Пасябравалі


Уладзімір Карасёў


Пасябравалі


Ад праліўнога дажджу, што зарадзіў з раніцы, зямля раскісла. І калі Іван вяртаўся з працы, заўважыў у баку ад сцежкі, як беспаспяхова па слізкаму глінянаму схілу вожык імкнуўся запаўзці пад дрэва. Яму стала шкада звярка, вырашыў узяць дамоў, каб той абсох.

Першыя гадзіны тры вожык сядзеў каля ўваходных дзвярэй, не рэагуючы ні на малако ў сподачку, ні на кавалачкі яблыка. Потым асмялеў і пачаў абследаваць кватэру. Спадабалася яму пад ваннай. Туды ён пачаў сцягваць літаральна ўсё, што траплялася на шляху і паддавалася яго намаганням. З вуліцы Іван прынёс яму яшчэ лісця і галінак.

Па начах вожык вандраваў па пакоях. Пры гэтым гучна фыркаў і цокаў. Івану здалося, што звярку не вельмі падабаецца жыць з чалавекам, і ён вырашыў адпусціць яго на волю.

Было гэта ў нядзелю раніцай, а пасля абеду пад дзвярыма пачулася мяўканне. Здзівіўшыся, бо ў доме катоў не трымалі, Іван адчыніў дзверы і вачам не паверыў: на парозе стаяў чорны кот з пушыстым хвастом і зялёнымі вачымі, а побач – вожык. Пакуль вырашаў, што рабіць, кот шмыгнуў у пакой, а за ім, стукаючы лапкамі, пачаў пераадольваць парог і вожык.

З таго часу і сталі яны жыць у Івана. Разам ён іх выпускае на вуліцу, разам яны вяртаюцца ў дом. Прычым кот заўсёды ідзе ўслед за вожыкам, быццам прызнаючы яго права гаспадара.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *