Беларусь турыстычная: мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць–герой», г. Брэст

Беларусь турыстычная Наши проекты

Дзеля выхавання ў нашага сына, унука, пляменніка Аляксея патрыятычнага пачуцця да сваёй Радзімы, да яе гісторыі мы штогод ладзім паездкі па Беларусі.

Адна з галоўных мэтаў нашых міні-падарожжаў – знаёмства дзіцяці з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. Наша пакаленне вырасла на парадах, калі ветэранаў вайны было яшчэ шмат, калі яны ішлі з ардэнамі і медалямі на грудзях, са слязамі на вачах. Наша дзяцінства праходзіла ў час, калі раны тых страшных гадоў яшчэ былі свежыя.

Ветэраны, на жаль, з кожным годам сыходзяць ад нас. Спроб некаторых краін трактаваць падзеі Другой Сусветнай вайны па-новаму, аспрэчваць неацэнны ўклад Савецкай арміі ў Вялікую Перамогу з кожным годам усё больш. У такіх умовах наша галоўная задача ў выхаванні дзяцей – не даць загаснуць Вечнаму агню Памяці загінуўшых за свабоду нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

У маі мы вырашылі падарыць сабе і нашаму хлопчыку новае падарожжа па Беларусі. У гэты раз абралі ваяж на аўтамабілі па Брэсцкай вобласці. І абавязковым для нас стала наведванне Брэсцкай крэпасці.

З першых хвілін, як толькі апынуліся пад вядомай зоркай над уваходам у крэпасць, мы акунуліся ў падзеі Вялікай Айчыннай вайны. З дынамікаў пачуўся гул надыходзячых самалётаў і снарадаў. Знакаміты голас Левітана паведаміў пра жахлівы напад нямецкіх войскаў на СССР, прагучаў марш «Свяшчэнная вайна». На фоне мірнай, сонечнай майскай раніцай гэтыя гукі прабіралі да дрыжыкаў, і зноў цяперашняе застаецца за плячыма, наперадзе знаёмства з цытадэллю.

Тэрыторыя крэпасці велізарная. Каб усё спазнаць, спатрэбіцца не адзін дзень. Найважнейшай для нас стала скульптурная кампазіцыя «Смага». Фігура салдата, які паўзе да вады з каскай у руцэ, нагадвае нам пра востры недахоп вады падчас абароны крэпасці. Вадаправод быў выведзены з ладу ў першы дзень вайны, а лета ў той год стаяла незвычайна гарачае. Вада была неабходная для астуджэння кулямётаў, параненым, жанчынам і дзецям – усім удзельнікам абароны. Подступы да вады ў рацэ абстрэльвалі. Ноччу бераг асвятлялі пражэктары. Шмат байцоў і камандзіраў загінула, спрабуючы здабыць каштоўныя кроплі. Пасля вайны на берагах ракі знаходзілі астанкі загінуўшых. Скульптарам удалося ў мануменце «Смага» перадаць усе мукі байцоў, якія паміралі дзеля кроплі вады. Сёння наведвальнікі крэпасці з трапятаннем кладуць кветкі ў каску, аддаючы даніну памяці і павагі мужнасці абаронцаў.

Побач з цэнтральнай плошчай крэпасці размешчаны галоўны мемарыяльны комплекс цытадэлі. Ён уключае ў сябе мемарыяльныя пліты, пад якімі перапахаваны знойдзеныя астанкі 1038 загінуўшых. І толькі імёны 277 байцоў і членаў іх сем’яў вядомыя і вынесены на пліты. Вышэй – полымя Вечнага агню. У цэнтры пляцоўкі, выдрукаванай чырвонымі гранітнымі плітамі, надпіс «Стаялі насмерць. Слава героям». Тут нясуць штодня ганаровую вахту юныя армейцы Посту Памяці. Змена варты адбываецца кожныя 20 хвілін. Моцныя ўражанні ад хлопчыкаў і дзяўчынак, якія стаяць у варце на ветры, без адзінага руху і толькі погляд скіраваны ўдалеч. Недалёка ад Вечнага агню – мемарыяльная пляцоўка гарадоў-герояў Савецкага Саюза. Адным з галоўных элементаў мемарыяла з’яўляецца стомятровы абеліск у форме штыка, які сімвалізуе перамогу над ворагам.

Галоўны манумент Брэсцкай крэпасці – скульптурная выява воіна і сцяга, вядомыя здалёк. Мужнае аблічча байца кажа пра цяжар абароны, пра тое, які подзвіг здзейснілі афіцэры, салдаты і простыя жыхары крэпасці.
Для больш поўнага пранікнення ў гісторыю крэпасці мы вырашылі наведаць адзін з музеяў цытадэлі – музей абароны. У экспазіцыі прадстаўлена каля 4 тысяч экспанатаў. Фатаграфіі, дакументы ўдзельнікаў падзей і прадметы, знойдзеныя ў розны час на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці. Ва ўсіх залах можна прачытаць лісты непасрэдных удзельнікаў падзей.

У свой першы дзень знаёмства з Брэсцкай крэпасцю мы не маглі прайсці міма Холмскай брамы. Збудаванне перажыло дзьве сусветныя вайны і два штурмы, нягледзячы на гэта вароты дастаткова добра захаваліся. Чырвоная цэгла захавала шматлікія сляды ад трапленняў куль і снарадаў, якія добра бачныя і сёння.

Брэсцкая крэпасць характэрная разнастайнасцю гістарычных месцаў, будынкаў. Непадалёк ад Холмскай брамы знаходзіцца археалагічны музей «Бярэсце». Адзіны ў Еўропе музей сярэднявечнага ўсходнеславянскага горада. Яго экспазіцыя прысвечана ўзнікненню Бярэсця ў ХІ-ХІІІ стст. Галоўны экспанат – археалагічны раскоп, у якім на глыбіні 4 метраў знаходзіцца частка рамеснага квартала – 28 драўляных жылых і гаспадарчых пабудоў, дзьве вулічныя маставыя.

Наша першае знаёмства з Брэсцкай крэпасцю было насычаным, цікавым. Мы даведаліся шмат новага аб ваенных гадах, аб тым, што першапачаткова, пасля заканчэння вайны, подзвіг абароны крэпасці быў незаслужана забыты. І толькі дзякуючы пісьменніку Сяргею Смірнову, аўтару дакументальных даследаванняў пра тых, хто загінуў і жывых героях Брэста, мы сёння памятаем і схіляем калені перад мужнасцю байцоў, трымаўшых абарону.

Спадзяемся, што хутка вернемся ў Брэсцкую крэпасць, каб наведаць «Музей вайны – тэрыторыя міру», «Музей 5 форт» і яшчэ раз прайсціся па зямлі, што памятае, якім коштам далася нашаму народу Вялікая Перамога.

Аксана СУЛТАНАВА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *