Святкавалі разам


Маладыя жыхары Хойнікшчыны, працягваючы традыцыі старэйшых пакаленняў, уносяць неацэнны ўклад у эканамічнае, сацыяльнае і духоўнае развіццё раёна і яго насельніцтва, дабіваюцца ўсё новых поспехаў, уважліва і беражліва захоўваюць памяць аб гераічных старонках мінулага роднай зямлі.


Зразумела, іх асабісты ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, прагрэсіўныя погляды на будучае не застаюцца па-за ўвагай кіраўніцтва раёна. Пацвярджэнне таму – уручэнне Падзякі райвыканкома  намесніку дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ № 3 г. Хойнікі Людміле Іванаўне Півавар (на здымку), настаўніцы англійскай мовы гэтай жа навучальнай установы Алёне Юр’еўне Сарнаўскай на адкрыцці свята каля гарадскога цэнтра культуры і спорту, прысвечанага Дню моладзі. Гэтую прыемную місію выканаў намеснік старшыні райвыканкома В.М. Шаўчэнка. Акрамя таго, майстар вытворчага навучання ДПТВ-183 Аксана Аляксандраўна Стрыкун за актыўную працу атрымала Грамату ад раённай арганізацыі БРСМ. 

Цёплым, ціхім летнім надвячоркам гукі музыкі, звонкія галасы вядучых, выканаўцаў песень лёгкакрылымі матылькамі разляталіся далёка па наваколлю і вабілі да сябе. Да “Меліяратара” за ручку, пад ручку, на ручках за кароткі час сабраўся мір народу. Адклаўшы ўсе справы, прыгожыя, прыбраныя вясёлыя кампаніі сяброў, закаханыя пары, бацькі з дзецьмі разам выплёсквалі энергію, культурна адпачываючы з карысцю для душы і цела. Прымалі актыўны удзел у конкурсна-гульнявой праграме, атрымлівалі за гэта прызы, прадастаўленыя арганізатарам мерапрыемства – раённай арганізацыяй БРСМ, ва ўсю ласаваліся рознымі прысмакамі. Словам, было смачна, весела, цікава. Стараннямі работнікаў аддзела культуры райвыканкома, райспажыўтаварыства быў створаны выдатны настрой для хайнічан.


Ірына ВАСІЛЬЕВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *