Прафілактыкі многа не бывае

Власть

На чарговым пасяджэнні райвыканкама разгледжаны пытанні эфектыўнасці прымаемых мер, накіраваных на процідзеянне незаконнаму абароту наркотыкаў, прафілактыку іх ужывання, сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна ў студзені-сакавіку 2019 года, а таксама аб выкананні бюджэту раёна за першы квартал.

Удзел у пасяджэнні прыняў начальнік УУС аблвыканкама А.П. Васільеў.

Эфектыўнасць процідзеяння наркаманіі і незаконнаму абароту наркотыкаў шмат у чым залежыць ад наяўнасці комплекснага падыходу. Праваахоўнымі органамі, усімі зацікаўленымі суб’ектамі прафілактыцы (установамі адукацыі, аховы здароўя і інш.) вядзецца мэтанакіраваная, скаардынаваная праца. Да таго ж вялікае значэнне мае правядзенне растлумачальнай працы сярод падрастаючага пакалення пра шкоду, якую можа нанесці іх здароўю, псіхіцы і нават жыццю ўжыванне наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў.

Прафілактыка наркаманіі, выяўленне і спыненне злачынстваў і звязаных з імі правапарушэнняў у моладзевым асяроддзі з’яўляюцца найважнейшымі задачамі, якія стаяць перад органамі ўнутраных спраў і іншымі суб’ектамі прафілактыкі правапарушэнняў.

Напярэдадні летніх канікул вялікую ўвагу патрэбна ўдзяліць занятасці непаўналетніх, каб у іх не ўзнікала жадання здзяйсняць правапарушэнні, шукаць рызыкоўныя спосабы адпачынку або наркатычнага дурману, спрабаваць зарабіць на наркотыках.

Дарэчы, у апошні час павялічваецца колькасць выпадкаў, калі ў інтэрнэце моладзі прапаноўваюць зарабіць менавіта на распаўсюджванні наркотыкаў. З гэтай мэтай ствараюцца спецыялізаваныя інтэрнэт-магазіны, перадача наркотыку ажыццяўляецца спачатку кур’еру, а потым пакупніку праз пакіданне «тавару» ва ўстаноўленым месцы або ў так званых «закладках». Тое, што падлеткі з’яўляюцца пры гэтым самымі сапраўднымі распаўсюджвальнікамі, збытчыкамі наркотыкаў і, адпаведна, нясуць самую сапраўдную адказнасць згодна Крымінальнаму кодэксу, яны не ўсведамляюць. Па сваёй наіўнасці, неспрактыкаванасці моладзь уцягваецца ў гэтую страшную справу, «вылезці» з якой часам вельмі цяжка.

«Таму, – абазначыў тэму начальнік УУС аблвыканкама А.П. Васільеў, – неабходна як мага больш і актыўней інфармаваць моладзь, іх бацькоў аб гэтай праблеме. На бацькоўскіх сходах у кожнай установе адукацыі, на сустрэчах з грамадзянамі і ў працоўных калектывах, з падрастаючым пакаленнем патрэбна расказваць аб небяспецы, якую нясуць такія «лёгкія» заробкі. Прафілактыкі многа не бывае». Таксама Аляксандр Паўлавіч заклікаў камунальную службу ў выпадку з’яўлення так званых трафарэтчыкаў (тых, хто пакідае на сценах будынкаў, агароджах адрасы і тэлефоны інтэрнэт-магазінаў, што гандлююць наркотыкамі) аператыўна знішчаць іх «творчасць».

Сёння ўсімі зацікаўленымі вядзецца мэтанакіраваная праца па спыненні незаконнага абароту наркотыкаў і прафілактыцы наркаспажывання. Прынята лічыць «хто папярэджаны, той узброены», таму значная ўвага надаецца актыўнаму выкарыстанню наяўных інфармацыйных рэсурсаў. Між тым праблема гэтая па-ранейшаму вельмі актуальная, і супакойваць сябе думкай аб тым, што мы цалкам ад яе застрахаваны, нельга.

Вольга БЕЛАШ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *