Гутаркі каля вогнішча


– Вось мы гаворым, пасівеў чалавек, час прыйшоў. А што, маладых не кранае сівізна? – пытаецца дзядзька Сяргей, падварушваючы ў вогнішчы ахопленую блакітным полымем галавешку. Яна ярка ўспыхвае, асвятляючы прыбярэжныя кусты.  На нейкі час задумаўшыся, дзядзька працягвае:

– Рота аўтаматчыкаў захапілася пагоняй за адступаўшымі гітлераўцамі. Але тыя вырашылі зрабіць засаду. Камандзір роты ішоў ззаду і праз сувязных кіраваў аперацыяй. Але раптам апынуўся ў акружэнні. Боепрыпасы закончыліся, і немцы, зразумеўшы гэта, у поўны рост сталі набліжацца да яго, каб, паздзекваючыся, забіць. Лейтэнант сядзеў у акопе і глядзеў, як да яго набліжаецца смерць. З гарачкі ён расстраляў апошні патрон з пісталета і не пакінуў для сябе.

За ротай аўтаматчыкаў мы ішлі ўслед і не маглі зразумець, чаму немцы збіраюцца да кучы, сціскаючыся ў кольца, і не страляюць. Калі яны былі не больш дзесяці метраў ад акопа, а лейтэнант стаў падымацца, усё стала нам ясна. Адкрылі агонь з вінтовак. Двое немцаў уцеклі, а дзевяць засталіся на месцы. Жывы і наш лейтэнант. Толькі не змаглі яго пазнаць: быў русы, а стаў быццам крэйдай абсыпаны, хаця і было яму ўсяго дваццаць чатыры гады…

– Ад зляку, мусіць? – запытаўся Лёнька, які, затаіўшы дыханне, лавіў кожнае слова дзядзькі Сяргея.

– Хто яго ведае, – няўпэўнена адказаў той. – Жыццё салдата часам вылічваецца секундамі, нават долемі секунды. Чалавек не прарок. Загіне або пройдзе ён агонь і ваду, а потым будзе ўспамінаць ды ў думках перабіраць: а як гэта я змог выжыць у такіх умовах?

Гавораць, птушка і тая аберагае сваё гняздо і патомства, а чалавек тым больш. Вось перабярэ салдат у сваіх думках усе бесчалавечныя ўмовы жыцця і ўзарвецца: чаму і за што так? У спякоту і холад, пад дажджом і пад снегам, пад пастаяннай рызыкай загінуць ад асколка або кулі. Ды калі пракляты фашыст пераможа, то тады лепш і не жыць. Накіпеўшую злосць носіць салдат пры сабе, і ніколі яна яго не пакідае. Яна цяжэй, чым фізічная нагрузка, але яна штурхае ўперад і прымушае забываць аб небяспецы. Звярэе чалавек, інакш і не назавеш гэта. І не адчувае ён ні мароз, ні спёку, ці ёсць у яго шапка на галаве, ці няма… Так штодня, гадамі вялі справядлівую абарону Радзімы. Таму і адстаялі сваю зямлю, сваё права на свабоду.

А з другога боку, колькі ў нашага чалавека дабрыні!? Каму ён зрабіў шкоду, абразіў або забіў не яўнага ворага? Яго мяккую душу можна вызначыць не толькі ў адносінах да людзей. Ен міласэрны і да іншых істот.
Памятаю, за нейкай станцыяй у 1942-м (назвы не памятаю ўжо) занялі мы пазіцыі і правялі там двое сутак, а на трэція, зноўку адбіўшы немцаў, рушылі ўперад. Недзе раскрычаўся пеўнік. І вось салдат ідзе і як бы для аблягчэння свайго шляху разважае: не пашкодзіла б юшку з такога пеўніка зварыць. А другі дабаўляе: асабліва цяпер трэба было б, а то адна кішка другой дулю ад голаду паказвае.

Але Бог з ім, няхай пажыве пеўнік. Ен на досвітку так заліхвацкі спявае-заліваецца, быццам радуецца ўзыходу сонца і таму, што немцы не сумелі яго зжэрці.

Мы ідзем усё далей, а певень, як і належыць пеўням на самым высокім месцы быць, узляцеў на скалечаную асколкамі снарада яблыню і так адчайна гарлапаніў, напэўна падтрымліваючы сваім напорыстым духам салдат, як бы петушыным напевам падказваў: ганіце  праклятага немца!

З той станцыі немец пайшоў паспешна і мы спакойна ішлі па вуліцы амаль строем. А ў нашага камандзіра мінамётнага ўзвода лейтэнанта Калягаева падыход быў да людзей падкупны і паважлівы, з жартачкамі. Бачыць, што байцы ідуць вольна, з добрым настроем, перакідваюцца жартамі і, акінуўшы поглядам строй, сказаў: “ А ці не час і заспяваць, таварышы!?” Салдаты таксама нібы жартам адказалі: “ А чаму б не ўспомніць маладосць?..” І заспявалі:


В тоске и тревоге не стой на пороге,
Я вернусь, когда растает снег…


А камандзір, старшы лейтэнант Кавалеўскі вярхом на кані ехаў побач батальёна. Пачуў песню, весела крыкнуў: “Малайцы, мінамётчыкі!..”

…Шмат расказваў нам з Лёнькам дзядзька Сяргей франтавых гісторый. А мы, хлопцы-падлеткі, бедавалі, што нарадзіліся позна і не маглі ні самалёты варожыя тараніць, ні пад танкі са звязкамі гранат кідацца. Таму і на грудзях нашых ніводнага медаля няма.

Рыбалка з начлегам на лузе каля Дняпра – гэта было лепш  самага класнага санаторыя і ніякае мерапрыемства па выхаванню патрыятызму не дакажа тым гутаркам, якія праводзіў з намі дзядзька Сяргей. Адтрубіў ён вайну з першага дня і да апошняга. Галадаў і халадаў, гора і пакут сербануў вышэй галавы, хаваў дарагіх сэрцу таварышаў, не раз хадзіў побач са смерцю. Набліжаў жаданую Перамогу і дачакаўся радаснага салюта. Як гаворыцца, жыві ды радуйся, выкінь усё з галавы дрэннае і горкае. Ды не атрымлівалася, не выкінеш з памяці перажытае. І расказваў нам, нічога не тоячы, не хаваючы.

Даўно няма ў жывых дзядзькі Сяргея, а гутаркі яго каля вогнішча на беразе Дняпра памятаюцца да драбніц.


Анатолій КАЗМЯРЧУК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *