Ні для каго не сакрэт, што ў справах якасць – аўтарытэт

Сельское хозяйство

Квітнеюць, пеняцца сады, цешыць душу духмяны водар. Бурштынавым агнём гарыць дзьмухаўцовы луг. З кожным днём усё ласкавей свеціць сонца. Гараджане радуюцца вясне, чакаюць надыходзячыя доўгія выхадныя.

А вось сельскім працаўнікам, як заўсёды, не да адпачынку. Ды і мараць яны не аб пякучым сонцы, а аб цёплых майскіх дажджах.

Тэма надвор’я для вяскоўцаў цяпер самая «гарачая». Хаця і кажуць, што не трэба спісваць усё на нябесную канцылярыю, аднак ёй жа не пакамандуеш. Усе пазіраюць на неба, манітораць метэасайты: з нецярпеннем чакаюць ападкаў, ад якіх шмат у чым залежыць развіццё азімых збожжавых і рапсу, стан яравых. Дожджык, які прайшоў на гэтым тыдні ў нашым раёне, надаў пасевам жыватворную сілу. Напэўна, і вы заўважылі.

Між тым менавіта дзякуючы змяненню клімату ў апошнія гады ў нашым рэгіёне складваюцца выдатныя ўмовы для вырошчвання кукурузы. Сёлета гэтай культурай земляробам Хойнікшчыны неабходна засеяць 14300 гектараў, у тым ліку 4000 – на зерне і 10300 – ня зялёны корм. На сяўбе ў раёне задзейнічана 14 сеялак. Найбольшыя плошчы, адведзенныя пад «царыцу палёў», зразумела, у самых вялікіх гаспадарках – КСУП «Судкова» і эксбазе «Стралічава».

Добра арганізавана работа на стралічаўскіх палях, у склад якіх цяпер уваходзяць і велікаборскія палеткі. Паспяваюць, так бы мовіць, па ўсіх «франтах».

Няспешна «замятаючы сляды» сваёй дзейнасці, снуюць па палях трактары, метр за метрам хаваючы пад пластам зямлі насенне кукурузы. Так паступова з кожным днём скарачаюцца плошчы пустуючых палеткаў сельгаспрадпрыемства. Пад пасевы галоўнай кармавой культуры ў эксбазе адведзена 3100 гектараў зямель.

Тут на сяўбе задзейнічаны тры механізатара. Адзін з іх – Уладзімір Мікалаевіч Савянок, які працуе з усёй самаадданасцю і бадзёрым настроем. Гэтую пасяўную ён праводзіць на новенькім трактары. Мужчына не падвядзе – гэта добра ведае кіраўніцтва і калегі. Як і не падводзяць гібрыды кукурузы беларускай селекцыі, перавагу якім аддае гаспадарка.

Аднак усім сельгаспрадпрыемствам трэба паскорыцца, бо «царыца палёў» і стаўлення да сябе патрабуе царскага.

Наталля ЧЭКАН. Фота Вольгі БЕЛАШ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *