Усяго засталося чацвёра жыхароў…


Адпраўляемся ў другую вандроўку. Вёска Маклішча. Алексіцкі сельскі Савет.



Едзем. Чаруюць зімовыя пейзажы за акном. Палі пакрыты неабсяжным белым абрусам. Дрэвы захутаны ў белыя шалікі. Нясмела залацяць небасхіл промні сонца паміж галінак. Сумёты пераліваюцца срэбным бляскам. На хатах – кашлатыя шапкі і крышталёвыя радкі ледзяшоў. Гледзячы на ўсё гэта хараство, у чарговы раз упэўніваешся, што наша палеская прырода сапраўды асаблівая! Паварочваем на Алексічы. Праязджаем Каранёўку. Гэтымі каларытнымі мясцінамі натхняўся Іван Мележ, калі пісаў свой знакаміты твор пра людзей на балоце. Пераадольваем лясныя «зігзагі» і нарэшце трапляем у Маклішча. Дарожны ўказальнік з назвай вёскі адсутнічае, па крайняй меры, мы яго так і не знайшлі.  
Хутка адрэагаваўшы на шум матора рэдакцыйнай машыны, нас на вуліцы сустракаюць сабакі. Ажно чатыры! У той момант здалося, што на гэтым мая вандроўка закончыцца – гучны брэх мясцовых «вартаўнікоў», якія акружылі аўтамабіль, шчыра кажучы, палохаў. Але тут паказалася Ядвіга Уладзіміраўна Барысенка, якая супакоіла, сказала, што баяцца сабак не трэба, яны рады гасцям, лашчацца…



– Праходзь, донька, праходзь, – ветліва запрасіла спачатку ў двор, а пасля ў дом бабуля. – Жыву я з сынам. А ўсяго нас засталося чацвёра жыхароў. Толькі дзве хаты.
Усё жыццё гаспадыні дома звязана з Маклішчам. Нетаропка адказваючы на пытанні, Ядвіга Уладзіміраўна ўспамінала сваю маладосць, вёску ў яе лепшыя часы.



– Добрая вёска была, ой, добрая, – кажа 80-гадовая бабуля, – жылі, працавалі, сябравалі. Святы гулялі хораша. У добрыя часы на стол стараліся прыдбаць, гатавалі смачнасці – прывабны пах «гуляў» па вёсцы. А цяпер дажывае наша Маклішча. Балюча гэта. Колісь моладзь на матацыклах ездзіла на танцы па бліжэйшых вёсках. У нас і свой клуб быў, але да суседзяў цікавей было з’ездзіць. Частка дзяцей вучылася ў Глінішчанскай школе, а іншая – ездзіла ў трэцюю гарадскую. Увечары ў нядзелю ехалі ў райцэнтр, там жылі тыдзень у інтэрнаце, хадзілі ў школу, а ў суботу вярталіся дамоў. Старэйшае ж пакаленне раней вечарамі ладзіла скокі пад гармонік у чыёй-небудзь хаце. Зараз жа – дом, гаспадарка невялічкая: трымаем толькі кабанчыка і курэй, ды ўвечары канапа з тэлевізарам. Вось і ўсе заняткі. Я на лёс не скарджуся. Хацелася б толькі, каб якую-небудзь кватэрку невялікую далі, маласямейку ці што. Ды каб сына, з якім жывём разам, аформілі па догляду за мной. Я ж сама ўжо ні на што не вартая, слабая…



Падзякаваўшы бабулі за шчырую гутарку, накіроўваюся ў суседнюю хату. Тут жыве Вольга Іванаўна Пархоменка. Таксама з сынам. Калі пачала пытацца ў гаспадыні пра яе жыццё, яна, ўсміхаючыся, адказала: «Шыткі тваёй, галубка, не хопіць пісаць, калі распавядаць усё пачну. Самае жахлівае – вайна. Не дай Бог такое перажыць. Зямля загінуўшымі была ўслана».



Бабуля ледзь стрымлівала слёзы ад пранізлівага болю.
– А так, пасля вайны, хораша жылі. У нас жа цудоўныя мясціны, – на адметнай маклішчанскай гаворцы расказвае Вольга Іванаўна. – Тут табе і ўрадлівыя палеткі, багатыя на ягады і грыбы лясы. Шмат рыбы ў канавах. А людзі якія выдатныя жылі! Рашанкі, Цішкаўцы, Калеснікі, Пархоменкі, Савянкі, Ярашы, Равякі, Яноўскія… Да вайны больш за сотню двароў было, пасля – шэсцьдзесят. Што ні хата, што ні сям’я – людзі працавітыя, дбайныя. Святы весела ладзілі. Вяселле дык цэлы тыдзень гулялі! У цыган пераапраналіся, у сажу пэцкаліся ды па вёсцы бегалі, у «зайца» на плоце стралялі. Шчадраваць хадзілі. Раней жа бедна жылі, дык за песню толькі бульбіну маглі даць. Ой, а колькі ткалі ды вышывалі! Адпачывалі добра, але ў асноўным працавалі старанна. Я даяркай была ў мясцовым калгасе, з чатырнацаці гадоў пайшла даіць. Цэлы дзень гаруеш, а табе за гэта стопку жыта, ды і таго рослага, дадуць. Складана было, але разумелі, што трэба. У калгасе і пазнаёмілася са сваім мужам Грышам, які пайшоў з жыцця пятнаццаць гадоў назад. У нас пяць дзяцей было – усе хлопцы. Цяпер засталося трое. З Віктарам вось разам жывём. Ён мне ва ўсім дапамагае. Трымаем коз, каня, свіней, курэй. Добра ў нас тут, у Маклішчах, спакойна. Канешне, шкада вёску, але, відаць, такі яе лёс.



Два разы на тыдзень прыязджае аўталаўка, па пятніцах ходзіць рэйсавы аўтобус, па выкліках наведвае ўрач, пенсію прыносіць паштальён,  спецтэхніка чысціць дарогі – вось бадай і ўсё, што парушае пануючую цішыню вёскі. Хаця не, яшчэ сваякі да апошніх тутэйшых жыхароў нярэдка прыязджаюць. Але ёсць адзін дзень у годзе, калі Маклішча абуджаецца – на Радаўніцу. Людзі сюды з’язджаюцца з розных куткоў свету. І вёска ажывае – бо жыве памяць у сэрцах яе дзяцей.


Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.      


 


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *