Вікторыя ў «кніжным доме»

Культура

З даўніх часоў літаратура ішла бок аб бок з чалавекам. Кнігі заўсёды з’яўляліся крыніцай ведаў і ўражанняў.

Ці актуальна чытаць у наш час? Ці зможа электронная кніга замяніць звычайную? Ці з’яўляецца прафесія бібліятэкара творчай? Каб адказаць на гэтыя і іншыя пытанні я пагутарыла з Вікторыяй Буркоўскай –бібліёграфам цэнтральнай раённай бібліятэкі.

Дзяўчына вучылася ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтва. У дзяцінстве хацела стаць урачом, але любоў да чытання аказалася мацнейшай. Вікторыя гаворыць: «У школе мне вельмі падабаліся ўрокі літаратуры: чытаць, а потым абмяркоўваць творы, выказваць сваё меркаванне, стаўленне да герояў, згаджацца або супярэчыць поглядам аўтара».

Бібліёграфам яна працуе ўжо амаль адзінаццаць гадоў. Дзяўчына прызнаецца: «Нават калі б у мяне былі іншыя магчымасці, ні за што не змяніла месца працы. Магчыма, камусьці можа здацца, што гэта сумны, аднастайны занятак, але для Вікторыі Буркоўскай гэта зусім не так.

Сёння бібліятэка – гэта месца сустрэч і зносін, а не толькі атрымання інфармацыі. Менавіта таму пашыраецца сфера дзейнасці бібліятэкара. Пры складанні бібліяграфічнага спісу ён – карпатлівы навуковец, праводзячы масавае мерапрыемства – драматург, рэжысёр, артыст, а таксама пісьменнік, псіхолаг, педагог, дызайнер і адміністратар у адной асобе.

Кожны дзень Вікторыі не падобны на іншы, прыносіць знаёмства з новым: якім будзе сённяшні чытач, што прывядзе яго сюды, што прапанаваць яму, чым зацікавіць.

Кожная кніга па сутнасці сваёй – гэта фантазія аўтара. Гэтыя фантазіі быццам жамчужыны, якія адкрываюцца толькі таму чалавеку, які здольны ў поўнай меры ацаніць іх самабытнасць і прыгажосць. Бібліятэкар, як ювелір, нанізвае на тонкія нітачкі ўсе гэтыя жамчужыны. Ён не павінен прапусціць ні адну з іх, каб у поўнай меры прадэманстраваць іх унікальнасць.

У вольны ад работы час дзяўчына любіць, захутаўшыся ў плед, чытаць разам са сваім дзіцем. Яе любімая кніга – М. Мітчэл «Унесённые ветром». А наогул аддае перавагу гістарычнай літаратуры або раманам. Падабаецца творчасць беларускіх класікаў – В. Быкава, І. Шамякіна, У. Караткевіча.

Вікторыя лічыць, што і ў наш час, нягледзячы на развіццё інфармацыйных тэхналогій, чытанне – актуальна, бо гэта развіццё асобы. Што тычыцца электронных кніг, то іх яна не чытае. «У першую чаргу, кніга была і застаецца творам мастацтва. Камп’ютарнаму файлу (нават з яркімі ілюстрацыямі) не замяніць эксклюзіўнае, мастацка аформленае друкаванае выданне. Вядома, скачванне чарговага файла не параўнаць з радасцю ад набыцця новага, такога жаданага друкаванага асобніка. Яшчэ непаўторны пах старонак і ўсведамленне каштоўнасці друкаванай кнігі – усё гэта як нельга лепш пацвярджае перавагу «друкаванага слова» перад лічбавым аналагам», – адзначае суразмоўца.

Вікторыя Бурковская – яркая, творчая, начытаная, адкрытая, аптымістка. Яна мае актыўную жыццёвую пазіцыю, удзельнічае ў розных раённых мерапрыемствах, за што ёй нядаўна аб’яўлена Падзяка райвыканкама.

Вікторыя КАПІТАН, юнкар.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *