Паўвека шчасця на дваіх

Общество

У мінулую суботу Васілій Іосіфавіч і Ганна Мікалаеўна Мароз адсвяткавалі залатое вяселле.

20 ліпеня 1969 года яны заключылі шлюб у Барысаўшчанскім сельсавеце. І вось паўвека неразлучныя. Прыехалі дзеці, унукі, праўнучка, прыйшлі родныя, суседзі, сябры – назбіралася поўная хата гасцей. Такі сюрпрыз для бацькоў арганізавала дачка Галіна, астатнія ідэю падтрымалі і дапамаглі. «Залатыя маладажоны» нават ні аб чым не здагадваліся. А тут такое свята! Столькі ўвагі, падарункаў, шчырых пажаданняў, тэматычна упрыгожаны дом і мноства смачнасцей прыгатавана. А як інакш? Падзея значная! З ёй расчуленых юбіляраў прыйшла павіншаваць в.а. начальніка аддзела ЗАГС Анастасія Ціханенка, якая ўручыла віноўнікам урачыстасці памятнае пасведчанне, падарунак і зрабіла запіс у ганаровай кнізе юбіляраў.

Цяпер муж і жонка знаходзяцца на заслужаным адпачынку, а ў апошнія гады Васілій працаваў вадзіцелем у запаведніку, Ганна была загадчыцай склада гандлёвай базы райспажыўтаварыства. Былога калегу ад усяго калектыву запаведніка з падарункамі віншавала старшыня прафкама Таццяна Астудзіна.

Гуляла, кружыла вяселле, прыгадваліся падзеі шчаслівага сямейнага жыцця. Дзеці засыпалі сваіх любімых бацькоў кветкамі і падарункамі, адзін з іх – новыя залатыя пярсцёнкі, асвячоныя ў царкве. Свята атрымалася прыгожым, па-сямейнаму цёплым і вельмі эмацыянальным. Няхай дом ваш застаецца такім жа ўтульным, каб у ім панаваў дастатак і дабрабыт, і каб было больш прыемных нагод, вось так дружна збірацца разам.

Наталля ЧЭКАН.
Фота Вікторыі КАПІТАН, юнкар.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *