Навучыў страляць


Уладзімір Карасёў


Навучыў страляць


На палігоне грымнулі стрэлы. З трывожным крыкам узляцела з густой травы чародка птушак. З нейкай лагчынкі вынырнула спалоханае лісяня. Яно кінулася ў адзін бок, другі, але ўсюды грымела. Рэха множыла страляніну, і лісяня, канчаткова збітае з толку, страціла арыентацыю. Спынілася каля крайняй мішэні, цяжка дыхаючы…

Радавому Хайруліну здалося, што лісяня глядзіць яму прама ў вочы.

– Агонь! – скамандаваў афіцэр.

У Хайруліна, які не вызначаўся асаблівай трапнасцю, задрыжалі рукі, заскакала мушка. Салдат баяўся, што замест мішэні трапіць у лісяня. А тое, быццам знарок, прыліпла да мішэні Хайруліна, быццам лічыла яе самым бяспечным месцам.

У гэтыя напружаныя імгненні Хайрулін раптам выразна ўспомніў чаму яго вучылі: “Мушку, сумешчаную з прораззю прыцэла, падвесці пад абрэз мішэні і, затаіўшы дыханне, плаўна націснуць на спускавы кручок…”

Хайрулін стрэліў і… трапіў. Гэта было ясна па таму, як падазрона  паглядзела лісяня на мішэнь. Салдат яшчэ раз стрэліў і зноў трапіў у цэль.

Калі салдаты адстраляліся, лісяня, вільнуўшы аранжавым хвосцікам, быццам развітваючыся, нырнула ў траву і знікла.

Сярод тых, хто ў той дзень атрымаў выдатныя адзнакі за стральбу, быў і радавы Хайрулін. “Дзякуй, лісяня!” – у думках падзякаваў ён.





Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *