Адчувае, што ён дома. Нават калі самога дома ўжо няма…

Год малой радзімы Общество Родныя мясціны: грэюць душу ўспаміны

У кожнага ў сэрцы ёсць патаемны куточак, дзе захоўваецца, як у скарбніцы, усё самае дарагое для нас.

Для хайнічаніна Уладзіміра Дрожжы такое месца – родная, некалі такая прыгожая вёсачка Іванаўка, у якой ён нарадзіўся і вырас.

Нават сёння яму сняцца сны аб малой радзіме. Напрыклад, быццам ад Іванаўкі да Стралічава праклалі чыгунку. Альбо, як у вёсцы пабудавалі Акадэмію навук. Усё таму, што часта ў думках блукае ваколіцамі роднай вёскі, згадвае мінулае. Раней у Іванаўцы было пад сотню двароў, пачатковая школа, клуб, магазін. А цяпер засталася ўсяго адна хата… Чарнобыльская бяда змяніла ход яе гісторыі, зрабіла кароткім яе лёс.
Вёска пачынаецца з дарогі, якая вядзе да роднага парога. Але ўжо не сустракае клёнаў шэпат, бярозак стан дзявочы і веткі бэзу каля хаты. А ўсё роўна неба здаецца над роднаю вёскай самым блакітным, самым глыбокім…

Бывала, ідзе Уладзімір Кандрацьевіч няспешна, слухае спеў птушак высока на голлі, перазвон і клёкат буслоў, які разыходзіцца па наваколлі, і адчувае, што ён дома. Нават, калі самога дома ўжо няма. Гэта якраз тое, што мы называем гармоніяй.

Хаця вельмі складаныя часы прыпалі на яго дзяцінства. Нарадзіўся ў 1942 годзе. У вайну маці і чацвёра дзяцей знаходзіліся ў партызанскім атрадзе, бацька быў на фронце. Падчас адступлення нямецкі карны атрад растраляў некалькі мірных жыхароў і спаліў палову вёскі Іванаўка, у тым ліку дом сям’і Дрожжа. Два гады яна вымушана была жыць у зямлянцы. Іванаўка выстаяла ў цяжкі час выпрабаванняў і аднавіла жыццё, як і ўвесь наш шматпакутны беларускі народ. Быў голад, хваробы… Таму зразумела, чаму Уладзімір Кандрацьевіч так шануе кожную крошку хлеба і кожны пражыты дзень. І ніколі ні на што не скардзіцца.

У 1949 годзе пайшоў у першы клас у школу вёскі Іванаўка. Пасля вучыўся ў семігодцы ў Стралічаве, а заканчваў Бабчынскую школу (да яе пешшу хадзілі восем кіламетраў). Нягледзячы на складанасці, з задавальненнем узгадвае, як падчас летніх канікул дзеці працавалі ў калгасе: палівалі гародніну, апрацоўвалі бульбу, прыбіралі сена. Тады выхаванне працай было абавязковым. У вольны час хадзілі ў лес па ягады, арэхі, грыбы – ён дагэтуль добра памятае запаветныя грыбныя і ягадныя мясціны, хвойныя бары і алешнік пры балоце. Лавілі рыбу, гулялі ў футбол, а ўзімку каталіся на лыжах. Па вечарах у мясцовым клубе збіраліся жыхары вёскі, спявалі песні, танцавалі, у бібліятэцы чыталі кнігі. Пасля вайны людзі проста атрымлівалі асалоду ад мірнага жыцця.

Бацькаўшчына – гэта святыня, якая прыцягвае нiбы магнітам. І не адыгрываюць розніцы ні ўзрост, ні адлегласць. Адсюль карані, што трывала трымаюць. Уладзімір Дрожжа добра ўяўляе бацькоўскую хату: абразы ў куце, на сценах у рамках фотаздымкі родзічаў, жалезныя лыжкі. Прысмакі, такія звыклыя, i, мабыць таму, самыя смачныя. Пухлыя блінцы, бульба са шкваркамі з печы. Водар – на ўсю хату!

У 1960 годзе Уладзімір паступіў вучыцца ў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. Адслужыў у арміі, дэмабілізаваўся ў званні лейтэнанта. У далечыні заўсёды сумаваў па роднай Іванаўцы, вяртанне дадому – самыя прыемныя пачуцці. Знаёмы скрып брамкі, заміранне сэрца каля роднага ганка, гарачыя абдымкі родных, са слязамі радасці на вачах шчаслівай мамы…

Ён працаваў інжынерам-канструктарам на рамзаводзе, інструктарам райкама партыі, галоўным інжынерам райсельгасхарчу, кіраваў саўгасамі, быў начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, дырэктарам хлебазавода, інжынерам па стандартызацыі і метралогіі ў лясгасе. З кожным месцам працы яго звязваюць добрыя ўспаміны, аднак асабліва душу грэюць тыя, якія пераплецены з родным саўгасам «Стралічава», які ён узначальваў чатыры гады (з 1976 па 1980). Да яго тут кіраваў Васілій Вараб’ёў, які шмат зрабіў для развіцця гаспадаркі, а ініцыятыўны, працалюбівы Уладзімір Дрожжа з імпэтам працягнуў яго пачынанні.

Вось, што ўзгадвае мой субяседнік: «Мы закончылі будаўніцтва комплексу па адкорме жывёлы, рэканструявалі спіртзавод і вінзавод, правялі меліярацыю зямель на плошчы 800 гектар, механізавалі жывёлагадоўчыя фермы (іх у той час было восем), пасадзілі фруктовы сад на 220 га. У сямі населеных пунктах пабудавалі лазні і асфальтавалі цэнтральныя дарогі. Тады вельмі добра людзі працавалі ў саўгасе, адказна і старанна, і, як вынік, мы мелі добрыя дасягненні і паказчыкі. Саўгас быў насенняводчы: пастаўлялі насенне збожжавых культур: жыта, пшаніцы, ячменю, аўса ў калгасы і саўгасы вобласці. Спірт адгружалі Маскоўскаму лікёрагарэлачнаму заводу і аптэчнаму ўпраўленню Міністэрства аховы здароўя БССР, наша віно набываў «Белкаапсаюз». Падчас маёй работы нашу гаспадарку двойчы наведваў першы сакратар ЦК КПБ Пётр Машэраў. Я шчыра ганаруся родным сельгаспрадпрыемствам і хачу, каб яно заўсёды квітнела! Жадаю ўсім: любіце, ганарыцеся і шануйце родны дом, родную вуліцу, родную вёску, горад і сваю краіну!».

Ёсць у Уладзіміра Кандрацьевіча патаемныя, толькi «яго» мясціны, дзе ён бачыць іншыя фарбы, чуе незвычайныя галасы роднай прыроды, толькі там гаючыя сустрэчы, толькі там – найлепшыя, здаецца, у свеце людзі.

На жаль, вуліцы Іванаўкі не поўняцца ўжо звонкімі дзіцячымі галасамі. Аднойчы і зусім знікне вёска з карты краіны, але яна ніколе не знікне з памяці яе жыхароў.

Наталля ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *