Беларусь турыстычная: зона адчужэння і адсялення, Хойніцкі раён

Беларусь турыстычная Наши проекты

Шчыра кажучы, даўно хацела наведаць зону адчужэння і адсялення. Да неяк магчымасці не было, хаця размешчана яна не так далёка ад Хойнік.

А тут выпаў шанец, і я з задавальненнем яго выкарыстала. Мне і рэдакцыйнаму вадзіцелю выпісалі пропуск на знаходжанне на тэрыторыі зоны эвакуацыі, землі якой па нашаму маршруту адносяцца да Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка.

Мы хуценька ўранні адправіліся ў вёскі, пацярпелыя ад атаму. Каб нам было зручней, у дапамогу далі «правадніка», ляснічага Бабчынскага лясніцтва Юрыя Іванавіча Надзіна.

Прайшлі два кантрольна-прапускныя пункты, едзем далей. Каля праезнай часткі дарогі не ўсё так дрэнна: растуць прыгожыя хвоі, дубы, вязы, бярозы, клёны, спяваюць птушкі дзе-нідзе, працякае невялічкая рачушка. Пакуль нічога не нагадвае пра падзеі 1986 года, толькі папераджальныя знакі аб радыяйцыйнай небяспецы, помнікі вяртаюць у мінулае. Па шляху ў вёску Бабчын, дзе раней пражывала 728 чалавек, заехалі ў зубрагадавальнік.

Накіроўваемся ў Дронькі, дзе да катастрофы на ЧАЭС колькасць насельніцтва складала 232 чалавекі, а цяпер ад вёскі засталіся толькі закінутыя дамы і трухлявыя хлявы. Зайшлі ў некаторыя хаты, дзесьці і нейкая мэбля захавалася, гліняныя гладышкі, сталы і стулы, печкі.

Апошні наш прыпынак – вялікая адселеная вёска Пагонае. Наведалі былы двор народнага вучылішча, школу, магазін і клуб. Дарэчы, клуб найбольш уразіў мяне, у актавай зале знайшліся стэнды ў духу таго часу. Дамы таксама не засталіся без нашай увагі. У многіх з іх вісіць адзенне, стаіць абутак, захаваліся кнігі, друкаваная прэса 1986 года…

Думаю, усе мае эмоцыі добра перадаюць фотаздымкі.

Тэкст і фота Вікторыі МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *