на лічаныя секунды захлынулася, узнятыя агульным парывам байцы  зноў кінуліся ўперад, расстрэльвалі гітлераўцаў ва ўпор, закідвалі гранатамі. Горад быў узяты, а салдаты атрымалі першае баявое хрышчэнне.

Потым былі баі на Сандамірскім плацдарме, вызваляў У.С. Клімянок г. Варшаву, за штурм г. Швібус быў узнагароджаны медалём “За адвагу”.

На ўсё жыццё засталася ў памяці ветэрана бітва за прарыў абароны на Зеелаўскіх вышынях 16 красавіка (пачатак Берлінскай аперацыі).

РАСКАЗВАЕ У.С. КЛІМЯНОК:

– Гэтыя вышыні панавалі над вялікай тэрыторыяй і былі ператвораны ў добра ўмацаваны рубеж. Праціўнік лічыў яго непрыступным і рабіў галоўную стаўку ў абароне сталіцы трэцяга рэйха. Чатыры дні ў асноўным рукапашных баёў спатрэбілася нам, каб узарваць глыбока эшаланіраваную абарону і дабрацца да самага сэрца фашысцкай пачвары. Мы ўбачылі не проста горад, а страшыдла, напоўненае агнём, быццам дамы ўзведзены не з цэглы, а з дымавых шашак з агнямётамі. Гітлераўцы супраціўляліся адчайна. І вось 2 мая 1945 года страляніна пачала сціхаць. У 6.30 генерал Вейндлінг, камандуючы абаронай Берліна, заявіў аб безагаворачнай капітуляцыі гарнізона і звярнуўся па радыё да нямецкіх салдат з заклікам скласці зброю. Да 15.00 астаткі гарнізона здаліся ў палон. Нашы байцы ўпершыню за апошнія 16 дзён кровапралітных баёў спакойна заснулі проста на берлінскіх вуліцах, падклаўшы пад галаву шынялі.

За праяўленыя мужнасць і гераізм у бітве за Берлін Уладзімір Сцяпанавіч Клімянок быў узнагароджаны ордэнам Славы ІІІ ступені і медалём “За ўзяцце Берліна”.

…На радзіме, у маляўнічай вёсцы Рудакоў, ужо ладзілі свае канцэрты салаўі. І хто ведае, магчыма, іх спевы, аб якіх так часта ўспамінаў на фронце Уладзімір Сцяпанавіч, засланялі яго ад смяротнай кулі або асколка. І пасля Вялікай Перамогі яшчэ вартаваў граніцы дзяржавы ён на востраве Рудэн, а сустрэча з роднымі і блізкімі адбылася ў маі 1950 года.

Працаваў пасля вайны сакратаром народнага суда, добраахвотнікам паехаў асвойваць цалінныя землі, перад выхадам на пенсію працаваў у ПМК у г. Хойнікі. Зараз У.С. Клімянок дапамагае дзецям расціць і выхоўваць трох унукаў, з’яўляецца членам прэзідыума раённай ветэранскай арганізацыі, ён часты і жаданы госць у школах раёна, у краязнаўчым музеі, праводзіць вялікую работу па патрыятычнаму выхаванню дзяцей і моладзі.


М. СКРЫПЧАНКА,
старшыня прэзідыума
раённай ветэранскай
арганізацыі.
На здымку: ветэран вайны У.С. Клімянок.
              Фота Уладзіміра
                      СЯМЕНАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *