Бытавыя скандалы – глеба для крыміналу

Законнасць і парадак

На вялікі жаль, частымі становяцца злачынствы, здзейсненыя самымі блізкімі для нас людзьмі – бацькам, маці, сястрой, братам, нашымі суседзямі.


Злачынствы здзяйсняюцца па розных матывах, у выніку ўплыву розных сацыяльна-эканамічных фактараў, а таксама зніжэння маральных устояў, традыцый, роднасных сувязей сям’і, нізкай культуры сямейна-бытавых адносін. Аднак адносіны гэтыя схаваныя ад пабочных вачэй. Калі пастаянныя скандалы ў сям’і выліваюцца ў трагедыю, то толькі тады яны становяцца здабыткам галоснасці. Нярэдка ж сямейным дэбашырам удаецца дзякуючы патуральніцтву пацярпеўшых членаў сям’і ўхіляцца ад адказнасці.



Тры крымінальныя справы аб’яднаны ў адну вытворчасць у адносінах жыхара горада Хойнікі М., 1984 года нараджэння. Гэты неаднаразова судзімы малады чалавек у 2012 годзе вярнуўся з месц пазбаўлення волі, нідзе не працаваў, злоўжываў спіртнымі напіткамі. Жыў з маці, 1948 года нараджэння па вул. Мележа г. Хойнікі. Сістэматычна наносіў чалавеку, які даў жыццё, пабоі, а 1 красавіка  пагражаў забойствам, прыставіўшы да шыі маці нож. Аналагічнае злачынства здзейсніў будучы ў нецвярозым стане ў кастрычніку 2012 года.



Неаднаразова судзімы жыхар г. Хойнікі В., 1977 года нараджэння, таксама ў захапленні ад алкагольных напіткаў. Але не заўсёды яны для яго меліся. Аднойчы жадаў пахмяліцца незвычайным спосабам. Зайшоў да суседзяў, выбіўшы дзверы дома па вул. Пралетарскай, дастаў нож і стаў патрабаваць, каб тыя ішлі ў магазін і прынеслі яму спіртное.
Грамадзянін В. затрыманы супрацоўнікамі міліцыі, у адносінах яго ўзбуджана крымінальная справа.



А яшчэ адно злачынства, якое кваліфікуецца законам як хуліганства, увогуле не паддаецца разуменню. Сям’я грамадзяніна С. прыязджала ў Хойнікі з Рагачоўскага раёна на памінанне. Сёлета 9 студзеня вярталіся дамоў праз аўтастанцыю, дзе ў гэты час спынілася службовая міліцэйская машына. Да яе падышоў С., адкрыў дзверцы і нанёс удар міліцыянеру, які знаходзіўся ў машыне. У крыві зламысніка выяўлены алкаголь, якога хапіла, каб прыцягнуць да адказнасці за здзейснены ўчынак згодна з крымінальным заканадаўствам.



М. БАРЫСЕНКА, начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *