Надвор’е выпрабоўвае на трываласць

Сельское хозяйство

Кожнае жніво мае свае адметнасці. Здараецца, дажджы цалкам вымочваюць палеткі, а бывае час, калі пануе бязлітасная засуха. А сёлета наогул атрымалася тры ў адным.

Віды на ўраджай былі добрыя, аднак з надыходам лета становішча спраў на палетках кардынальна змянілася. Спачатку спёка пачала літаральна спальваць безабаронныя каласы, пасля па палях «прайшоўся» ўраган і, не шкадуючы, «палажыў» частку ўраджаю. І вось цяпер практычна кожны дзень ідуць дажджы, якія стрымліваюць выхад у поле камбайнаў – трэба чакаць, пакуль падсохне.

Такім чынам, значныя плошчы былі пашкоджаны, кожны дзень мы губляем долю ўраджаю: саспелае зерне абсыпаецца. Кіраўніцтву раёна і работнікам сельгаспрадпрыемстваў даводзіцца пастаянна змяняць стратэгію жніва, каб узяць з палеткаў па максімуму і рацыянальна выкарыстаць участкі, якія не выстаялі перад выпрабаваннямі надвор’я.

Хлебаробы імкнуцца правесці ўборку ў сціснутыя тэрміны, аднак рабіць нейкія прагнозы па тэрмінах завяршэння кампаніі і ўраджайнасці пакуль цяжка.

Першымі страцілі сваю жывасць пасля праезду камбайнаў участкі з рапсам – пусцеюць адзін за адным. У раёне ўжо завяршаюць уборку гэтай важнай алейнай расліны і прыступілі да збожжавых і зернебабовых. У першую чаргу прыбіраюць пшаніцу (убрана каля 30% усіх плошчаў гэтай культуры). Ураджайнасць невысокая: пакуль 24 ц/га. Але такая сітуацыя з лічбамі ва ўсёй нашай вобласці. Толькі ў некаторых раёнах, дзе ўмовы надвор’я ў перыяд выспявання збожжавых культур былі мякчэй, паказчыкі вышэй. Да прыкладу, 27-28 ц/га атрымліваюць аграрыі Мазырскага, Рэчыцкага, Ельскага і Рагачоўскага раёнаў.

Стэпавыя караблі павольна плывуць па залатых хвалях, метр за метрам жнеярка з’ядае каласкі, ззаду застаюцца роўныя, у нітачку, валкі. І едуць чарадой машыны, падстаўляючы свае кузавы пад патокі свежанамалочанага зерня. Камбайны малоцяць, грузавікі адвозяць здабытыя каштоўныя тоны, а ўслед за імі ідзе тэхніка, якая «афармляе» ў рулоны салому і звозіць яе з палёў. Вось так спраўна працуе ўборачны канвеер.

У першыя дні ўборачнай мы пабывалі ў гаспадарках раёна. Сустрэліся з «зоркамі» палёў і навічкамі жніва (дарэчы, моладзі сёлета больш звычайнага). І калі раней пачатак жніва азначаў пачатак «гонкі за тонамі», «барацьбу» паміж гаспадаркамі і асобнымі экіпажамі, то сёлета канкурэнцыя адчуваецца менш, бо ўсіх аб’яднала адна мэта – выратаваць хлеб.

Усё ж, нягледзячы ні на што, жніво – гэта надзвычай прыгожая пара, якая напаўняе душу невымоўным пачуццём і натхненнем. Доўгакрылыя гаспадары палеткаў – буслы, гуляюць па сваіх уладаннях. Родныя палі, у кожным каласку старанні, перажыванні і надзеі рупліўцаў сельскай гаспадаркі. Будзем спадзявацца, што надвор’е далей будзе міласцівым і дасць разгарнуцца аграрыям у поўную моц.

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *