Бліц-апытанне: а вы ведаеце, што новага чакае абітурыентаў?

Общество

Правілы ўступнай кампаніі і парадак правядзення ЦТ мадэрнізуюцца з года ў год.

Змены 2019 года закранулі падлік балаў і парадак прыёму на некаторыя спецыяльнасці. Мы спыталі хайнічан: а вы ведаеце, што новага чакае абітурыентаў?

Дзмітрый Цярэшчанка:
– Кожны абітурыент, канешне, марыць вучыцца бясплатна. Ды і бацькі разлічваюць на гэта. Таму лічу, навіна аб тым, што хоць і не нашмат, але колькасць бюджэтных месцаў вырасце, вельмі добрая для тых, хто плануе сёлета паступаць. І не толькі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, але і ў сярэднія і прафесійна-тэхнічныя. Правільна, што планаванне прыёму ажыццяўлялася на аснове дзяржзаказу, а таксама патрэбы ў кадрах Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і Міністэрства эканомікі.

Дзмітрый Казмярчук:
– Тое, што павялічаны набор на IT-спецыяльнасці, медыцынскія і спартыўна-педагагічныя – заканамерна. Сёння ж у пашане ўсё, што звязана з інфармацыйнымі тэхналогіямі. Попыт на такія прафесіі будзе як сярод абітурыентаў, так і ў будучыні сярод працадаўцаў. Час ідзе, усё мяняецца, таму ўніверсітэты імкнуцца адпавядаць сучасным тэндэнцыям на рынку працы. Гэта правільна. Чуў пра набор на новыя спецыяльнасці ў навінных тэлеперадачах і чытала ў прэсе.

Марына Сачэнка:
– Лічу зручным, што прафесійныя выпрабаванні для абітурыентаў на скарочаны тэрмін навучання будуць адзінымі. Калі будучы студэнт вырашыў здаць экзамен на абраную спецыяльнасць у адной ВНУ, ён потым з лёгкасцю зможа прэтэндаваць з гэтымі ж вынікамі на аналагічную спецыяльнасць у іншую ўстанову – дастаткова проста ўзяць выпіску. Тыкім чынам, магчымасці стаць студэнтам павялічваюцца. А ўстановы адукацыі гэта прымусіць канкурыраваць за абітурыентаў.

Аксана Цярэшчанка:
– Безумоўна, самае маштабнае новаўвядзенне, якое ўсхвалявала будучых студэнтаў, – гэта новая методыка падліку балаў ЦТ. Як я зразумела, дзякуючы ёй, абітурыент атрымае больш дакладную ацэнку сваіх ведаў. Мадэрнізаваная сістэма дапаможа ацаніць веды больш справядліва. І вынік не будзе залежыць ад таго, наколькі ўсе ўдзельнікі справіліся з заданнем: кожны правільны адказ будзе мець сваю цану. Гэта радуе.

Апытвала Наталля ЧЭКАН. Фота Вікторыі МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *