Хойничане задают вопросы депутатам

Власть

Са сваімі выбаршчыкамі сустрэліся дэпутаты райсавета Сяргей Несцярэнка і Марына Усупава.

Яны растлумачвалі нормы заканадаўства, у прыватнасці закона аб пахаванні, а таксама нагадалі аб неабходнасці раздзяляць другасныя рэсурсы.

Вуліцы Мележа, Берагавога, Камарова пасля закрыцця супермаркета і магазіна па вул. Сялянская засталіся без гандлёвых аб’ектаў. Той магазінчык, што адкрыўся ў «вагончыку» райпо на перакрыжаванні вуліц Берагавога і Мележа, не можа задаволіць усе патрэбы жыхароў. Тым больш, што ў нядзелю і панядзелак там выхадны.

Менавіта на гэта была большасць скарг жыхароў гэтых вуліц, якія прыйшлі на сустрэчу да дэпутата райсавета Сяргея Несцярэнкі. «Яшчэ ў летні перыяд, магчыма, праблема не так востра стаіць. Аднак з наступленнем зімы стане горш, як жа старыя ды без хлеба? – скардзіліся жыхары. – Можа аўталаўку можна пусціць, або на плошчы Танкістаў якога прадпрымальніка заахвоціць адкрыць прадуктовы магазін?». Пытанне гэтае пастаўлена на кантроль.

Таксама паскардзіліся грамадзяне на аўтааматараў, якія часта парушаюць хуткасны рэжым па вул. Берагавога. Дзяржаўтаінспекцыя возьме гэтыя звароты на кантроль і праверыць, як абстаяць справы. Жыхары вул. Камарова і левай часткі Берагавога прасілі якасна падыйсці да рамонту дарожнага пакрыцця: падсыпаць не каменнем вялізным, а дробавай фракцыяй, каб надолей хапіла.

Пыталіся грамадзяне і пра добраўпарадкаванне: пустуючыя дамы, у якіх ніхто не пражывае, шматкватэрны па вул. Берагавога, які пераўтвараецца ў смеццезвалку, – хто будзе там парадак наводзіць?

Жыхары так званага «былога Малішава» прыйшлі на сустрэчу да дэпутата Марыны Усупавай. Іх цікавіла пытанне ўтрымання зямельных участкаў: уладальнікі ў гэтых участкаў ёсць, а парадку на іх няма. Аддзелу землеўпарадкавання райвыканкама даручана паработаць з грамадзянамі, якія не выконваюць патрабаванняў па ўтрыманню зямельных надзелаў.

Скардзіліся на перабоі ў рабоце аўтобуса, які ездзіць па маршруту «Павільён «Таццяна» – вул. Малішаўская», некалькі разоў ён увогуле не прыязджаў. Сітуацыю патлумачыў начальнік вытворчага ўчастка філіяла «Аўтобусны парк № 6» ААТ «Гомель- аблаўтатранс» Валерый Каток, паўтарэнняў быць не павінна.

Са скаргай звярнуліся жыхары на фірму, якая паабяцала адрамантаваць выцяжку, – да работ так і не прыступілі. Пытанне таксама ўзята на кантроль.

Абмеркавалі і вываз смецця: што забірае камунальная служба, што не забірае, што патрэбна сартыраваць, а не выкідваць у агульную сметніцу. Тым больш, што кантэйнеры для збору шкла і пластыка па вуліцах ўстаноўлены.

 

Вольга Белаш.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *