Золотые юбиляры — семья Солдатенко из Великого Бора

Год малой радзімы Людзі і лёсы

Дом узорнага парадку па вул. Цэнтральнай у Вялікім Боры прыцягвае ўвагу: дабротны, прыгожы, кветкі растуць.

А ў доме жывуць ветлівыя і душэўныя людзі Любоў Васільеўна і Міхаіл Данілавіч Салдаценкі. У маі яны адсвяткавалі слаўны юбілей – 50-годдзе сумеснага жыцця. Чым не нагода завітаць да іх.

Пакуль гутару з гаспадыняй дома, Міхаіл Данілавіч займаецца гаспадарчымі справамі на прысядзібным участку. Там, дарэчы, таксама ёсць чым палюбавацца: кветкі самыя розныя, а на зямлі ні травіначкі, вінаград стварае сапраўдны навес, гаспадарчыя пабудовы ладныя ды акуратныя. Цяпліца з памідорамі-веліканамі. Ва ўсім адчуваецца рука гаспадара.

«Гэта так, – усміхаецца Любоў Васільеўна. – На ім куры і кот, на мне – гусі і сабака. Я гарод у 5 сотак даглядаю, ды кветкі, а ён па гаспадарчай частцы. Таму і атрымліваецца ўсё».

Пазнаёміліся ў 1969 годзе. Люба мясцовая, нарадзілася ў Вялікім Боры, Міхаіл – з Рагачова. Пасля заканчэння палітэхнічнага тэхнікума прыехаў працаваць у леспрамгас, ды так і застаўся на Хойнікшчыне.

Маладыя пераехалі жыць у Хойнікі, Любоў Васільеўна пайшла на гандлёвую базу, дзе і працавала да выхаду на пенсію. Міхаіл Данілавіч пасля леспрамгасу таксама некаторы час у гандлёвай сферы працаваў, а апошні час да пенсіі – у ДПТВ-183 (зараз дзяржаўны прафесійны ліцэй) вадзіцелем.

На маё пытанне «ці ўмее кіраваць гаспадыня аўтамабілем» Любоў Васільеўна адказала, што гадоў 30 не ездзіць ужо, хаця і вучылася, ёй больш падабаецца быць пасажырам. Ды і Міхаіл Данілавіч усё менш сядае за руль. Па справах у горад выбіраюцца ўсё радзей, а прадукты аўталаўка прывязе.

Узгадваючы мінулае, гаспадары расказалі, што бацька Міхаіла Данілавіча з вайны не вярнуўся, неўзабаве пасля яе і маці пакінула гэты свет. Бацькі Любові Васільеўны былі ўгнаныя ў Германію са сваімі сем’ямі, пазнаёміліся яны пасля вяртання на радзіму. Сям’я вялікая была, две дзяўчынкі і пяцёра хлопцаў. Браты, дарэчы, жывуць у Хойніках, Маладзечна і ў Іркуцкай вобласці ў Расіі. Збіраюцца ў Вялікім Боры часта, гэта ж бацькоўскі дом.

Званне дома ўзорнага парадку сям’я Салдаценкаў атрымала гадоў 10 таму, аднак працягваюць падтрымліваць і паляпшаць від домаўладання. «Не сядзім, – дзеліцца гаспадыня, – няма калі. У маладосці працавалі, бацькам дапамагалі. Думалі, што на пенсіі адпачнем. А аказалася, што і зараз спраў хапае. Пакуль можам – робім. Бо як толькі сядзеш без справы, адразу пачнеш балячкі ўсе адчуваць ды над узростам войкаць. Таму і моладзі жадаю, каб рухаліся больш, энергічнымі былі, тады ўсё атрымаецца».

Падчас усёй нашай размовы гаспадары сыпалі прымаўкамі ды жартамі, так трапна абмалёўваючымі сітуацыю, аб якой ішла гаворка. Так, пэўна, і патрэбна.

Вольга БЕЛАШ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *