Палкоўнік Новік


У такім чыне пайшоў у адстаўку наш зямляк, ураджэнец вёскі Паселічы Васілій Сяргеевіч Новік, чый жыццёвы шлях абарваўся тры гады таму назад у Санкт-Пецярбурзе. З паўночнай сталіцай Расіі было звязана яго пасляваеннае жыццё.

Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны Васілій паспеў закончыць школу і марыў аб прафесіі ваеннага. Атрымалася так, што азы гэтай суровай навукі ён пачаў асвойваць з першых дзён жорсткага ліхалецця ў баі пад Рагачовам.

Быў разведчыкам, асабіста ўзяў чатыры “языкі”, звесткі, атрыманыя ад іх, дапамаглі нашым войскам сарваць планы фашыстаў у ходзе добра падрыхтаваных аперацый.

В.С. Новік ваяваў у саставе І Беларускага, Заходняга і Прыбалтыйскага франтоў. З’яўляўся начальнікам дывізіёна, камандзірам палка, брыгадзірам дывізіі, камандаваў артылерыйскай батарэяй, быў начальнікам штаба палка і намеснікам начальніка штаба брыгады.

…У 1943 годзе яго полк вёў баі на Курскай дузе. Задыхаючыся ў агні, біліся гвардзейцы з ворагам. Пятнаццатую атаку яны адбівалі, замацаваўшыся на невялікім плацдарме. Наперадзе іх у акопе знаходзіўся Новік. Спакойна і ўпэўнена карэкціраваў ён агонь артылерыі. А там, каля сотні метраў ад цэнтральнага назіральнага пункта, прама на камандзіра разварочвалася 10 варожых танкаў. За імі ішла пяхота. Новік меў магчымасць адпаўзці назад, пазбегнуць смяротнай пагрозы. Але не такі быў ён, каб адступіць.

– Я – Новік! – адазваўся на выклік сувязіста. – Вакол мяне немцы. Агонь вядзіце на мяне.

Прайшлі секунды, уздрыгнула зямля. Чорным дымам акуталіся два варожыя танкі. Страціўшы іх і амаль роту салдат, фашысты вымушаны былі адысці. Байцы вызвалілі кантужанага Новіка з абваліўшагася акопа і накіравалі ў медсанбат. За гэты подзвіг Васілій Сяргеевіч Новік быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

Гэта толькі адзін з франтавых эпізодаў з удзелам ураджэнца Хойнікшчыны. А колькі іх было за доўгія чатыры гады вайны! І ва ўсіх іх наш зямляк дэманстраваў прыклад гераізму і адвагі.

Пасля дэмабілізацыі закончыў Ленінградскую артылерыйскую акадэмію, навучаў ваеннай справе новае пакаленне абаронцаў Айчыны.

Аб сваім браце мне расказала сястра Новіка Галіна Сяргееўна, якая цяпер жыве ў Гомелі, у час прыезду на адкрыццё помніка-Каменя ў нашым райцэнтры.

– Не было ў нас шчаслівага юнацтва, яго ў нас забрала вайна, – гаварыла жанчына.  – Але заўсёды застаюцца надзея і спадзяванне, што яно такім будзе ў нашых дзяцей і ўнукаў.


М. СКРЫПЧАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *