Жніво ў маладзёжным рытме

Сельское хозяйство

З бункера ў кузаў аўтамабіля ракой сыплецца саспелае зерне, разносячы па акрузе ні з чым не параўнальны пах. Расправіўшы крылы, нібы ветразі, закруціўся ў танцы з сінявою бусел. Ідзе жніво. Ідзе хлеб. Нялёгкі.

Аб’ектыў рэдакцыйнай фотакамеры працягвае выхопліваць каларытныя сюжэты вялікай штогадовай падзеі, якая вершыцца сёння ў полі. На гэты раз пабывалі на мележаўскай зямлі, у гаспадарцы, якая носіць імя нашага славутага земляка.

У папярэдніх нумарах газеты мы пісалі аб тым, у якіх складаных умовах надвор’я фарміраваўся і выспяваў на палетках сёлетні ўраджай і як няпроста для хлебаробаў складваецца яго ўборка. Тым не менш наш раён наблізіўся да экватара жніва. Ураджайнасць – 20 ц/га – гэта хаця і не задавальняючая, але далёка не горшая лічба. У сярэднім аграрыі вобласці збіраюць 23 ц на круг.

Хочацца асобна сказаць пра настрой людзей, пра іх парыў да плённай працы, да добрых вынікаў. Паглядзіце, якая ў постацях маладых хлопцаў – удзельнікаў жніва – гаспадарская грунтоўнасць, у абліччах – задаволенасць сваёй справай. Маладыя, але імкнуцца не саступаць вопытным калегам. У іх жа вялікая адказнасць. Адказнасць перш за ўсё перад самім сабой, перад землякамі, перад родным кутком. Бо хлеб – галоўнейшы скарб роднай зямлі.

Паралельна з уборкай ідуць і іншыя палявыя работы. Актыўна вядзецца нарыхтоўка кармоў і падрыхтоўка да асенняй сяўбы. Дарэчы, структуру пасяўных плошчаў у раёне скарэктуюць з улікам сёлетніх «урокаў».

Жніво амаль ва ўсіх асацыіруецца з сонцам, спякотай, камбайнерамі, якія цэлы дзень, з раніцы і пакуль раса не ўпадзе, за штурвалам, як на гарачай патэльні. Гарачая пара – штогод пісалі мы, а сёлета яна хутчэй халодная. Хаця канец бягучага тыдня цёплы, але гэтага недастаткова, каб «разагнацца». Але не падайце духам, мужыкі!

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *