Пад прыцэлам наркатычнага дурману


kurenijeІнфармацыйна-прапагандысцкая група на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Ж.М. Чарняўскай правяла сустрэчу з працоўнымі калектывамі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, рэдакцыі раённай газеты і КПУП «Паліграф». Закранулі многія тэмы пры размове, у час адказаў на пытанні, але бударажыць свядомасць адна з іх. Спынімся на гэтым падрабязней.

Уся ўвага была сканцэнтравана на папярэджванні распаўсюджвання ў грамадстве такога сацыяльнага зла, як наркотыкі, да якіх адносяцца і «спайсы» – курыцельныя сумесі. Яны прадаюцца ў выглядзе травы, на якую нанесена псіхаактыўнае рэчыва. Гаворачы прасцей, галоўная небяспека спайсу ў сінтэтычным рэчыве, якое напыляецца на курыцельную аснову.

Усяго 10 грамаў такога рэагенту хапае для вытворчасці 10 кілаграмаў «спайсу».
На набіўку адной цыгарэты ідзе 0,2 грама смяротнага рэчыва. Яно можа выклікаць непрадказальныя рэакцыі арганізма: затарможанасць, страту свядомасці, псіхозы, пачуццё страху або галюцынацыі, у час якіх чалавек здзяйсняе некантралюемыя ўчынкі. Розум туманіцца настолькі, што чалавек губляе арыентацыю ў прасторы, не памятае хто ён, дзе ён, што з ім адбываецца. Замест дзвярэй можа выйсці ў акно, не зважаючы на высокі паверх. Менавіта так сёлета загінулі падлеткі ў Мінску. Не адчуваючы боль, чалавек можа нанесці сабе смяротныя траўмы. У Беларусі быў такі выпадак: хлопец разрэзаў нажом сабе жывот і выйшаў на вуліцу, трымаючы ў руках кішкі. Страшна чытаць такія прыклады? Так, але гэта магчымы рэальны вынік пасля курэння прыпраўленай атрутай траўкі.

Большасць ахвяр спайсаў трапляюць у псіхіятрычныя лячэбніцы. Адзін з такіх выпадкаў здарыўся ў нашай вобласці, калі бацька западозрыў дачку ва ўжыванні курыцельных міксаў. Па дарозе ў медустанову дзяўчынка ў паніцы вырвала пасажырскае сядзенне ў аўтамабілі бацькі. Дарэчы, ёсць такія складаныя выпадкі негатыўнага ўздзеяння псіхатропных рэчываў на псіхіку, што медыкі не ведаюць, як  іх лячыць. Сёння сітуацыя з ужываннем наркотыкаў такая: можна пасля адной спробы зламаць сабе лёс, ужо ніколі потым не пазбавіцца ад губіцельнай залежнасці.
Асноўная доля рэчываў для вытворчасці спайсаў дастаўляецца ў нашу краіну з Кітая і Расіі. Нелегальна рэалізоўвацца яны могуць сярод моладзі ў навучальных установах, на дыскатэках.

Сёлета адзін жыхар Хойнік захоўваў дома 1 кілаграм наркатычнай курыцельнай сумесі.
Усяго ў мінулым годзе ў нашым раёне выяўлена 3 такіх правапарушэнні, у гэтым годзе – 2.
На наркалагічным уліку ў вобласці састаіць 2400 чалавек, у нашым раёне – 3, але гэта згодна з афіцыйнай статыстыкай, а колькі яшчэ няўлічаных наркаманаў! Страшна тое, што пад прыцэлам наркатычнага дурману ў першую чаргу падлеткі – наша будучае. Бацькі павінны быць вельмі ўважлівымі да заняткаў, праводжання вольнага часу сваімі дзецьмі. Не пакідаць без увагі іх падазроныя паводзіны.

Увага! Першая прыкмета ўжывання спайсу – чалавек задыхаецца.
Указваць на гэта можа і паходка: калі ногі пры хадзьбе выдаюцца ўперад, а тулава ззаду знаходзіцца; пры пад’ёме па лесвіцы чалавек быццам па паветру ідзе, не адчувае апоры пад нагамі; а яшчэ сесці не можа, быццам кружыцца на месцы.
Страшна! Якое зло падкаравульвае моладзь, якая ў сваім узросце падкая на розныя «заманухі». Наіўна думае, што каб быць «не як усе», трэба паступаць насуперак правілам, спрабаваць усё забароннае. Але ж гэта крокі ў бездань, дзе няма будучага. Агульная задача дарослых – не даць падлеткам стаць на гэты згубны шлях.

Ірына ЛУКАШЭНКА.  



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *