І сваё ўбіраем, і суседзям дапамагаем

Сельское хозяйство

Блізіцца да завяршэння ўборачная кампанія. Але размах палявых работ не змяншаецца.

 Збожжа сыплецца ў кузавы машын, колькасць тысячнікаў у раёне павялічваецца. Таму працягваюцца ўрачыстасці ў іх гонар.

 На гэтым тыдні віншаванні прымаў Фёдар Канапелька, вадзіцель КСУП «Судкова», які перавёз звыш 1000 тон збожжа. Дыплом перадавіку жніва ўручыла першы намеснік старшыні райвыканкама Жанна Бажок, сельгаспрадпрыемства падзякавала падарункам.

Чарговы экіпаж-тысячнік віншавалі ў КСУП «Веляцін». Камбайнеры Аляксандр Новік і Мікалай Лысы атрымалі ад першага намесніка старшыні райвыканкама Жанны Бажок дыпломы, яна падзякавала за ўклад у агульны каравай, старанне, цярплівасць і настойлівасць. Сельгаспрадпрыемства заахвоціла тысячнікаў добрымі падарункамі. Музычны падарунак паднеслі хойніцкія артысты.

Дарэчы, КСУП «Веляцін» першым у раёне завяршыў уборку збожжавых культур. Сярэдняя ўраджайнасць у сельгаспрадпрыемстве 21 ц/га. Увогуле на 16 жніўня ў раёне было ўбрана 90,6% плошчаў.

 Не толькі ў сваім раёне камбайнеры паказваюць добрыя вынікі, але і ў Калінкавіцкім, куды адправіліся на дапамогу. Два экіпажы КСУП «Судкова» шчыруюць у суседзяў. Набралі тысячу тон камбайнеры Алег Шлёг і Віктар Чудакоў, «падбіраецца» да тысячы маладзёжны экіпаж у складзе Мікалая Краўца і Аляксандра Сцішанка. Магчыма, пакуль нумар выйдзе ў друк, нашы рабяты перасягнуць мяжу ў тысячу тон намалочаннага збожжа. Чакаем!

 Аднак адпачываць работнікам палёў пакуль рана. На чарзе – ўборка  кукурузы, затым сяўба азімых пачнецца. Расслабляцца ніхто і не збіраецца, усе настроены на плённую і не менш адказную работу.

Вольга Белаш

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *