Лепшая па праву

Сельское хозяйство

Лепшая па праву



У ганаровым пераліку тых, каго ўрачыста ўшаноўвалі ў канцы мінулага года на свяце працаўнікоў сельскай гаспадаркі раёна, прагучала і прозвішча Алены Уладзіміраўны Бяляй. Яна стала лепшай сярод маладых аператараў па адкорму і дарошчванню маладняку буйной рагатай жывёлы. Чым не нагода для сустрэчы з гэтай жанчынай? Перад паездкай на Карчоўскую малочнатаварную ферму пацікавіўся думкай дырэктара ААТ «Хойніцкі Аграсервіс» А.А. Максімовіча.



– Малайчына наша Алена, – адзначыў Аляксандр Аляксандравіч, – у рабоце яе не трэба ні падганяць, ні кантраляваць. І цяляты ў яе заўсёды накормленыя, дагледжаныя, і паказчыкі сярэднясутачных прываг ніжэй 750 грамаў не апускаюцца.



Сама Алена расказала, што ў калектыве акцыянернага таварыства яна працуе два гады. Але асаблівых сакрэтаў у прафесіі для яе не існавала і раней – маці Клаўдзія Афрамееўна амаль усё жыццё адпрацавала жывёлаводам. І Алена з дзяцінства любіла ўсё жывое. Дарэчы, на яе падвор’і і сёння, акрамя курэй і трох парсючкоў, нядрэнна ўжываюцца 3 каты і два сабакі. А любоў да жывёлы, па ўсяму відаць, перадалася і 11-гадовай дачцы Таццяне, якая разам з татам Дзмітрыем Мікалаевічам часта дапамагае маці на ферме.



Гэта толькі на першы погляд работа аператара на адкорме і дарошчванні здаецца простай і не патрабуючай асаблівых сіл: пакарміў цялятак, памяняў ім падсціл – і вольны. А калі гэтых самых цялятак 120 галоў, як у маёй субяседніцы? Ды яшчэ і раздача кармоў тут ручная, і вады гарачай трэба нацягаць з суседняга кароўніка – малым жа ў гэтыя маразы для піцця патрэбна толькі цёплая вадзічка…



Задаволена работай Алены Бяляй і ўпраўляючая Карчоўскага аддзялення «Аграсервіса» Эмма Уладзі-міраўна Жаўняк:



– Працавітасці, стараннасці і акуратнасці Алены можна толькі па-добраму пазайздросціць. У калектыве фермы яе паважаюць за шчыры і адкрыты характар, гатоўнасць дапамагчы словам і справай.
А яшчэ ў летні час цялятніцы  займаюцца зборам лекавых траў – акрамя таблетак і медыкаментаў як нельга лепш падыходзяць яны для лячэння іх маленькіх падапечных. Як сапраўдная лекарка-траўніца, Алена пералічвае мне, якая былінка ад якой хваробы дапамагае. І я разумею, наколькі любіць яна сваю справу, наколькі перажывае за сваіх такіх мілых  гадаванцаў. Так што званне лепшага маладога аператара на адкорме і дарошчванні гэтай дзяўчыне дасталося па праву.


Віктар Назаранка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *