Фельчар «хуткай дапамогі» Віктар Штыхноў: «Наша работа – гэта далёка не кіно»

Общество

Менавіта з гэтага іранічнага пытання мы пачалі размову: «А ў вас таксама як у серыялах – усё лёгка і проста?»

Аказалася, што не ўсё так лёгка і проста. А фільмы і ўвогуле далёкія ад рэальнасці. «Нашу работу можна ахарактарызаваць так, – дзеліцца Віктар, – дзень сядзець, а потым за гадзіну пасівець. Бывае, што толькі лёгкія выклікі ўвесь дзень, а потым такое здарыцца, што мама не гаруй!».

У медыцыне Віктар чалавек не выпадковы, хаця да яго ў сям’і з медыкаў – толькі старэйшая сястра. У асноўным усё больш настаўнікі. «Што я дакладна ведаў, – дадае Віктар з усмешкай, – што настаўнікам не буду ні ў якім разе. У маёй сям’і іх сямёра». Хаця па адукацыі (акрамя Мазырскага медвучылішча Віктар закончыў фізкультурнае аддзяленне ўніверсітэта імя Ф. Скарыны) і з’яўляецца мой субяседнік інструктарам-метадыстам лячэбнай фізкультуры, аднак працуе фельчарам выязной брыгады аддзялення «хуткай медыцынскай дапамогі» – гэта прафесія прываблівае больш. На мой погляд таму, што ў ёй больш дынамікі.

З 2001 года Віктар працуе ў раённай бальніцы. Спачатку некалькі гадоў у перавязачнай хірургічнага кабінета паліклінікі. Хірургію ведае вельмі добра, практыка, гаворыць, была выдатная. Затым дыспетчарам «хуткай», потым фельчарам.

За гэтыя гады бывала ўсялякае, прывыкнуць немагчыма. І цяжкія роды, і нечаканыя сітуацыі. Адну з іх Віктар прыгадаў: «Прыязджаем на выклік, а там чалавек, раздуты як паветраны шарык. І кажа, што нічога з ім не здарылася. А ў выніку атрымалася, што ў яго была траўма, асколкі рэбраў праткнулі лёгкае. Вось вам і нічога не здарылася».

Перад кожным выклікам, прызнаўся Віктар, адчувае нейкае хваляванне, пытаецца спрагназаваць сітуацыю. Але калі фельчар прыбывае да пацыента – то ні хвалявання, ні роздумаў не застаецца, толькі чоткія дзеянні, накіраваныя на максімальную дапамогу.

Самым цяжкім у прафесіі лічыць непасрэдна саму прафесію, калі патрэбна знаходзіцца ў стане павышанай гатоўнасці пастаянна. І дадаў, што лёгкасць таксама ў прафесіі, таму што ты дакладна ведаешь, чаго ад цябе чакаюць.

Чаго баіцца фельчар «хуткай дапамогі»? Стаматолагаў і козыту (щекотки). Як адпачывае? У цішыні, калі не патрэбна нікуды бегчы. Любіць «збегчы» на малую радзіму ў Хвойную Паляну на некалькі гадзін, з’ездзіць на рыбалку, каб атрымаць асалоду ад няспешна бягучага часу. Любіць чытаць, гэта яшчэ з дзяцінства.

Перачытвае «Майстра і Маргарыту» Булгакава, «Пяром і шпагай» Пікуля, у апошні час звярнуўся да ваеннай прозы. Але і лёгкае чытанне – фантастыку, фэнтэзі – не лічыць дрэнным, правесці час за такой кнігай не сорамна.

Аднак асноўную частку вольнага ад работы часу займае сям’я – жонка Зінаіда і дзеці Артур, Дар’я і Марыя. Сын застаўся пасля тэрміновай службы ў арміі па кантракту. Дачушкі, асабліва трохгадовая Маша, не даюць тату расслабіцца, пастаянна ўцягваючы ў свае дзіцячыя «справы». Але яму гэта толькі ў радасць.

На развітанне спытала, ці жадае Віктар, каб дзеці звязалі сваю будучыню з медыцынай. «Напэўна, не, таму што ведаю нюансы, іншыя, так сказаць, бакі работы ў белым халаце. Але калі праявяць схільнасць да медыцыны, то адгаворваць не буду. Таму што лічу, што работа павінна прыносіць задавальненне», – рэзюмаваў мой суразмоўца. І з гэтым немагчыма не пагадзіцца.

Вольга БЕЛАШ. Фота Алены СМУСЯНОК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *