Першы – лепшы

Образование

Так здарылася, што я не хадзіла ў дзіцячы сад. Мяне даглядала бабуля.

Але ж заўсёды з задавальненнем (і крыху з зайздрасцю) слухала сваіх сябровак, якія расказвалі аб тым, як там было весела, хто каго па-дзіцячы кахаў, як выхавальніца ставіла іх у кут за дрэнныя паводзіны. І гэта вечна такія цікавыя гісторыі, адна лепш другой. Таму мне нават зараз захацелася хоць на нейкі час стаць зноў маленькай дзяўчынкай і апынуцца ў садзіку, каб адчуць тую сяброўскую чароўную атмасферу, каб са мной гулялі, кармілі, клалі спаць.

Таццяна Кутоўская

А наведаю я яслі-сад № 1 па вул. К. Маркса. Чаму яго? Бо менавіта гэты калектыў сярод дашкольных устаноў адукацыі на чале з загадчыцай Таццянай Кутоўскай быў прызнаны лепшым па выніках работы за 2018 год і занесены на раённую Дошку гонару.

Падыходжу да садзіка. А ўжо ў дворыку раздаецца смех маленькіх хлапчукоў і дзяўчынак – яны гуляюць у даганялкі, «гарачую бульбу», катаюцца на веласіпедах, будуюць замкі з пяску, штосьці там абмяркоўваюць паміж сабой.

Аксана Радчанка

Назіраюць за дзецьмі выхавальніцы, якія пры гэтым іх і забаўляюць, супакоўваюць, калі яны разбіваюць сабе каленкі – зразумела, што за маленькімі чалавечкамі трэба глядзець ды глядзець, шустрыя ж.

Ірына Неўмяржыцкая

Мне атрымалася на хвіліначку адарваць ад работы выхавальніцу Ірыну Неўмяржыцкую, якая ўжо больш дзесяці гадоў тут працуе. Жанчына растлумачыла, што, калі знаходзішся побач з дзеткамі, заўсёды патрэбна мець добры настрой, а дыпломы і кваліфікацыя становяцца не вельмі важныя, бо галоўнае – заваяваць павагу рабятак.

Вольга Чурына

А вы згодныя з тым, што дзеці вялікія псіхолагі і падмануць іх немагчыма, а можна хіба толькі падкупіць шчырасцю? Так вось калектыў у адносінах з рабятамі і карыстаецца гэтым правілам.

Святлана Жаўняк

Ахвотна пагутарыў са мной хлопчык з сярэдняй групы Валодзя Бразгун: «Я люблю хадзіць у садзік, у мяне ёсць тут сяброўка Лера. Мы нядаўна развучылі новую песенку. А яшчэ нас смачна кормяць, асабліва падабаюцца катлеткі, суп малочны (ад рэд.: дзякуючы добрым кухаркам Наталлі Атрошчанка і Вользе Чурынай). А ведаеш, мы яшчэ ў кінатэатр ходзім».

Алена Глушакова

Пераканалася, што ў будынку любога садзіка ціха можа быць толькі ў ціхую гадзіну. Дзеці – яны такія. Зазірнула ў кабінет да намесніка загадчыцы Алены Глушаковай, яна паказала мне ўсе ўзнагароды яслі-сада ў конкурсах за мінулы год. Што ж, малайцы! Вынікі ўражваюць. Алена адзначыла: «Як бы не банальна гэта не гучала, у нас у калектыве працуюць старанныя і добрыя людзі – усяго 27 чалавек. Мы любім сваю справу, хаця і часам цяжкую. Сад наведваюць 89 выхаванцаў, з іх 21– старэйшай, 22 – сярэдняй, 41 – малодшай і 5 у спецыяльнай группах».

Наталля Атрошчанка

Сапраўды кажучы, калі б мне прадаставілася магчымасць працаваць у садзіку, то я бы адмовілася. Чаму? Бо, на мой погляд, каб стаць членам такого калектыву, патрэбна цярпенне і вялікае пачуццё адказнасці ў адносінах да дзяцей. А гэтыя якасці дадзены не кожнаму.

Вікторыя МАРОЗ.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *