Бліц-апытанне хайнічан: што для вас Дзень Незалежнасці?

Общество

Напярэдадні 3 ліпеня мы вырашылі спытаць у хайнічан, што для іх Дзень Незалежнасці?

Аляксандр Якубаў:
– Самае галоўнае свята нашай краіны ў мяне звязана з перамогай у Вялікай Айчыннай вайне, бо менавіта тады Беларусь здабыла свабоду і незалежнасць. Мы павінны гэта шанаваць, падтрымліваць мір і парадак, які пануе ў нашай краіне.
Кожны год арганізатары імкнуцца зрабіць свята яркім і насычаным, а праграму разнастаіць так, каб яна была цікавая для старэйшага пакалення і моладзі. Не сядзіце дома, прыходзьце на свята.

Алеся Бандарэнка:
– Дзень Незалежнасці – гэта галоўнае свята для нашай краіны і для мяне асабіста. Ён святкуецца 3 ліпеня, у гэты дзень у 1944 годзе адбылося вызваленне нашай сталіцы – Мінска ад нямецкіх войскаў.
Пра тое, якой цаной дасталася наша незалежнасць, я ведаю з расказаў сваіх бацькоў. І, вядома ж, я ўвесь час наведваю святочныя мерапрыемствы, каб разам з усімі парадавацца мірнаму небу над галавой і аддаць даніну памяці тым, хто загінуў.

Віктар Радчанка:
– У гэты дзень не хочацца думаць аб дрэнным, у гэты дзень мы шчыра дзякуем за мір, свабоду, Перамогу.
Дзень Незалежнасці – светлае свята, яно шмат значыць і для нас, людзей старэйшага пакалення, выхаванага на савецкіх каштоўнасцях, і для нашых дзяцей і ўнукаў. Яны павінны шанаваць і захоўваць незалежнасць нашай краіны, не дапусціць паўтарэння страшных падзей. А мы, старэйшыя, павінны навучыць іх гэтай павагі, прывіць ім любоў да краіны, у якой яны сёння жывуць.

Надзея Дрожжа:
– Для кожнай сям’і, кожнага чалавека гэты дзень – сімвал свабоды, Перамогі. 3 ліпеня Мінск вызвалілі ад нямецкіх акупантаў, што прыдало сіл нашым салдатам.
Нам заўсёды трэба памятаць, якой цаной дасягнута гэта, трэба памятаць тых воінаў, дзякуючы якім мы сёння жывём у мірнай краіне. Кожны год разам з сям’ёй, дзецьмі Палінай, Сафіяй і Каралінай святкуем Дзень Незалежнасці, наведваем святочны канцэрт.

Апытвала Анастасія ЧЭКАН. Фота Вікторыі МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *