Што перашкаджае зладжанай працы?


Што перашкаджае зладжанай працы?


На мінулым тыдні адбыўся выезд мабільнай групы райвыканкама пад кіраўніцтвам намесніка кіраўніка групы,  намесніка начальніка Рэчыцкага міжраённага аддзела Гомельскага аблупраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы С.В. Кастрамы ў КСУП «Велікаборскі» з мэтай аказання практычнай і метадычнай дапамогі ў забеспячэнні захавання заканадаўства аб ахове працы, у прафілактыцы вытворчага траўматызму. У ходзе  маніторынгу малочнатаварнага комплексу сельгаспрадпрыемства, машынна-трактарнага двара,  вытворчага падраздзялення Хойніцкай ПМК, маючай аб’ект у гэтай гаспадарцы, выяўлены  парушэнні заканадаўства аб ахове працы.


Малочнатаварны комплекс не забяспечаны камплектам інструкцый аб ахове працы, не складзены пералік інструкцый на ўчастку, не вядзецца штодзённы кантроль за станам аховы працы на МТК. Дапускаецца выезд на лінію транспарту без подпісу ў пуцявым лісце адказнай за гэта асобы.



На мехдвары электрашчыт не зачынены на замок, пад калёсы аўтатранспарту, які знаходзіцца на рамонце, не устанаўліваюць упоры. Адсутнічаюць фіксатары, якія фіксуюць адкрыццё і закрыццё на варотах пры ўездзе на мехдвор, тут жа адсутнічаюць схема руху транспарту і знак абмежавання хуткасці на тэрыторыі арганізацыі. Над уязнымі варотамі на тэрыторыі мехдвара не ўстаноўлены знак, які паказвае шырыню праёма варот.



Работнікі Хойніцкай ПМК, чый аб’ект знаходзіцца ў КСУП «Велікаборскі», не азнаёмлены з праектам вытворчасці работ пад роспіс. Не праведзены паўторны інструктаж па ахове працы, а таксама праверка ведаў па пытаннях аховы працы вадзіцелю аўтамабільнага крана, адсутнічаюць інструкцыі па ахове працы для мантажніка, зваршчыка, муляра. Будаўнічы аб’ект не забяспечаны пітной вадой.



 Акрамя гэтага, на аб’екце груба парушаюцца правілы пажарнай бяспекі, што выяўлена ў час выезду мабільнай групы інспектарам групы прапаганды і навучання РАНС А.А. Чэканам. Вось прыклад парушэння элементарнага правіла пры выкарыстанні адкрытай крыніцы агню: вадзіцель крана для адагрэву рухавіка выкарыстоўвае балон з прапанам. Яшчэ адно парушэнне было заўважана пры ўваходзе ў будаўнічы вагончык – перад дзвярыма знаходзіцца і выкарыстоўваецца абагравальнік самаробнай вытворчасці, у месцы кантакту выцяжной трубы і сцяны вагончыка для ізаляцыі ад высокіх тэмператур выкарыстоўваецца шкловата, у выніку чаго ўжо адбываецца апальванне драўлянай абшыўкі – да пажару адзін крок. А вогнетушыцель у няспраўным  стане,  ціск паветра быў на нулявой метцы.



Рэкамендавана кіраўнікам сельгаспрадпрыемства  «Велікаборскі» і Хойніцкай ПМК прыцягнуць асоб, якія дапусцілі парушэнні заканадаўства аб ахове працы, да дысцыплінарнай адказнасці. Устаноўлены тэрміны ўхілення выяўленых недахопаў – да 28 лютага 2014 года.


Мабільная група райвыканкама ў складзе начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В.І. Баранава, начальніка аддзела па пытаннях занятасці і сацыяльна-працоўных адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама І.П. Грыгаровіча, супрацоўнікаў РАУС, карэспандэнта «Хойніцкіх навін» наведала сельгаспрадпрыемствы «Судкова», «Аравічы», «Веляцін», «Стралічава».


У цэлым ад убачанага склалася станоўчае ўражанне.  Работнікі разумеюць важнасць праводзімага маніторынгу па выкананню Дырэктывы № 1 Прэзідэнта Рэспубліки Беларусь, ахвотна ішлі на кантакт, акрамя вытворчых, абмяркоўвалі многія тэмы, якія датычылі пытанняў  забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва, падрыхтоўкі да выбараў дэпутатаў  мясцовых Саветаў дэпутатаў 27-га склікання.



Паўсюдна работнікі малочнатаварных ферм і комплексаў знаходзіліся на рабочых месцах, у тым ліку і абавязаныя асобы. Выяўленыя недахопы аператыўна ўхіляліся. Так напрыклад, на Храпкаўскім малочнатаварным комплексе падцякалі паілкі, і ўжо да канца  дня наведвання няспраўнасць была ўхілена.
Калі на цэнтральнай  ферме  КСУП «Судкова» пытанні выканання санітарыі  праглядваюцца, то на іншых МТФ гаспадаркі, мякка кажучы, гэтыя пытанні з поля зроку ўпускаюцца. Так, у мужчынскай бытоўцы МТФ «Езапоў» на сталах знаходзіліся шклянкі, поўныя акуркаў, праўда, яны былі адразу ж убраны. На даільна-малочным блоку эксбазы «Стралічава» абсталяванне бытавых памяшканняў новае, а парадку няма, у адной з шафаў была выяўлена двухлітровая бутэлька з малаком, гаспадар яе не праявіўся.



На Лісцвінскай МТФ КСУП «Веляцін» з 20 снежня  мінулага года ў эксплуатацыі новы  даільна-малочны блок, па сучаснай тэхналогіі вядзецца   даенне малочнага статка. Аднак яшчэ не надышла чарга для абсталявання стэндаў з неабходнай інфармацыяй, бытавых памяшканняў. Аб зімовых рацыёнах жывёлы В.І. Баранаву расказала заатэхнік гаспадаркі В.А. Кардаш. 



На  шэрагу правераных МТФ няпоўны камплект інструкцый па ахове працы, не закрыты электрашчытавыя на замок, не ўсюды маюцца аптэчкі медыцынскай дапамогі і вогнетушыцелі.
У КСУП «Веляцін» пры наведванні машынна-трактарнага двара парадавала тое, што  выканана раней выдадзенае прадпісанне: набыты новы зварачны апарат, кантрольна-вымяральныя прыборы (манометры для замеру ціску ў прапанавых і кіслародных балонах). Аднак у ходзе маніторынгу  машынна-трактарных двароў выяўлены тыповыя парушэнні  аховы працы. Не праводзяцца выпрабаванні зварачных трансфарматараў, пры рамонце падтранспартных сродкаў устанаўліваюцца выпадковыя прадметы (драўляныя дошкі, бярвёны, металічныя прадметы і г.д.). На станках адсутнічаюць таблічкі з указаннем адказных за іх спраўны стан і бяспечную эксплуатацыю. Дапускаюцца да эксплуатацыі шліфавальныя станкі  з неадрэгуляваным зазорам паміж кругам і падручнікам. Пры правядзенні  зварачных работ прымяняюцца самаробныя электратрымальнікі. Не вядуцца журналы штодзённага кантролю за станам аховы працы.



У час выездаў мабільнай групы работнікі былі правераны на алкатэсце, паказчыкі аказаліся адмоўнымі. Але, па словах загадчыкаў некаторых МТФ, у прыватнасці Пудакоўскай, такое становішча не заўсёды існуе, як толькі прыходзіць дзень атрымання зарплаты, так і ўзнікаюць праблемы, таму што аператары не прыходзяць на працу па прычыне п’янства.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *