Малая родина — Рашев

Год малой радзімы

Сустрэчы ў Рашаве як глыток дзяцінства.

Чацвёрты год арганізоўваюць у сваёй роднай вёсцы, якой, на жаль, няма ўжо на карце раёна, сустрэчы яе былыя жыхары.

Рашаў. У 1991 годзе ў сувязі з сумнымі для нашай краіны падзеямі была адселена. Жыхары раз’ехаліся амаль па ўсяму свету. Раз’ехаліся, але не забылі родныя мясціны. Таму і вырашылі сустракацца не толькі на Радуніцу, але і на прастольнае свята вёскі – Прачыстую (28 жніўня). Раней гэта было вялікае свята, людзі адзін да аднаго ў госці хадзілі, шырока святкавалі.

У гэтым годзе сабраліся 25 жніўня. Землякі, аднакласнікі… Прыязджаюць з дзецьмі, унукамі, многія з якіх нават і не нарадзіліся ў Рашаве, але ім вельмі цікава паглядзець на родныя мясціны продкаў.

Напярэдадні сустрэчы з сынам навялі парадак, абкасілі тэрыторыю. Сустрэць гасцей хацелася як належыць.

Калі ўсе сабраліся, наведалі мы месцы пахавання, паўспаміналі тых, каго няма больш побач з намі, узгадалі вёску, якой яна некалі была.

Канешне, не ўсе маюць магчымасць кожны раз прыязджаць на сустрэчу. Але ж адзначу Маісея Прымака, 88-гадовага ўраджэнца Рашава – ён прыязджае кожны год. Прыехаў у гэтым годзе і Андрэй Аўдзеенка, дырэктар ЦБП ААТ “АСБ “Беларусбанк” у г. Рэчыца. Яго бацька родам з Рашава, сам Андрэй выказаў пажаданне ўстанавіць у вёсцы паклонны крыж, каб усе, хто прыязждае, мелі магчымасць пакланіцца тым, каго з намі няма, падзякаваць, што жыццё працягваецца. Дарэчы, кожны прывязе з сабой каменчык і ускладзем іх ля падножжа крыжа. І абавязкова асвецім.

Гледзячы на нашых суайчыннікаў з Амелькаўшчыны, мы таксама ўстанавілі альтанку, каб было дзе збірацца. Пасля ўрагану без просьбаў і напамінаў былыя жыхары самастойна прыбралі паваленыя дрэвы на могілках. Адно непакоіць – дарога зусім дрэнная, праехаць даволі складана. Магчыма арганізацыі, на чыім балансе знаходзіцца дарога, маглі б дапамагчы і яе расчысціць. Мы былі б вельмі ўдзячныя.

Міхаіл Аўдзеенка, г. Хойнікі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *