60 гадоў – у свеце кніг

Людзі і лёсы

У шэрагу прафесій, якія існуюць, асобна можна выдзеліць бібліятэкара. Па-мойму, бібліятэкар – гэта чараўнік, які жыве ў свеце кніг, а  бібліятэка для чытачоў як  свой родны, любімы дом.



У бібліятэцы Паселіцкай сярэдняй школы Л.Д. Курленка адпрацавала 60 гадоў і ганарыцца, што ў яе працоўнай кніжцы ўсяго толькі адзін запіс. Многія гавораць: сціплая пасада. Але ў Лізаветы Данілаўны іншая кропка гледжання, бо не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек – месца.



Дэвізам работы з рабятамі для яе сталі словы А. Макаранкі  і В. Шукшына аб тым, што ў чалавека павінна быць адзіная спецыяльнасць – быць сапраўдным чалавекам, каб пры сучасных хуткасцях не забыць аб душы чалавечай, аб тым, што ўсе мы  людзі і многія маюць патрэбу ў нашай увазе і дабрыні.
Вядома, што вопыт накапліваецца з  кожным годам. Усім вядомы традыцыйныя формы работы: чытацкія канферэнцыі, бібліятэчныя ўрокі, літаратурныя віктарыны, агляды  навінак літаратуры. Але для таго, каб пастаянна развіваць і падтрымліваць у школьнікаў інтарэс да кнігі, Лізавета Данілаўна выкарыстоўвала нестандартныя, займальныя формы, такія як гульня, пошук, зносіны. Праводзіла Дні кнігі, прысвячэнне ў чытачы, падарожжы ў краіну літаратуры. Гэта работа прыносіла ёй задавальненне, бо бачыла, як у дзяцей загараюцца вочы, калі яны з нецярпеннем хацелі адказваць на пастаўленыя пытанні.



Сцяжынка, якая вядзе вучняў у бібліятэку, пачынаецца з першага класа. Не бяда, што малышы яшчэ не ўмеюць чытаць. Няхай пакуль разглядваюць карцінкі, ілюстрацыі да кніг, а дарослыя пазнаёмяць іх з выдатнымі гісторыямі, героямі казак. У бібліятэцы Лізавета Данілаўна вучыла дзяцей любіць кнігу, любіць Радзіму. Памятаючы словы В. Сухамлінскага аб тым, што кніга – гэта акенца, праз якое дзеці бачаць і разумеюць свет і сябе, яна старалася як мага хутчэй далучыць рабят да мастацтва чытання.
У падлеткавым узросце замацоўваюцца маральныя ідэалы і каштоўнасці, у чым вялікую дапамогу можа аказаць мастацкая літаратура. Для таго каб узмацніць чытацкі інтарэс старшакласнікаў, навучыць іх глыбей разбірацца ў прачытаным, бібліятэкар выкарыстоўвала такую форму работы, як абмеркаванне кнігі або канферэнцыі па кнізе.
Лізавету Данілаўну хвалюе тое, што са з’яўленнем новых тэхналогій аб кнізе сталі трохі забываць. Не, яна не супраць Інтэрнета, тэлевізара і мабільнага тэлефона. Усё гэта дазваляе чалавеку хутка і без асаблівых намаганняў атрымаць патрэбную інфармацыю. Але, на яе думку, нішто не можа замяніць чалавеку пачуцця, калі бярэш у рукі стары, пашарпаны томік вялікага класіка і старонку за старонкай упітваеш у сябе яго тварэнне. Вось чаму заўсёды заклікала і заклікае ўсіх ветэран бібліятэчнай справы хадзіць у бібліятэку! Бо кніга – гэта памочнік, сябар і дарадчык.



Кожны дзень, адкрываючы дзверы бібліятэкі, Лізавета Данілаўна бачыла за сабой чараду вучняў. Не была яна ў крыўдзе, што многа было мітусні, што часам даймала стомленасць. Яна ведае, што такое  шчасце, якое для сябе без сваіх віхрастых чытачоў, якім уручыла ключ ад бібліятэкі яшчэ з дзяцінства,  не ўяўляла.
Лізавету Данілаўну ведаю больш за 20 гадоў, яна першай сустрэла мяне, калі я, маладой настаўніцай, пераступіла парог школы. Не адзін раз яна выцірала мне слёзы і сунімала душэўны боль. А як умее радавацца за твае поспехі і поспехі тваіх ужо дарослых дзяцей!
І ў свае 90 гадоў Лізавета Данілаўна застаецца такой жа ўнікальнай, чалавечай, шчырай. Яна – гонар не толькі нашага Паселіцкага сельсавета, але і гонар для сваіх сыноў, суседзяў, працаўнікоў адукацыі. Па жыцці нясе з сабой такую чалавечую рысу, як цярплівасць – сапраўды дар Божы. Вось чаму ўсе, хто ведае Л.Д. Курленку, зычаць ёй здароўя, душэўнага спакою, клапатлівай увагі родных і блізкіх людзей.



І. СЯЛЕЦКАЯ, настаўніца Паселіцкага д/с-СШ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *