Разведчык Сінкевіч


Сярод баявых узнагарод Васілія Мікалаевіча Сінкевіча – ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, медаль “За адвагу”. Ен беражліва захоўвае дзве Падзякі ад Галоўнакамандуючага савецкіх войск І.В. Сталіна.

На фотаздымках ён вылучаўся сярод сваіх сяброў. Высокі, шыракаплечы, з мужным тварам. З-пад пілоткі заўсёды выглядаў свавольны чуб. Такім быў Васілій Сінкевіч у маладосці.

Нарадзіўся ён у вёсцы Карчовае ў 1922 годзе, да вайны паспеў закончыць Гомельскі будаўнічы тэхнікум. Калі фашысты напалі на краіну, дабіўся адпраўкі добраахвотнікам на фронт. Ваяваў храбра, быў смелым, знаходлівым, ніколі не губляўся ў складаных абставінах.

Вось баявая характарыстыка, якую падпісаў камандзір часці Мацвееў: “… Гвардыі сяржант Сінкевіч знаходзіўся ў асобнай разведроце са снежня 1942 года па ліпень 1944 года. Паказаў сябе мужным, бясстрашным разведчыкам. Удзельнічаў у самых смелых аперацыях па захопу палонных, у разгроме варожых аб’ектаў. Разам са сваім аддзяленнем захапіў 13 “языкоў”.

Так было і пад Арлом. Перад наступленнем на горад разам са сваімі сябрамі захапілі “языка”, які даў каштоўныя звесткі.

У разгар бою за горад выявілася, што невялікая вышыня, якой не надавалі значэння, была моцным абаронным пунктам ворага. На штурм яе кінуліся разведчыкі, але перад самай вышынёй вымушаны былі залегчы. Моцны кулямётны агонь з дота не даваў падняць галаву. Сінкевіч знішчыў агнявы пункт.

Баявы шлях нашага земляка прасціраўся ад Чорнага да Балтыйскага мора. Неаднаразова быў паранены, але са шпіталя, нават не далячыўшыся, самавольна вяртаўся ў родную разведку.

Пасля вайны былы франтавік некаторы час працаваў інжынерам-будаўніком у райцэнтры і завочна вучыўся ў Мазырскім педагагічным інстытуце.  Да выхаду на пенсію працаваў педагогам у Карчоўскай школе. Настаўніцай пачатковых класаў была і яго жонка Вольга Іванаўна. Сінкевічы нарадзілі і вырасцілі сына і чатырох дачок, маюць пяць унукаў і трох праўнукаў.

Раненні, атрыманыя ў час вайны, даюць аб сабе знаць. Цяпер Васілій Мікалаевіч практычна прыкаваны да ложка. Яго даглядае жонка. Вольга Іванаўна шчыра дзякавала мясцоваму бібліятэкару Алене Аляксандраўне Папцінай, якая на свята Вялікай Перамогі сёлета прыйшла да Сінкевічаў дамоў разам з юнымі чытачамі, якія павіншавалі са святам песнямі і вершамі. Гэта было вельмі кранальна, таму што  Васілій Мікалаевіч у маладосці быў адмысловым музыкантам – іграў на балалайцы і мандаліне.

Летам Сінкевічы жывуць у Карчовым, а на зіму іх забіраюць жыць да сябе ў Мазыр дочкі Ніна і Святлана.
В.М. Сінкевіч – адзін з тых, каму мы абавязаны сённяшнім мірным днём.


Клаўдзія МІКАЛАЕВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *