У чым сакрэт «малочных» поспехаў?

Сельское хозяйство

bondarenkoСельгаспрадпрыемства «Веляцін» займае вядучыя пазіцыі ў раёне па вытворчасці малака. Аб тым, як яго жывёлаводам удаецца трымаць узятую высокую планку, размова з дырэктарам гаспадаркі А.У. Бандарэнкам.

– Анатолій Уладзіміравіч, у той час як большасць гаспадарак нашага раёна мінусуе па малаку да адпаведнага ўзроўню мінулага года, ваша сельгаспрадпрыемства – сістэмна прыбаўляе. У чым сакрэт поспеху жывёлаводаў?

– Сакрэтаў ніякіх няма. Стаўку робім на чатыры асноўныя фактары: селекцыйную работу, сбалансаванасць рацыёну кармлення, захаванне патрабаванняў тэхналогіі даення і, канешне, падбор кадраў.

Адной са складаемых эфектыўнай працы малочнай галіны з’яўляецца фарміраванне элітнага статка. Селекцыйная работа, накіраваная на павышэнне прадукцыйнасці жывёлы, высокі генетычны патэнцыял, у нас на ўсіх фермах – у аснове асноў. Дойны статак павялічваем менавіта за кошт жывёл з ярка выяўленымі малочнымі якасцямі. Безумоўна, гэты працэс не хуткі. І тут нельга не адзначыць плённую работу тэхнікаў-асемянатараў Аляксандра Дземідзенкі і Ірыны Гаппасавай.

Высокія надоі ў многім атрымліваем і дзякуючы якасным кармам, сбалансаванасці іх рацыёну. Вяскоўцы спрадвеку лічаць: «Як карову накорміш, так яе і падоіш». Стараемся забяспечыць такую структуру кармлення, каб пастаянна працаваў зладжаны канвеер. Удаецца гэта як за кошт стараннай работы механізатараў на нарыхтоўцы травяных кармоў, так і шляхам набыцця неабходнай колькасці камбікармоў, кармавых дабавак. Такім чынам, жывёле выдзяляюцца толькі якасныя кармы, прычым кожнай групе кароў у залежнасці ад іх фізіялагічнага стану – свой рацыён.

Створаныя ўмовы кармлення і даення жывёлы дазваляюць атрымліваць прыбаўку малака. Але мала добрага пагалоўя, багацця і разнастайнасці кармоў, калі няма адладжанай работы жывёлаводаў – аператараў машыннага даення, даглядчыкаў жывёлы, усіх, хто працуе на фермах. Нашы людзі па-сапраўднаму працавітыя, руплівыя, дбайныя гаспадары. Умела і кампетэнтна кіруюць працэсам вытворчасці малака галоўны заатэхнік Святлана Германенка, заатэхнікі Валянціна Кардаш і Алеся Кандрацюк, а таксама галоўны ветурач Яўгенія Кардаш.

Адзначу, што мы павысілі патрабаванні да ўсіх работнікаў па захаванню вытворчай і працоўнай дысцыпліны. Малочная жывёлагадоўля – галоўны сродак умацавання фінансавага становішча любой гаспадаркі. Выкананне тэхналогій дае магчымасць нарасціць аб’ёмы вытворчасці, знізіць выдаткі, павысіць эфектыўнасць, што, у сваю чаргу, прыводзіць да павелічэння прадукцыйнасці працы і росту заработнай платы. А калі з’яўляецца матэрыяльны стымул, змяняецца і псіхалогія стаўлення людзей да справы.

– На словах усё добра, а аб чым сведчаць лічбы?
– На сённяшні дзень на нашых чатырох малочнатаварных фермах утрымліваецца 1210 галоў дойнага статка. Па стану на 27 сакавіка валавы надой склаў 16250 кілаграмаў, а гэта 110% да ўзроўню мінулагодняга паказчыка. Сярэднясутачны надой на карову па гаспадарцы – 13,3 кг супраць 12,3 у мінулым годзе.

У развіццё малочнай жывёлагадоўлі ў нашым раёне ўкладваюцца велізарныя сродкі – вядзецца будаўніцтва сучасных комплексаў і рэканструкцыя ферм. Тэхналагічны прарыў закрануў і нас. У канцы мінулага года быў уведзены ў дзеянне даільна-малочны блок у Лісцвіне. І аддача ад яго ўжо ёсць. Тут дояць па 16 літраў малака ў суткі, у мінулым годзе надой на карову складаў 10 кілаграмаў. Шэсць літраў – плюс адчувальны.

На Пудакоўскай ферме атрымліваюць па 15 літраў малака ў суткі, і гэта, падкрэслю, на старой вытворчай базе. Жывёлаводы Звеняцкоўскай і  Веляцінскай МТФ маюць у сярэднім па 13 кілаграмаў. Малако здаём гатункам экстра або вышэйшым.

У 2015 годзе запланавана ўвядзенне ў эксплуатацыю сучаснага жывёлагадоўчага комплексу ў Пудакове на 600 галоў. Да верасня сёлета будзе закончана будаўніцтва памяшкання, наваселле ў ім чакаюць 350 цялушак, якія павінны  расцяліцца да канца года.

– Паказчыкі нядрэнныя, але і ў бочцы мёду можа знайсціся лыжка дзёгцю. Якія праблемы лічыце самымі актуальнымі?

– Напэўна, адной з самых вострых з’яўляецца недахоп ветурачоў. Мы падалі заяўкі ў навучальныя ўстановы, цяпер застаецца чакаць размеркавання. Дарэчы, стараемся максімальна садзейнічаць замацаванню маладых спецыялістаў у гаспадарцы: давяраем адказныя пасады, прадастаўляем жыллё, заахвочваем матэрыяльна.
Што датычыць п’янства ў асяроддзі жывёлаводаў, то вядзём з ім сур’ёзную барацьбу. За кошт гаспадаркі і яе транспартам накіроўваем людзей на кадзіраванне ад алкагалізму. Прыемна адзначыць, што  людзі зразумелі: калі лепш працаваць – можна больш зарабляць. Даяркі стараюцца, у некаторых выходзіць зарплата па 6-7 млн. руб.
На пасадзе дырэктара сельгаспрадпрыемства я толькі з кастрычніка мінулага года. Хачу выказаць шчырыя словы ўдзячнасці свайму калектыву за разуменне і падтрымку. Без зладжанай работы ўсіх работнікаў таго, што дабіліся, не было б. Упэўнены, што разам мы здольны і зможам яшчэ больш.

 Гутарыла Наталля ЧЭКАН.  



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *