У новым годзе – з новымі ўмовамі працы

Сельское хозяйство

Сёння жывёлагадоўля без сучасных тэхналогій усё роўна, што птушка без крыла. Каб трымацца на вышыні, трэба ўдасканальвацца. Мінулы 2013 год для сельскай гаспадаркі нашага раёна адзначаны сапраўдным прарывам – было пабудавана і ўведзена ў дзеянне адразу 6 даільна-малочных блокаў!



Пад заслону года ў новабудоўлях згулялі «наваселлі». Кароўкі пачалі абжывацца ва ўтульных «апартаментах», а аператары машыннага даення, абслуговы персанал сталі першапраходцамі ў асваенні новых тэхналогій і абсталявання. Мы вырашылі даведацца, як у новым годзе ім працуецца ў новых умовах, і пабывалі на даільна-малочных блоках у н.п. Храпкаў, Алексічы і Лісцвін.



ХРАПКАЎ. Ужо ад знешняга выгляду ДМБ немагчыма стрымаць захаплення. Усё зроблена, што называецца па апошнім слове, з самых сучасных матэрыялаў. Пластыкавыя дзверы і шклопакеты, цікавая афарбоўка будынка. Унутры прасторныя памяшканні, падлога і сцены выкладзены пліткай светлых адценняў. «Што і казаць – прыгожа!», – каменцірую я, уважліва аглядаючы інтэр’ер. «А яшчэ цёпла і светла», – дадае аператар машыннага даення Тамара Карпаўна Брухавецкая. Жанчына працуе даяркай ужо дваццаць гадоў і, зразумела, ёй ёсць з чым параўноўваць. Яна цалкам задаволена зменамі, зазначае, што працаваць стала намнога лягчэй – адчувальна менш фізічнай работы. Пытаюся: «Ці хутка «пасябравалі» з новым абсталяваннем?». «Тут усё проста. Вось жывёла заходзіць у залу, дарэчы, яна  ў нас тыпу «елачка». Кожная кароўка займае сваё месца для даення. Да слова, адначасова можна даіць 24 каровы. Мы акуратна выконваем усе тэхналагічныя аперацыі, а потым справа націску адной кнопкі, тут нічога не пераблытаеш. А лічбы на экране паказваюць,  колькі атрымана малачка. У сярэднім на даенне ў нас затрачваецца дзве гадзіны», – з задавальненнем патлумачыла Тамара Карпаўна.



ЛІСЦВІН. Усё падпарадкавана залатому правілу заатэхніі – жывёла павінна адчуваць сябе камфортна – і на даільна-малочным блоку ў Лісцвіне. Тут, як і на ўсіх ДМБ, створаны добрыя ўмовы і для жывёлы, і для работнікаў. Упэўніцца ў гэтым змаглі ў час «экскурсіі» па добраўпарадкаваных бытавых пакоях, дзе ёсць душ, туалет, рукамыйнік, гардэробныя шафы, канапа, стол з крэсламі, электрачайнік. Цікаўлюся ў дзяўчат: «Як вы тут? Як працуецца?» А даярачкі ў адказ: «Добра ў нас, цёпла, суха і прыгожа, шчыра нарадавацца не можам.»
Галоўным плюсам для маладога аператара машыннага даення Вольгі Мікалаеўны Шпарун з’яўляецца мінімізацыя ручной працы. Яшчэ зусім нядаўна ўсе даілі ў бачкі, падымалі і пераносілі цяжкасці, а цяпер ва ўтульнай даільнай зале працуюць прыпяваючы ды прытанцоўваючы (у прамым сэнсе, пад музыку). Выконваючая абавязкі брыгадзіра Роза Рафікаўна Амельчанка (на здымку справа) расказала, што даяркі і іншыя работнікі фермы перад запускам новай тэхналагічнай лініі атрымалі карысныя парады ад прадстаўнікоў фірмы, якія ўстанаўлівалі даільнае абсталяванне. Яны разам з  жывёлаводамі прайшлі праз увесь тэхналагічны ланцужок і падрабязна тлумачылі, якія аперацыі трэба выконваць. Жанчыны ўсё хутка «схапілі» і на заўтрашні дзень даілі, быццам увесь час так і працавалі.
Аператары машыннага даення Марыя Васільеўна Козуб і Алена Фёдараўна Шалкунова адзначылі, што для іх цяпер галоўнае – строга захоўваць правілы даення, каб і малако добрай якасці мець, і захворванне кароў на мастыты папярэдзіць. У цэлым пазітыўны настрой работнікаў Лісцвінскай ДМБ парадаваў, яны навагоднюю елачку ўстанавілі і спадзяюцца, што новы год стане часам новых працоўных дасягненняў. 



АЛЕКСІЧЫ. Неад’емнай часткай абсталявання даільнай залы з’яўляецца ўнікальнае праграмнае забеспячэнне для кіравання статкам. Сістэма DataFlow падае пашыраны збор інфармацыі аб кожнай карове. На Алексіцкім даільна-малочным блоку гэту разумную праграму асвоіў малады брыгадзір Анатолій Корбіт (на здымку справа). Ён добра разбіраецца ў паказчыках на камп’ютары, што значна палягчае кантроль за дойкай.
Дарэчы, на даільна-малочным блоку ў Алексічах таксама давялося пачуць шмат добрых водгукаў аб новым вытворчым аб’екце. Як яшчэ адзін вялікі плюс, загоншчык і мыйшчык Міхаіл Аркадзьевіч Жураўскі адзначыў наяўнасць і выкарыстанне мыйнага пыласоса фірмы «Karcher». Мужчына прадэманстраваў работу сучаснай цуда-тэхнікі, сапраўды, рэч зручная.



Наталля ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *