Жанчына, якая выратавала горад


Аперацыя “Баграціён”, у ходзе якой была вызвалена ад ворага Беларусь, стала адной з састаўляючых Вялікай Перамогі савецкага народа над гітлераўскім фашызмам. Аднак кавалася яна не толькі на палях змаганняў, але і самаадданай працай у тыле. Жыхарка нашага горада Зінаіда Георгіеўна Гузок была сярод тых, хто не дасыпаў і не даядаў, хто большую частку сутак праводзіў каля заводскага станка і для каго лозунг “Усё для фронта, усё для перамогі” стаў сэнсам і ладам жыцця.

Нарадзілася яна ў падмаскоўным Нагінску ў сям’і былога камандзіра-ардэнаносца грамадзянскай вайны Георгія Сяргеевіча Разумчыкава ў 1923 годзе. Бацька пасля раненняў і катаванняў у белагвардзейскім палоне часта хварэў і таму ўсе хатнія клопаты і выхаванне 8 дзяцей ляглі на плечы маці. Аляксандра Андрэеўна імкнулася з маленства прывучыць іх да працы, вырасціць добрымі і сумленнымі людзьмі.

Праз год, пасля смерці бацькі ў 1938 годзе, Зінаіда, каб дапамагчы маці, пайшла працаваць на ваенны завод па выпуску боепрыпасаў. Там асвоіла прафесію кантралёра па выбракоўцы на заводскім канвееры, там жа застала дзяўчыну вайна. Прадпрыемства абаронкі адразу перавялі на ваеннае становішча і яго рабочыя днявалі і начавалі на заводзе: ад 8-мі раніцы і да 8-мі вечара дзяўчаты стаялі каля станкоў, а потым беглі ў шпіталь, дзе даглядалі параненых. 

А яшчэ, прайшоўшы курс спецыяльнага навучання азам супрацьпаветранай абароны, дзяжурылі днём і ноччу на вышках, распазнаючы гукі набліжаючыхся самалётаў фашысцкай авіяцыі. Менавіта на адным з такіх дзяжурстваў заслужыла Зінаіда Георгіеўна свой самы дарагі і памятны ваенны медаль.

…Недзе каля трох гадзін ночы пачула яна гул самалёта, які паступова набліжаўся да горада. Звязалася па тэлефоне з дзвюма астатнімі вышкамі, але дзяўчаты, якія дзяжурылі на іх, толькі пажартавалі – табе здалося. Завод у той час, акрамя пораху, куль, мінамётных мін, зенітных і артылерыйскіх снарадаў, ужо асвоіў выпуск рэактыўных снарадаў для знакамітых “Кацюш”. І хаця святломаскіроўка яго тэрыторыі адпавядала ўсім патрабаванням абароны, усполахі трубы самага “гарачага” – тэрмічнага цэха, раз за разам праразалі начное неба. Так было і той ноччу. Нягледзячы на недавер сябровак, дзяўчына не адступіла ад свайго і пазваніла ў штаб абароны, патрабуючы спыніць выкіды агню з тэрмічнага. Там магчымую пагрозу ацанілі і загадалі прыкрыць трубу спецыяльнай накрыўкай. А літаральна праз некалькі хвілін гул нямецкага бамбардзіроўшчыка прарэзаў наваколле.

Адбамбіцца яму ўдалося толькі ў раёне тэкстыльных фабрык, якія цягнуліся ўздоўж ракі Клязьмы. І хаця пасля гэтага там узніклі разрушэнні, маштаб іх нельга параўнаць з тым, што здарылася б у тым выпадку, калі б нямецкія бомбы трапілі ў склады ваеннага завода, дзе захоўвалася велізарная колькасць пораху, снарадаў, мін і куль. Нездарма ж потым людзі шчыра гаварылі Зінаідзе: “Дзякуй, дачка! Ты выратавала цэлы горад!”  Гэты ўчынак быў ацэнены медалём “За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”

Вайна ёсць вайна, але чалавек на ёй застаецца чалавекам, нават нягледзячы на самыя жорсткія выпрабаванні. Там жа на заводзе сустрэла дзяўчына і сваё першае каханне. Аднак нядоўгім было яно – муж Павел Фядотаў памёр ад ран у 1944 годзе, а Зінаіда засталася адна з трохмесячным сынам.

У 1947 годзе закончыла яна Нагінскі мяса-малочны тэхнікум. Пасля размеркавання трапіла ў Беларусь, на Брагінскі малаказавод, потым працавала ў Эстоніі, дзе і пазнаёмілася са сваім другім мужам, хайнічанінам Уладзімірам Міхайлавічам Гузком. Маладая сям’я вярнулася ў Беларусь, у наш горад.

Пасля смерці мужа ў 1959 годзе Зінаіда Георгіеўна адна паставіла на ногі трох дзяцей, замуж болей так і не пайшла. Хаця прапаноў рукі і сэрца прыгожай і статнай жанчыне, якая і сёння захавала сваю прывабнасць, канешне ж, хапала.

За час жыцця ў Хойніках нямала папрацавала яна на кансервавым заводзе, у тубдыспансеры. На заслужаны адпачынак З.Г. Гузок пайшла, адпрацаваўшы 11 гадоў білетным касірам на чыгуначнай станцыі “Хойнікі” і заслужыўшы Ганаровы знак “Ветэран Беларускай чыгункі”.

А яшчэ ў святочныя дні апранае яна пінжак, на якім красуюцца медаль Г.К. Жукава, юбілейныя медалі, медаль “50 год Вялікай Перамогі”. 8 чэрвеня Зінаіда Георгіеўна адзначыла свой 86-ты дзень нараджэння. Але ніколі не здагадаецца пра яе ўзрост недасведчаны чалавек, які на свае вочы пабачыць, як выдатна і сёння спраўляецца жанчына са сваім агародам і дамашняй гаспадаркай. Жыццёвых сіл Вам, дабрыні і здароўя, паважаная Зінаіда Георгіеўна!


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *